РУС БЕЛ ENG 中文

Аб чым мараць сёлетнія выпускнікі інжынернай групы сярэдняй школы № 1 Карэліч

01.04.2025

Сёлета выпускнікамі стануць 10 навучэнцаў інжынернай групы сярэдняй школы № 1 Карэліч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пачынаючы з 10 класа юнакі і дзяўчаты на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку і фізіку. Іх выбар невыпадковы: менавіта гэтыя прадметы стануць для іх профільнымі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі і дапамогуць у авалоданні прафесіяй у галіне інжынерыі. Грунтоўныя веды даюць настаўніцы інфарматыкі Людміла Іванаўна Крывіцкая і фізікі Ларыса Вікенцьеўна Буляк.

Навучэнка інжынернай групы Ульяна Масюк задаволена выбарам профілю, бо ўпэўнена, што атрыманыя ў школе веды дапамогуць не толькі паступіць у выбраную УВА, але і паспяхова вучыцца там:

— Інжынерыя сёння прымяняецца ў розных сферах. Мы вывучаем і машынабудаванне, і праграмаванне, атрымліваем глыбокія веды ў галіне тэхнікі, знаёмімся са спецыфікай інжынерных прафесій. Карыснымі для нас сталі паездкі на прадпрыемствы, дзе мы знаёмімся з асаблівасцямі будучых прафесій.

Ульяна вырашыла паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі на спецыяльнасць “Арганізацыя паветранага руху” (прафілізацыя “Лагістыка авіяцыйных перавозак”) альбо на спецыяльнасць “Захаванне бяспекі на паветраным транспарце”.

— Люблю самалёты. Натхніў і першы палёт у космас беларускі Марыны Васілеўскай. Нядаўна прымала ўдзел у праекце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі “Курсант на адзін дзень”. Адправіла матывацыйны ліст, патлумачыўшы, чаму хачу стаць курсантам, прайшла адбор і атрымала запрашэнне. Да паездкі мела толькі павярхоўнае ўяўленне пра будучую прафесію, але, пабываўшы ў акадэміі, загарэлася яшчэ большым жаданнем пасту­паць туды, — з захапленнем паведаміла дзяўчына.

Навучэнцы інжынернай групы  праводзяць  праф­арые­н­тацыйныя мерапрыемс­твы з малодшымі школьнікамі, знаёмяць іх з тэхнічнымі прафесіямі.

— Мы праводзім вельмі шмат віртуальных экскурсій, бо не заўсёды ёсць магчы­масць выехаць на прадпрыемствы, — расказала настаўніца інфарматыкі Людміла Крывіцкая. — Некалькі разоў арганізоўвалі сустрэчы з інжынерамі прадпрыемстваў раёна, вынаходнікамі, каб дзеці разумелі, што інжынер — запатрабаваная прафесія. Праводзілі ў школе інжынерны тыдзень, на якім паказалі не толькі атрыманыя веды, але і праявілі творчасць. Хочацца падзякаваць супрацоўнікам БНТУ, якія ўвесь час аказва­юць нам метадычную дапамогу.

Дарэчы, школа заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Навучэнцы пабывалі ва ўстанове вышэйшай адукацыі на дні адкрытых дзвярэй.

— Мы зразумелі, што запатрабаванасць прадпрыем­ствамі інжынерных спе­цыяльнасцей вельмі вялікая. Дзяржава актыўна падтрымлівае такую ініцыятыву. Наша задача — захапіць тэхнічнымі спецыяльнасцямі старшакласнікаў, даць неабходныя веды, — дадала настаўніца фізікі Ларыса Буляк.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: