Дырэктар Елкаўскай сярэдняй школы ганарыцца, што педагогамі сталі абедзве яго дачкі
04.03.2025Дырэктар Елкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Анатоль Лебедзь з гордасцю адзначае, што яго дзеці таксама выбралі настаўніцкі шлях. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пра педагагічную дынастыю звычайна кажуць, калі ў адукацыйнай сферы працуюць прадстаўнікі трох і больш пакаленняў адной сям’і. У выпадку з кіраўніком школы ў аграгарадку Елка размова ідзе пра два пакаленні, але адразу пра чатырох педагогаў. Настаўніцтва выбралі для сябе справай жыцця Анатоль Лебедзь і яго сястра Хрысціна Бязносік. Іх сумесны стаж у прафесіі больш за 80 гадоў. Прадоўжылі сямейную традыцыю і дочкі Анатоля Вацлававіча.
— Мая сувязь з самай цікавай і важнай прафесіяй пачалася, калі паступіў на гістарычны факультэт у Мінскі педінстытут. Я глядзеў у бок педагогікі па прыкладзе старэйшай сястры, якая падчас майго паступлення ўжо працавала настаўніцай пачатковых класаў. Яшчэ адна прычына — любоў да гісторыі, якой мяне ў добрым сэнсе слова заразіў бацька. Ён быў простым чалавекам. Тым не менш вельмі любіў чытаць і захапляўся гісторыяй, — успамінае Анатоль Вацлававіч.
Па размеркаванні вярнуўся на малую радзіму. Як малады настаўнік гісторыі і нямецкай мовы пачаў працоўны шлях у Казловіцкай базавай школе, а ў 1999-м узначаліў калектыў школы ў Елцы.
— Атрымліваецца, вы сёння самы вопытны дырэктар школы ў Зэльвенскім раёне?
— Выходзіць, так! 25 гадоў дырэктарства — гэта нямала! Я скончыў іншую школу раёна, але за чвэрць стагоддзя менавіта Елкаўская стала для мяне самай роднай.
Падчас экскурсіі па ўстанове Анатоль Вацлававіч невыпадкова спыняецца ля стэнда “Учора вучань — сёння настаўнік” і прамаўляе з асабліва цёплай інтанацыяй:
— Вось гэта мая малодшая дачка Іна Ягоўдзік. Пасля вучобы ў Гродне яна вярнулася дадому працаваць настаўніцай хіміі і біялогіі. І гэтае яе рашэнне не змяніў нават пераезд услед за мужам у суседні Слонім. Больш за дзясятак кіламетраў да месца работы — частка яе будняў.
Пад крылом бацькі (і адначасова патрабавальнага кіраўніка) пачынала свой шлях у педагогіцы і старэйшая дачка Вольга Юруць. Але яна са змяненнем месца жыхарства пасля замужжа крыху інакш расставіла педагагічныя прыярытэты.
— Школу старэйшая дачка скончыла з залатым медалём і для паступлення выбрала той жа факультэт таго ж універсітэта, што скончыў я, — БДПУ. Але сёння яна працуе выхавальніцай у адным з дзіцячых садоў Баранавіч. Так што ў нашай дынастыі педагогаў ёсць і выхавальнікі-дашкольнікі, і настаўнікі пачатковых класаў, і прадметнікі, — з усмешкай дадае суразмоўнік.
Анатоль Лебедзь упэўнены, што невялікая школа ў сельскай мясцовасці — лепшая пляцоўка для старту ў прафесіі.
Ён у свой час не даваў парад дочкам, куды пайсці вучыцца. Але таго факта, што стаў для іх паспяховым прыкладам рэалізацыі сябе ў прафесіі, не адмаўляе.
— Імкнуся знайсці правільныя словы, калі ў іх здараюцца моманты некаторай разгубленасці. Бываюць такія ў любой прафесіі, — дзеліцца Анатоль Лебедзь.
Сёння невялікі педкалектыў Елкаўскай сярэдняй школы пад яго кіраўніцтвам вядзе да ведаў каля 80 вучняў, імкнецца працаваць на вынік. Важна адзначыць, што ў 2023 годзе з першым ЦЭ выпускнікі школы ў Елцы справіліся паспяхова. Па беларускай мове быў вынік у 97 балаў. Як маладыя спецыялісты свае першыя крокі ў прафесіі сёння тут робяць адразу тры педагогі.
— Добра, калі чалавек прыходзіць у нашу прафесію не па прынцыпе “дазвольце паспрабую”, а мэтанакіравана. Спрыяюць гэтаму ў тым ліку профільныя класы педагагічнай накіраванасці, якія ёсць і ў нашым раёне. Што тычыцца маіх дачок, то іх выбар быў свядомы. Выбіраючы ўніверсітэт, яны добра разумелі, што педагогіка — гэта шлях пастаяннай самаадукацыі і руху наперад, — падкрэслівае Анатоль Вацлававіч.
Акрамя таго, прыкладам, які паўплываў на прафесійнае самавызначэнне, Анатоль Вацлававіч стаў не толькі для ўласных дачок. Па словах суразмоўніка, шэсць яго выпускнікоў сёння працуюць настаўнікамі гісторыі ў Гродне і Мінску.
Источник: https://nastgaz.by