Якія новыя падыходы вызначаны ў вырашэнні праблемы нядобранадзейных сем’яў
21.02.2025На чым грунтуецца сямейная палітыка і якія новыя падыходы вызначаны ў вырашэнні праблемы нядобранадзейных сем’яў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.
— Алена Фёдараўна, такая сацыяльная з’ява, як нядобранадзейная сям’я, па-ранейшаму існуе ў нашым жыцці. Абазначце, калі ласка, па якіх крытэрыях можна вызначыць, ці знаходзіцца дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы. — На жаль, сямейная нядобранадзейнасць па-ранейшаму застаецца праблемай для нашага грамадства, нягледзячы на кардынальныя меры па яе прадухіленні, якія прымаюцца адпаведнымі структурамі і непасрэдна Міністэрствам адукацыі. Праблема гэтая не заўсёды відавочная, яна не ляжыць на паверхні, бывае, што замоўчваецца дзяржаўнымі органамі і самімі бацькамі. Але пастаянны кантроль і аналіз сітуацыі з боку дзяржаўных органаў дазваляюць у істотнай меры выяўляць тыя сем’і, дзе пакутуюць дзеці. Сям’ю можна лічыць нядобранадзейнай, калі бацькі не забяспечваюць нагляд, бяспеку і догляд сваіх дзяцей. Часта ў такіх сем’ях бацькі не працаўладкаваны, іх матэрыяльнае становішча дрэннае. Гора-бацькі не маюць сродкаў, каб купіць дзіцяці ежу, адзенне, прадаставіць неабходную медыцынскую дапамогу, стварыць у жылым памяшканні санітарна-гігіенічныя ўмовы для нармальнага пражывання, аплаціць камунальныя паслугі. Бацькі часта вядуць амаральны лад жыцця, злоўжываюць алкагольнымі напіткамі, некаторыя неаднаразова прыцягваюцца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, пазбаўляюцца за свае дзеянні бацькоўскіх правоў. |
![]() |
Абыякавасць бацькоў і жорсткае абыходжанне са сваімі дзецьмі, адсутнасць нагляду за імі выклікаюць у дзяцей пачуццё адзіноты, непатрэбнасці і неабароненасці, параджаюць няўменне самастойна вырашыць тую ці іншую праблему, што прыводзіць да здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў, залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, курэння і п’янства, праяўлення схільнасці да суіцыду. Як вынік — накіраванне такіх дзяцей у спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу.
— На чым грунтуецца сямейная палітыка ў нашай краіне? Якія заканадаўчыя нормы яе рэгулююць?
— У аснове сямейнай палітыкі — прынцып партнёрства дзяржавы і сям’і, супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з грамадскімі аб’яднаннямі, рэлігійнымі і дабрачыннымі арганізацыямі па пытаннях паляпшэння становішча сям’і. Асноўныя напрамкі дзяржаўнай сямейнай палітыкі вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 1998 года № 46, дзе закладзены нормы аб забеспячэнні паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў жыццядзейнасці сям’і і выканання ёй рэпрадуктыўнай, эканамічнай і выхаваўчай функцый, аб умацаванні маральных асноў сям’і і павышэнні яе прэстыжу ў грамадстве.
Заканадаўчае рэгуляванне дзейнасці сям’і ажыццяўляецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законам “Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”, Дэкрэтам Прэзідэнта ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, іншымі актамі заканадаўства, дзе вызначаны тыпы сем’яў, рэгулююцца пытанні пазбаўлення бацькоўскіх правоў, аліментныя адносіны мужа і жонкі, а таксама фармулююцца асаблівасці дэмаграфічнай палітыкі, дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і сацыяльных інстытутаў, нацэленых на стварэнне ўстойлівых колькасных і якасных параметраў узнаўлення насельніцтва.
— Аналізуючы стан спраў у гэтым кірунку, якія вынікі можаце агучыць? Хто недастаткова задзейнічаны?
— У нашай краіне сфарміравана такая сістэма работы, пры якой выкараненне прычын і ўмоў узнікнення нядобранадзейных сем’яў становіцца сумеснай дзейнасцю дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Да работы з нядобранадзейнымі сем’ямі далучаны арганізацыі аховы здароўя, прадстаўнікі органаў унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. З сям’ёй цесна працуюць установы адукацыі, прычым у адносінах да некаторых сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці рознага ўзросту, вядзецца ўзаемадзеянне з некалькімі ўстановамі адукацыі (школа і дзіцячы сад альбо школа і сацыяльна-педагагічны цэнтр і інш.).
Каля паловы сем’яў звярталіся па дапамогу ў працаўладкаванні і для аказання розных відаў дапамогі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўпраўленні па працы і занятасці. Сельскія выканкамы як органы мясцовага самакіравання на месцах уключаны ў работу недастаткова, працуюць толькі з трэцяй часткай усіх сем’яў, арганізацыі сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі — толькі з 11%. Характэрна, што родныя і блізкія для сям’і людзі аказваюць дапамогу такім сем’ям толькі ў 0,2% выпадкаў. Рэдка аказваюць садзейнічанне грамадскія і рэлігійныя арганізацыі. Для рэгулявання сумеснай работы з нядобранадзейнымі сем’ямі былі створаны каардынацыйныя саветы. Функцыю часовага адабрання дзяцей у бацькоў, якія не забяспечваюць нармальныя ўмовы для жыцця і развіцця дзяцей, выконваюць камісіі па справах непаўналетніх. Спецыфіка дзейнасці гэтых органаў заключаецца ў вызначэнні таго, наколькі дзіцяці небяспечна заставацца ў сям’і, у ацэньванні рызыкі пакідання дзіцяці ў сям’і альбо яго адабрання. Статыстычныя даныя сведчаць, што кожны год каля 30% дзяцей, у сем’ях якіх выяўлены прыметы нядобранадзейнасці, адбіраюцца ў бацькоў.
— Што зроблена за гады рэалізацыі Дэкрэта № 18?
— На працягу 18 гадоў (з 2006-га па 2024-ы) работа з сямейнай нядобранадзейнасцю праводзілася ў рамках выканання норм Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Рэалізацыя патрабаванняў дэкрэта дазволіла дасягнуць істотных вынікаў па скарачэнні сацыяльнага сіроцтва. Калі ў 2006 годзе (да пачатку рэалізацыі Дэкрэта № 18) былі пазбаўлены сваіх правоў бацькі 2422 дзяцей, то ў 2024-м — 1625 дзяцей, што адлюстроўвае зніжэнне гэтага паказчыка ў 1,5 разу. У 2025 годзе ў краіне крыху больш за 14 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Важна адзначыць, што спагнанне з бацькоў расходаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей адыгрывае пэўную станоўчую ролю. З 2007 года назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці выпадкаў пазбаўлення бацькоўскіх правоў. У сваіх правах адноўлены каля 3 тысяч бацькоў (дзеці вернуты ім на выхаванне).
За гады рэалізацыі Дэкрэта № 18 больш як 80% дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, былі перададзены ў апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Такія дзеці пасля змяшчэння ў замяшчальную сям’ю на працягу доўгага перыяду маюць патрэбу ў асаблівай увазе. Некаторыя з такіх дзяцей у дарослым узросце паўтараюць паводзіны сваіх татаў і мам, пазбаўленых бацькоўскіх правоў.
— Якая падтрымка аказваецца дзяржавай замяшчальным сем’ям? І якія праблемы яшчэ застаюцца?
— У 2024 годзе Міністэрствам адукацыі праведзена работа па павышэнні заработнай платы прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам. Сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам прапрацавана пытанне аб пераводзе такіх работнікаў на кантрактную форму найму з устанаўленнем надбаўкі за работу па кантракце ў памеры 50% у адпаведнасці з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Важнымі напрамкамі работы з’яўляюцца суправаджэнне прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, папулярызацыя замяшчальнага бацькоўства. Псіхолагі даказалі перавагі замяшчальнай сямейнай апекі перад выхаваннем дзяцей у інтэрнатах і дзіцячых дамах, таму важнае значэнне мае развіццё розных форм сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Праблемным пытаннем застаецца скарачэнне рэзерву спецыялістаў дзяржаўных органаў, якія працуюць з сямейнай нядобранадзейнасцю. Усё часцей такая работа будуецца выключна на адміністрацыйным рэсурсе пры нізкай зацікаўленасці саміх членаў сям’і ў наладжванні яе нармальнай жыццядзейнасці. У школах з 2021 года рэалізуецца праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які пры нефармальнай яго арганізацыі можа аказваць станоўчы ўплыў на павышэнне педагагічнай адукаванасці бацькоў.
З 1 студзеня 2025 года Дэкрэт № 18 імплементаваны ў законы Рэспублікі Беларусь. Прынята пастанова ўрада нашай краіны ад 24 снежня 2024 года № 1055 “Аб прызнанні дзяцей асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне”. Унесены змяненні ў іншыя нарматыўныя прававыя дакументы. Сёння патрабуюцца пераасэнсаванне мэт работы з нядобранадзейнымі сем’ямі, кардынальнае змяненне падыходаў да аказання сям’і псіхолага-педагагічнай дапамогі ў выхаванні дзяцей, павышэнне адказнасці бацькоў за свой узровень педагагічнай і псіхалагічнай адукаванасці ў процівагу запалохванню пазбавіць бацькоўскіх правоў. Усё гэта можа садзейнічаць выключэнню выпадкаў пазбаўлення бацькоўскіх правоў грамадзян, якія часова (з прычыны розных абставін) апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Источник: https://nastgaz.by