РУС БЕЛ ENG 中文

У Шчучыне тэхнагіяда для вучняў інжынерных груп сёлета перарасла ў цікавы тэматычны тыдзень

18.04.2025

 

У мінулым годзе ў Шчучыне першымі ў вобласці арганізавалі тэхнагіяду для вучняў інжынерных груп. А сёлета цікавую ідэю пашырылі да фармату тэматычнага тыдня. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Cтартаваў тыдзень з хакатону па факультатыўным курсе “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. Гэта камандны фармат спаборніцтва, які стаў выдатнай магчымасцю для гімназістаў і школьнікаў раёна прая­віць свае веды па праграме факультатыву, — звярнула ўвагу намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько.

Ва ўстановах адукацыі ў межах тэматычнага тыдня ўпершыню прайшла сустрэча шырокага фармату для педагогаў і бацькоў вучняў інжынерных груп. Па відэасувязі пра перавагі навучання па згаданым профілі гаварылі ў тым ліку прадстаўнікі вышэйшай школы.

Адным з яскравых мерапрыемстваў тэматычнага тыдня стала адкрыццё інжынерна-тэхнічнага цэнтра на базе сярэдняй школы № 1 Шчучына.

— Гэта сучасная прастора, дзе можна займацца 3D-мадэ­ляваннем і робататэхнікай. З яе магчымасцямі будуць знаёміцца не толькі старшакласнікі нашай навучальнай установы. Сутнасць цэнтра заключаецца ў яго назве — “ТехноМИР”, дзе абрэвіятура чытаецца як “матэматыка, інфарматыка і робататэхніка”, — адзначыла дырэктар школы Марына Адашчык.

У дзень адкрыцця цэнтра вучні групы інжынернай накіраванасці прадэманстравалі свае веды па профілі. Напрыклад, для гасцей яны падрыхтавалі тэматычныя сувеніры — надрукаваныя на 3D-прынтары трохвымерныя лагатыпы цэнтра.

— На дасягнутым спыняцца не плануем, — дадала Марына Паўлаўна. — Анансавалі праект “Пагружэнне ў рэальнасць”. Ён прадугледжвае выкарыстанне віртуальных акуляраў не толькі ў межах факультатыву. Не выключаем актуальнасць гэтага атрыбута сучаснасці і на занятках прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін.

Падчас тэматычнага тыдня арганізавалі яшчэ і адзіны дзень практычных заняткаў “Ствараем і даследуем”.

— Базамі для яго правя­дзення сталі адразу некалькі прадпрыемстваў, з якімі цесна ўзаемадзейнічаем пры пад­рыхтоўцы будучых спецыялістаў выбранага профілю. Гэта ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”, ТАА “Праймілк” і іншыя, — звярнула ўвагу Жанна Мецько. — Калі школьнікі знаходзяць тэарэтычным ведам прымяненне ў жыцці, атрымліваюць адказы на свае пытанні, то засвойваюць прадмет значна лепш. Гэтаму спрыяе і раённая тэхнагіяда. Такая форма работы — выдатная магчы­масць для дзяцей выкарыс­таць атрыманыя веды на практыцы. Прычым спаборніцкі момант тут служыць дадатковым стымулам для пазнавальнай і творчай актыўнасці.

Непасрэдна ў дзень правядзення другой па ліку раённай тэхнагіяды “Свет інжынерыі: адкрыцці і магчымасці” будучыя інжынеры прадставілі свае цікавыя распрацоўкі і праекты. Яны дэманстравалі ўзровень ведаў і будавалі дыялог у тым ліку з патэнцыяльнымі заказчыкамі кадраў.

Інжынерныя групы ў Шчучынскім раёне арганізаваны ў пяці ўстановах адукацыі, і вучацца ў іх больш за 60 чалавек.

Выпускнікамі ў гэтым го­дзе стануць 26 вучняў, і многія з іх настроены працягнуць вучобу па выбраным профілі.

— У нашай гімназіі сёлета найбольшая колькасць выпускнікоў — 15. Мы працуем у цесным супрацоўніцтве з заводам “Аўтапровад”. Кожную трэцюю (для 10-х класаў) і чацвёртую (для 11-х класаў) пятніцу месяца нашы вучні ўдзельніча­юць у арганізава­н­ых прадпрыемствам мерапрыемствах. Дзесяцікласнікі на працягу навучальнага года знаёмяцца з усімі 5 цыкламі вытворчасці, а вучні 11 класа падрабязна ўнікаюць у арганізацыю некалькіх з іх на выбар, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Шчучына Святлана Цёмная-Шчанёва.

Яна таксама дадала, што грані партнёрства ўстановы адукацыі з прадпрыемствам прадстаўлены не толькі сустрэчамі азнаямленчага плана. У гэтым годзе дзесяцікласнікі, напрыклад, пачалі працаваць над даследчым праектам сумесна з работнікамі прадпрыемства. Размова ідзе пра даследаванне якасці выпускаемай прадукцыі пры ўмове мінімальнага ўдзелу ў гэтай справе чалавека.

— Такая ўцягнутасць у працэс знаёмства з прафесіяй — гарантыя атрымання правільнага і шырокага ўяўлення аб ёй, — дадала Святлана Аляксандраўна.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: