РУС БЕЛ ENG 中文

У чым асаблівасці сістэмы работы на ўроку заслужанага настаўніка? Прыклад Таццяны Глыздовай

03.02.2025

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ліды выдатнік адукацыі Таццяна Глыздова атрымала яшчэ адно вельмі важнае для педагога званне — заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Таццяна Міхайлаўна дзевяць разоў узнагароджвалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, медалём Францыска Скарыны, была дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу. Аднак больш за ўсе ўзнагароды яна шануе простае вучнёўскае “Дзякуй за ўрок!”.

— Я ніколі не працавала дзеля ўзнагарод, не ставіла перад сабой такіх мэт, — прызнаецца Таццяна Глыздова. — Для мяне заўсёды было важна адбыцца ў прафесіі, навучыцца бачыць таленты і дапамагаць ім раскрыцца. І калі ў пачатку прафесійнага шляху хацелася атрымаць грамату, то цяпер нават не думала, што стану заслужаным настаўнікам Беларусі. Дзеці і калегі хутка даведаліся аб гэтым і, безумоўна, віншавалі, тэлефанавалі выпускнікі. Асабліва прыемна было пачуць добрыя словы ад тых калег, у каго я вучылася і якіх лічу сапраўды заслужанымі настаўнікамі.

Некалі на лёс навучэнкі адной са школ Віцебска паўплывала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ларыса Паўлаўна Скроба, якая верыла ў школьніцу і параіла ёй паступаць ва ўстанову вышэйшай адукацыі. З дзяцінства дзяўчынка любіла гуляць у школу, шмат чытала. Следам за сястрой яна адправілася паступаць у Гро­дзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, стала студэнткай філалагічнага факультэта. Па размеркаванні трапіла ў Ліду і з таго часу ўжо 30 гадоў працуе ў гімназіі № 1.

— Калі я прыйшла ў гімназію № 1 Ліды, установу адукацыі, дзе ўмеюць запаль­ваць зоркі не толькі сярод дзяцей, але і сярод настаўнікаў, то зразумела, што тут працуюць лепшыя, — успамінае Таццяна Міхайлаўна. — А вучыцца было ў каго. У першую чаргу гэта Наталля Андрэеўна Зай­цава, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, на той момант дырэктар установы адукацыі. Яна стала маім правадніком у прафесію, навучыла добрасумленнаму стаўленню да працы, многім рэчам, якія патрэбны педагогу. Побач былі мае калегі, прафесіяналы высокага ўзроўню: Тамара Барысаўна Баярэнка, Ядвіга Іванаўна Сачко, Альфрэд Антонавіч Ладыка, Анфіса Аляксандраўна Храмянкова, Галіна Антонаўна Велькашынская і многія іншыя. Калі я бывала на іх уроках, то разумела: вось ён ля дошкі — не настаўнік, а майстар. Яны заўсёды былі гатовы даць параду, працягнуць руку дапамогі. Калі гэтыя настаўнікі сёння віншуюць мяне з узнагародай, я адказваю, што яны не менш заслужаныя, чым я, і дзякую ім за тое, што дапамаглі мне адбыцца ў прафесіі.

Працуючы класным кіраўніком, Таццяна Міхайлаўна падмячала пэўныя фішкі калег, назірала за манерай зносін, за тым, як яны будуюць дыялог з дзецьмі. Яна вучылася не пэўным тэхналогіям, а чалавечым душэўным зносінам з дзецьмі.

— Калі не выбудаваны ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнем, нічога не атрымаецца. Ты можаш валодаць усімі тэхналогіямі ў свеце, стварыць уласную сістэму і пры гэтым не атрымаеш паспяховага выніку. Трэба ў першую чаргу мець зносіны з дзецьмі, бачыць у іх такіх жа людзей, як і ты, умець з імі кантактаваць, тады бу­дзе вынік, — лічыць настаўніца.

У маім уяўленні школа — гэта лесвіца. Становішся на першую прыступку, а потым толькі наверх…
Гэта шлях самаўдасканалення, работы над сабой.

У чым асаблівасці сістэмы работы на ўроку заслужанага настаўніка?

