Натрэніруюць галасок пацеркі і пясок: у Смаргоні ведаюць, як дашкольнікаў навучыць гаварыць
21.02.2025У педагогаў дзіцячага сада № 2 Смаргоні галоўныя сродкі для запуску маўлення ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення — сенсорныя гульні і IT. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У гэтым дзіцячым садзе педагогі асаблівую ўвагу ўдзяляюць развіццю маўлення. Дзеці, якім неабходна такая дапамога, займаюцца ў дзвюх групах.
Настаўнік-дэфектолаг Таццяна Баран расказвае:
— У групе для дзетак з парушэннямі маўлення я працую 16 гадоў. Работа нялёгкая, але цікавая. Для мяне гэта пастаяннае самаўдасканаленне, асвойванне новых метадаў, прыёмаў, бо дзеці розныя, да кожнага з іх неабходна знайсці падыход. Некалі мы больш працавалі над гукавымаўленнем, складовай структурай — каменціравалі карцінкі, гаварылі перад люстэркам. Сёння ж вядзём работу і над агульнай маторыкай, бо дзеці часта прыходзяць да нас маторна нялоўкімі, а пакуль яны не авалодаюць сваім целам, то не навучацца і размаўляць. Таму перш за ўсё працуем над целам, а толькі потым — над дробнай і артыкуляцыйнай маторыкай. Бо проста расклаўшы карцінкі, аўтаматызаваць гукі не атрымаецца — трэба працаваць толькі комплексна, уключаючы новыя тэхнікі і метады.
У арсенале Таццяны Мікалаеўны такіх шмат: гэта работа з кінетычным пяском, пенапластавымі шарыкамі і пацеркамі, сенсорнымі каробкамі, маторнымі дарожкамі і інш. Педагог адзначае, што гэтыя сродкі ўключаюцца ў гульні і адначасова задзейнічаюць розныя працэсы — ад развіцця дробнай маторыкі да трэніроўкі ўяўлення. Шмат гульняў Т.М.Баран стварыла сама — ад тых, дзе трэба дэталькі прышпільваць, прымацоўваць, развязваць, да камп’ютарных. Акрамя таго, у прыватнасці, у праграме Canva яна стварае для работы свае карцінкі, малюнкі, дыягнастычныя альбомы. Два разы электронныя прадукты, створаныя педагогам у суаўтарстве з калегамі, былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені на абласным этапе конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і траплялі ў фінал рэспубліканскага этапу.
У аўтарскай камандзе прызёраў і выхавальніца Алена Іосіфаўна Сухалет. Яна адзначае:
— Апошнія некалькі гадоў у нас актыўна праходзіць лічбавізацыя дашкольнай адукацыі і пашырэнне выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Гэта вельмі актуальна, бо экранны час дашкольнікаў абмежаваны, і мы хочам, каб ён праходзіў для нашых дзяцей з карысцю. У гэтым кірунку і працуем, некаторыя свае распрацоўкі прадстаўляем на конкурсах. Так, з Таццянай Мікалаеўнай Баран і Аленай Станіславаўнай Шухно ў конкурсе на лепшы электронна-адукацыйны прадукт у 2023 годзе прадстаўлялі інтэрактыўны плакат “Гісторыя побач з намі”, дзе расказвалі пра аб’екты нашага гарадскога парку, у якім з дзецьмі часта бываем з экскурсіямі. Пра кожны з іх — сад камянёў, помнік Францішку Багушэвічу, царкву, касцёл і інш. — расказалі ў гістарычных фактах, архіўных фота, відэароліках, цікавых звестках, адаптаваных да ўспрымання дзецьмі дашкольнага ўзросту. Тут жа змясцілі шмат гульняў і заданняў. Гэты праект мы прымяркоўвалі да 520-годдзя свайго горада.
Напрыканцы 2024-га на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” з Аленай Станіславаўнай прадстаўлялі свой праект “Пад знакам якасці: прадпрыемствы Беларусі”, прымеркаваны да Года якасці. Гэта дынамічная карта з 14 блокамі, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму прадпрыемству — брэнду Беларусі.
Праект стаў часткай агульнай работы, якую педагогі прадстаўлялі на канферэнцыі ва Ульянаўску. Расійскім педагогам было цікава паглядзець, як у гэтым садзе адаптуюцца электронныя рэсурсы да выхавання грамадзянска-патрыятычнай культуры дашкольнікаў.
— Мы з калегамі стараемся рабіць так, каб выхаванцам было цікава гуляць у нашы адукацыйныя гульні, бо забаўляльных прадуктаў для дашкольнікаў шмат, а адукацыйных не хапае. Актыўна прапагандуем гэтыя гульні сярод бацькоў, каб яны і дома маглі, перайшоўшы па QR-кодзе інтэрактыўнага плаката, выконваць гульнявыя заданні, — дапаўняе Алена Станіславаўна Шухно.
Настаўнік-дэфектолаг Ала Брэль на сваіх занятках таксама часта звяртаецца да гульняў, але менавіта да тэатральных. Яна сабрала ўжо цэлую калекцыю такіх гульняў і праз іх карэкціруе маўленчыя парушэнні. Яна ж распрацавала і альбом “Падарожжа па казках”. Ала Пятроўна тлумачыць:
— Гэты альбом часта выкарыстоўваю на запуск маўлення з дзеткамі-маўчунамі, якіх інакш цяжка разгаварыць. Кожная гульня з альбома выконвае сваю функцыю — падчас іх мы праводзім дыхальную гімнастыку, развіваем маўленне, мысленне, уяўленне. Напрыклад, падчас “Бліцтурніру” дзеткі, будуючы фразы, спаборнічаюць паміж сабой, вучацца праз гульню звязна гаварыць. З выхавальніцай Таццянай Чаславаўнай Апанасёнак распрацавалі гульню па станцыях, дзе таксама прапануюцца “казачныя” заданні. Напрыклад, на станцыі “Салат з казак” я называю агародніну ці фрукт (рэпка, цыбуля, апельсін, яблык), а дзеці ўспамінаюць, у якой казцы яны сустракаюцца. Названыя фрукты і агародніна становяцца героямі і новай казкі, якую мы з дзецьмі тут жа прыдумваем. З дзецьмі складаем і загадкі: я даю апорнае слова, разам падбіраем да яго характарыстыкі, а потым атрыманыя загадкі спрабуюць адгадаць таты і мамы.
Таццяна Апанасёнак вядзе гурток па тэатралізаванай дзейнасці. Разам з навучэнцамі яна ставіць пастаноўкі па казках. Наколькі гэта эфектыўна, гаворыць рэакцыя бацькоў, калі яны, седзячы на месцах гледачоў, радуюцца маўленчым поспехам сваіх юных артыстаў.
Зрэшты, відавочныя вынікі ўсіх заняткаў — ад сенсорных гульняў да анлайн-віктарын.
Источник: https://nastgaz.by