Хто такі метэаэнергетык і чым ён займаецца, у Навагрудку ведаюць нават дашкольнікі
17.02.2025У дзіцячым садзе № 12 раённага цэнтра распрацавалі праект па ранняй прафарыентацыі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Выбар прафесіі — справа першакласнай важнасці”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Яшчэ не так даўно ветрагенератары лічыліся нечым незвычайным. Першы ў нашай краіне вятрак з’явіўся каля вёскі Грабнікі пад Навагрудкам. І вось ужо на Навагрудскім узвышшы, адной з найлепшых пляцовак для развіцця ветраэнергетыкі ў Беларусі, вырас цэлы ветрапарк. Не дзіўна, што прыгожыя веліканы цікавяць дзяцей.
Загадчыца дзіцячага сада Інеса Вячаславаўна Сафарэвіч расказала, чаму вырашылі распрацаваць менавіта такі праект:
— З двара нашай установы добра відаць ветраэнергетычныя ўстаноўкі. Калі дзеці выходзяць на прагулку, то часта пытаюцца ў сваіх выхавальнікаў: “Што гэта, навошта іх паставілі?” Цікавасць выхаванцаў і падштурхнула нас на распрацоўку такога праекта. Шмат інфармацыі запазычылі з кнігі “Энергетыкі Прынёмання”. На яе аснове распрацавалі аўдыя- і відэаказкі, медыяпрэзентацыі, дыдактычныя гульні. Усё гэта зроблена сіламі нашых педагогаў. Праект знаходзіцца ў электронным модулі, карыстацца якім вельмі зручна.
Выхавальніца Вікторыя Алегаўна Ярашук паказвае, як усё працуе. Уключае інтэрактыўны стол, і адразу яе абступаюць дзеці. Яны добра ведаюць, як карыстацца такім сталом і самі з задавальненнем далучаюцца да педагога. Адкрываюць гульню “Пагуляем з Энергошам”. Дарэчы, як і іншыя, яна распрацавана і агучана выхавальнікамі ўстановы, яны самі пісалі тэкст і нават вершы.
— Безумоўна, гэта работа дзяцей пад кіраўніцтвам педагога, — тлумачыць Вікторыя Ярашук. — Выхаванцам вельмі падабаецца, яны выконваюць прапанаваныя заданні, адказваюць на пытанні.
Усю інфармацыю адаптавалі пад успрыманне дзяцей. Так, вышыня ветрака складае 7 сланоў ці 5 жыраф. Паралельна хлопчыкі і дзяўчынкі слухаюць аповед аб прафесіі.
Мы не проста знаёмім дзяцей з ветраэнергетычнымі ўстаноўкамі, мэтамі і працэсам іх стварэння, самая важная частка праекта — знаёмства з прафесіямі людзей, якія ўдзельнічалі ў стварэнні ветракоў і сёння іх абслугоўваюць. Гэта энергетык, метэаэнергетык, мантажнік, праграміст і спецыяліст па рамонце і абслугоўванні ветраэнергетычных установак. Часткай праекта сталі лялькі ў касцюмах людзей гэтых прафесій, дапаўняе вобраз спецыяльны інструмент, які дапамагае больш дэталёва пазнаёміць дзяцей з вытворчымі працэсамі.
У мінулым навучальным годзе праект “Выбар прафесіі — справа першакласнай важнасці” стаў пераможцам абласнога конкурсу метадычных распрацовак “Працоўнае і прафесійнае выхаванне”.
Усё гэта выкарыстоўваецца ў рабоце не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі.
Выхавальнікі выдаюць спецыяльныя лістоўкі, напрыклад, з казкай “Як Маша пазнаёмілася з ветрагенератарам”. З дапамогай QR-кода бацькі дома адкрываюць казку і глядзяць яе разам з дзецьмі. Потым у дзіцячым садзе выхаванцы абмяркоўваюць з педагогамі ўбачанае.
Матэрыяламі праекта педагогі дзеляцца з калегамі. Доступ на партал адкрыты, карыстацца ім могуць педагогі іншых устаноў дашкольнай адукацыі.
— Наша распрацоўка накіравана на тое, каб дзеці ў будучыні маглі свядома падысці да выбару прафесіі. З дашкольнага ўзросту мы знаёмім іх з як мага большай колькасцю прафесій, асабліва з тымі, у якіх ёсць патрэба на нашай малой радзіме, — падкрэсліла загадчыца дзіцячага сада.
Источник: https://nastgaz.by