— Я ніколі не спрашчаю вучэбны працэс, ён будуецца на глыбокіх тэарэтычных ведах, — адказвае суразмоўніца. — Мае дзеці вучацца аналізаваць, супастаўляць, рабіць уласныя вывады. Вельмі люблю розныя пасткі ў заданнях, дзе быццам аднолькава і ў той жа час па-рознаму трэба паглядзець на моўныя з’явы. Гэта патрабуе нешаблоннага падыходу. Вучні павінны кожны раз уключаць крытычнае мысленне і на аснове гэтага прыходзіць да ўласных ведаў. Гэта складана, але вельмі цікава.

Асаблівую ўвагу Таццяна Глыздова ўдзя­ляе рабоце з адоранымі навучэнцамі, шмат гадоў рыхтуе іх да ўдзелу у рэспуб­ліканскай алімпіядзе. Не заўсёды ў 5 класе можна вызначыць тых, хто будзе займацца яе прадметам, аднак яна бачыць патэнцыял у дзецях і запрашае паспрабаваць. Гэтак жа і са старшакласнікамі. Калі ў іх атрымліваецца, яны застаюцца. Як правіла, атрымліваецца.

— А далей выбудоўваю сістэму пад­рыхтоўкі. У першую чаргу вучу працаваць з рознымі крыніцамі (са слоўнікамі, даведнікамі, школьнымі падручнікамі і дапаможнікамі, якія выкарыстоўваюцца ва УВА), самастойна знаходзіць інфармацыю. Настаўнік не можа даць абсалютна ўсё, я паказваю агульныя падыходы, разам з вучнямі абмяркоўваем іх. Сёння алімпіяднік — гэта чалавек, які ўмее шмат працаваць сам. Калі гэта ёсць, мы выходзім на высокі вынік. Не ў кожнага гэта атрымліваецца. Ды і дзеці розныя. Ёсць Богам пацалаваныя, ты іх бачыш адразу. А ёсць дзеці, на першы погляд, звычайныя, проста з вялікім жаданнем нечага дасягнуць. Такіх дзяцей таксама было нямала. І іх дыпломы асабліва каштоўныя для мяне як настаўніка, — расказвае Таццяна Міхайлаўна.

У бягучым годзе ў трэцім этапе рэспуб­ліканскай алімпіяды прынялі ўдзел дзесяцікласніцы, з якімі педагог працуе з 7 класа, яны атрымалі дыпломы I ступені на раённым узроўні. На абласным Яна Сайковіч стала абсалютнай пераможцай і заваявала дыплом I ступені, Аляксандра Якуніна атрымала дыплом III ступені.

Выхаванцы педагога не раз атрымлівалі дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Колькі было такіх перамог, колькі разоў шчасцем свяціліся вочы дзяцей!

— Для мяне важна ісці наперад, — падкрэслівае Таццяна Глыздова, — атрымаць больш ведаў, рэалізавацца ў прафесіі, адчуць, што ты нешта важнае зрабіў, напрыклад, падтрымаў вучня, цудоўна правёў урок, а дзеці табе падзякавалі. Калі чуеш ад дзяцей “Дзякуй за ўрок, мы рады вас ба­чыць!”, то адчуваеш, што ты ім цікавы як чалавек, як настаўнік, што дыялог паміж намі склаўся. Вось гэта шчасце.

Як кіраўнік гімназічнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Т.М.Глыздова трансліруе свой вопыт на раённым, абласным і нават рэспуб­ліканскім узроўні.

— Я з лёгкім сэрцам адпускаю выпускнікоў, — прызнаецца Таццяна Міхайлаўна. — Усё у іх абавязкова атрымаецца. Мы, настаўнікі, верым у гэта. Дзеці ў нас цудоўныя, моладзь таленавітая, і, калі мы іх адпускаем, разумеючы, што яны выраслі і ім патрэбен новы ўзровень, яны таксама ідуць па сваёй лесвіцы наверх. Хацелася б толькі, каб яны разумелі: калі чалавек хоча нечага дасягнуць, то абавязкова дасягне. Наша будучыня — у нашых руках.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: