Як ГрАІРА акумулюе і накіроўвае выхаваўчую работу ў каледжах Гродзеншчыны
04.02.2025Школа ідэалагічнай і выхаваўчай работы, шматлікія праекты і ваенна-патрыятычныя клубы. Як ГрАІРА акумулюе і накіроўвае выхаваўчую работу ў каледжах Гродзеншчыны, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”
Павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў, якія непасрэдна займаюцца выхаваўчай работай ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, стала адным з прыярытэтных напрамкаў Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
— Мы бачым сваю задачу ў тым, каб педагог смела браў на сябе куратарства ў выхаваўчай рабоце, валодаў сучаснымі тэхналогіямі і карыстаўся імі, — расказала метадыст цэнтра выхаваўчай, ідэалагічнай, сацыяльна-педагагічнай работы ГрАІРА Лілія Вацлаваўна Курылёнак. — Інстытут арганізоўвае шмат мерапрыемстваў, якія дапамагаюць прафесійна расці калегам у выхаваўчай рабоце. Гэта педагагічныя майстэрні, семінары-практыкумы, метадычныя дыялогі і аўкцыёны эфектыўных практык, круглыя сталы і іншыя формы работы. У апошні час набыла папулярнасць такая дыстанцыйная форма работы, як школа ідэалагічнай і выхаваўчай работы “ШІВР” для намеснікаў дырэктараў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па выхаваўчай рабоце. Раз у месяц збіраемся і разглядаем актуальныя пытанні з удзелам запрошаных спецыялістаў.
Лілія Курылёнак і ўдзельнікі маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы будаўнічых тэхналогій
Конкурсы для педагогаў каледжаў, арганізаваныя ГрАІРА ў апошнія 5 гадоў, выклікалі вялікую зацікаўленасць. Гэта “Класны кіраўнік (куратар вучэбнай групы) у сацыяльнай сетцы”, для выхавальнікаў — конкурсы метадычных распрацовак патрыятычнай накіраванасці і “#Інтэрнат#наш#дом.by”. А таксама конкурсы кабінетаў педагогаў-псіхолагаў, на лепшую арганізацыю дзейнасці педагогаў сацыяльных. Удзел у іх дазволіў педагогам паказаць, як яны працуюць з інфармацыйнымі тэхналогіямі, ствараюць супольнасці і ўзаемадзейнічаюць з падлеткамі ў сацыяльных сетках, якія рэалізуюць праекты.
— У выніку ўсе ўбачылі, наколькі сёння педагогі каледжаў сучасныя, а іх формы работы запатрабаваныя ў моладзі, — падкрэсліла Лілія Курылёнак. — З аднаго боку, мы паказалі вопыт работы педагогаў, іх прафесійны узровень, з другога — раскрыліся іх творчыя здольнасці.
З 2020 года Лілія Курылёнак пачала распрацоўку маштабных праектаў. Першым быў “#Гісторыя#Памяць#Будучыня”, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, прэзентаваны на міжнародным узроўні і адзначаны шматлікімі дыпломамі. Праект настолькі спадабаўся педагогам і навучэнцам, што ў ГрАІРА пачалі распрацоўваць іншыя. Наступны інфармацыйны дыстанцыйны “#Моладзь#Памяць#Будучыня” насіў прафесійную накіраванасць, паказваў уменні і кампетэнцыі навучэнцаў і, безумоўна, іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яшчэ адным цікавым праектам стала эстафета творчых падзей “У памяці майго народа”.
У мінулым годзе праектную дзейнасць у патрыятычным напрамку прадоўжыла эстафета маладзёжных дыялогавых пляцовак “Кошт і каштоўнасці: памятаем, захоўваем, ствараем”. Выбіраецца тэма, у абмяркаванне якой уключаюцца навучэнцы ўсіх 19 каледжаў Гродзенскай вобласці, якія збіраюцца на базе чатырох устаноў адукацыі. Разгараецца дыскусія, пасля якой удзельнікі пляцовак аб’ядноўваюцца і дыстанцыйна абмяркоўваюць тэму сустрэчы.
— Такія мерапрыемствы вырашаюць адразу некалькі задач, — адзначыла Л.В.Курылёнак. — Маладыя людзі могуць не толькі паглыбіцца ў тэму, але і паслухаць меркаванні спецыялістаў. На выніковае пасяджэнне мы запрашаем дэпутатаў, навукоўцаў, святароў, лідараў маладзёжных арганізацый. Таксама дзеці знаёмяцца з іншымі каледжамі вобласці і паміж сабой. Для іх арганізоўваюцца майстар-класы, экскурсіі. Падлеткі адзначаюць, што ім гэта вельмі цікава.
У 2022 годзе ГрАІРА ўзяў куратарства над кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Асаблівая ўвага — ваенна-патрыятычным клубам, іх узаемадзеянню з вайсковымі часцямі. На сённяшні дзень ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзеншчыны дзейнічае 9 клубаў на базе вайсковых часцей і 13 факультатываў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы навучэнцы, якія авалодваюць сельскагаспадарчай тэхнікай, на факультатыве на базе вайсковай часці знаёмяцца са спецыяльнасцю танкіста, якая можа спатрэбіцца ім падчас службы ў арміі. Навагрудскі дзяржаўны каледж тэхналогій і бяспекі (тут створаны медыяцэнтр патрыятычнага выхавання) у справе выхавання моладзі супрацоўнічае з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага — з пагранічным атрадам.
Шмат праектаў грамадзянска-патрятычнай накіраванасці распрацавана ва ўстановах адукацыі. Напрыклад, у Іўеўскім дзяржаўным каледжы — віртуальны музей “Дарогамі Перамогі”, у Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну — інтэрактыўны каляндар Перамогі. І такіх прыкладаў шмат. Сярод навучэнцаў каледжаў Гродзеншчыны ёсць пераможцы і прызёры конкурсу праектаў “Мой уклад у будучыню краіны” ў рамках “Марафону адзінства”.
Источник: https://nastgaz.by