РУС БЕЛ ENG 中文

Супрацоўніцтва з Кітаем і міжнародныя перамогі. Аб творчых магчымасцях гімназіі № 5 Гродна

06.05.2025

Навучэнцы гімназіі № 5 імя У.С.Караткевіча Гродна з радасцю спяшаюцца на заняткі па музыцы, сальфеджыа, тэатральным майстэрстве і танцах, выяўленчым мастацтве. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Музычнае аддзя­ленне ў нашай установе было адкрыта ў 1998 годзе і стала чацвёртым напрамкам развіцця творчага патэнцыялу дзяцей разам з мастацкім, харэаграфічным і тэатральным, якія ўжо былі на той момант, — адзначае дырэктар гімназіі Вольга Хітрушка.

Сёння ў 5-й гімназіі з асновамі музычных ведаў і ўменняў знаёмяцца 19% навучэнцаў, або 200 чалавек. Дзеці вучацца ігры на гітары, цымбалах, флейце, кларнеце, акардэоне, скрыпцы і, вядома, фартэпіяна.

— На ўсіх эстэтычных кірунках у нас працуюць 43 педагогі, і музычны прадстаўлены самай значнай камандай — 20 настаўнікаў, — дадае Вольга Генадзьеўна.

Іграць на фартэпіяна гро­дзенскіх гімназістаў ужо больш за 20 гадоў вучыць Марына Станулевіч.

— У нашых юных музыкантаў кожны тыдзень ёсць адразу пяць урокаў па выбраным творчым кірунку: сальфеджыа, хор і вакальны ансамбль. Плюс два 45-мінутныя індывідуальныя заняткі з настаўнікам музыкі па праграмах музычных школ, — тлумачыць Марына Генадзь­еўна.

Сёння з асновамі ігры на клавішным інструменце яна знаёміць 14 гімназістаў з 2 па 9 клас. Выдатна ведае іх моцныя і слабыя бакі і тое, з чаго важна пачаць заняткі.

— У музычную педагогіку прыйшла з-за любові да творчасці. Але ў маім выпадку такі шлях самарэалізацыі — самае гарманічнае спалучэнне двух імкненняў. У 4-й школе Ліды, якую я скончыла, мне заўсёды прадказвалі настаўніцкую сцежку, — з усмешкай дзеліцца педагог.

Успамінае, як упершыню на пасадзе канцэртмайстра пераступіла парог 5-й гімназіі (тады сярэдняй школы № 21). Маючы ўсяго 6 педагагічных гадзін у тыдзень, змагла ўлюбіць маленькіх чамучак у свет музыкі. Са сваімі першымі вучнямі Марына Станулевіч па сённяшні дзень падтрымлівае сяброўскія адносіны. А з цяперашнімі выхаванцамі працягвае актыўна ўдзельнічаць у розных творчых сустрэчах і конкурсах.

— Сёлета мае юныя таленты сталі лаўрэатамі рэспубліканскага фестывалю-конкурсу беларускай музыкі “Вянок дружбы”. Галоўнае ў нашай рабоце не столькі смак перамог і дасягненняў. Падчас музычных заняткаў дзеці вучацца адчуваць, суперажываць, быць шчырымі і адкрытымі. Мы актыўна выбудоўваем дыялог у тым ліку з бацькамі, падтрымка і разуменне з іх боку вельмі важныя для дзяцей, — працягвае Марына Станулевіч.

Даць дзецям максімум і навучыць важнаму стараецца кожны педагог гімназіі. Ілюструючы гэта, Марына Генадзьеўна прыводзіць у прыклад уласных дзяцей.

— Старэйшы Руслан скончыў гімназію і ўспамінае яе толькі з цеплынёй і добрым словам. Пра тое, наколькі настаўнікі-прадметнікі ўмеюць настроіць дзяцей праца­ваць на вынік, свед­чаць факты: старэйшаму сыну на 2 курсе БДУІР была прызначана прэзідэнцкая стыпендыя, а малодшы Артур — дзесяцікласнік — сёння ўпэўнена рухаецца да залатога медаля, — адзначае настаўніца музыкі.

Заняткі праводзіць настаўніца музыкі Марына Лаўрык

5-я гімназія Гродна даўно зарэкамендавала сябе як самая творчая адукацыйная пляцоўка вобласці. Тут дзейнічае сем узорных творчых калектываў, два з іх сфарміраваны з вучняў музычнага аддзялення. Гэта ўзорны хор “Элегія” і вакальная студыя “Кансананс”.

— У мінулым навучальным годзе са 197 заваяваных нашымі навучэнцамі дыпломаў 56 належаць менавіта выхаванцам музычнага кірунку, прычым 25 з іх — міжнароднага ўзроўню. Пры гэтым пяцёра выпускнікоў 9 класа паступілі ў каледжы Гродна, каб працягнуць навучанне па выбраным музычным профілі, — звяртае ўвагу Вольга Хітрушка.

Акрамя таго, у інтарэсах навучэнцаў наладжана актыўнае творчае ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі КНР.

 З 2019 года яно вядзецца ў рамках дагаворных адносін паміж Гроднам і горадам Ланьчжоу правінцыі Ганьсу. А з 2022 года на базе нашай гімназіі арганізавана работа філіяла кафедры музычнага мастацтва ГрДУ імя Янкі Купалы. Сёлета такое партнёрства атрымала новы віток. Да традыцыйнага справаздачнага гадавога канцэрта нашы вучні рыхтуюць сумесны нумар з магістрантамі Купалаўскага ўніверсітэта з Кітая.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: