РУС БЕЛ ENG 中文

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка і педагогі Лідчыны — пра фарміраванне прававой свядомасці ў моладзі

13.01.2025

Дырэктары школ Ліды і Лідскага раёна наведалі Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі. Візіт праходзіў у межах рэалізацыі чарговага этапу праекта “Духоўнасць і патрыятызм: дыялогі з “Настаўніцкай”, прымеркаванага да 80-­годдзя галіновага выдання.

Сістэмныя традыцыі

Знаёмства з дзейнасцю ЦВК пачалося з экскурсійнага маршруту па гісторыі выбарчай сістэмы ў нашай краіне. Начальнік аддзела арганізацыйнай, фінансавай работы і міжнароднага супрацоўніцтва апарату ЦВК Сяргей Шмарлоўскі расказаў пра станаўленне канстытуцыйнага права і выбарчай сістэмы нашай дзяржавы, яе адметнасці сёння.

Прынамсі, інстытут выбараў на тэрыторыі Беларусі ўзнік задоўга да з’яўлення дзяржавы. Ключавыя рашэнні нашымі продкамі прымаліся на народным схо­дзе (вечы), куды з’язджалася ўсё свабоднае мужчынскае насельніцтва. Адна з першых згадак пра веча датуецца 862 годам. Дарэчы, да гэтага ж года адносіцца і першае летапіснае згадванне старажытнага горада Беларусі — Полацка. Тут увага дырэктарскага корпуса Лідчыны была звернута да гравюры, якая паказвае ўдзельнікаў полацкага веча. А затым ім прадэманстравалі шапку, якая ў тыя часы была сведчаннем голасу “за” або “су­праць” — яе падкідвалі ўгору альбо кідалі на зямлю. Яшчэ падчас галасавання ў тыя часы маглі крычаць — выбар вызначала сіла крыку.

Гаворачы пра савецкую выбарчую сістэму, Сяргей Аляксандравіч нагадаў, што тады выбарчая камісія фарміравалася на час выбараў, а потым расфарміроўвалася.

“Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР зацвярджаўся склад выбарчай камісіі. У розны час у яе ўваходзілі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, людзі навукі і культуры. Сярод іх былі і такія нашы знакамітыя суайчыннікі, як народны паэт Беларусі Якуб Колас, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў, народная артыстка БССР і СССР Ларыса Александроўская і іншыя”, — паведаміў Сяргей Шмарлоўскі.

Пастаянна дзеючы цэнтральны выбарчы орган у Беларусі быў створаны 4 снежня 1989 года — напрыканцы мінулага года Цэнтрвыбаркам адзначыў 35-годдзе з дня ўтварэння. На спецыяльных стэндах — гістарычныя экспанаты, фотаздымкі, дакументы. У прыватнасці, захаваны бюлетэнь з першых выбараў суверэннай Беларусі. Яго форма прадугледжвала выкрэсліванне кандыдатаў, супраць якіх галасаваў выбаршчык, а не пастаноўку птушачкі насупраць прозвішча жаданага кандыдата, як гэта робіцца зараз.

Асаблівую цікавасць выклікала серыя фотаздымкаў, на якіх засведчаны традыцыі галасавання ў сучаснай Беларусі, — кадры з выбарчых участкаў у дзень галасавання дэманструюць святочны настрой людзей, роўныя магчымасці для выбаршчыкаў. У прыватнасці, безбар’ернае асяроддзе дазваляе калясачнікам нароўні з усімі праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Дырэктарам Лідчыны была прада­стаўлена магчымасць наведаць усе працоўныя памяшканні Цэнтральнай выбарчай камісіі, у тым ліку і кабінет старшыні. У выніку яны азнаёміліся з дзейнасцю інфармацыйна-даведачнага цэнтра, дзе прымаюцца званкі грамадзян. У метадычным кабінеце агульная ўвага была прыцягнута да літаратуры па фарміраванні выбарчай культуры. Асаблівую цікавасць выклікалі кнігі для дзяцей з простай і візуальна падмацаванай інфармацыяй па гісторыі станаўлення выбарчых працэсаў у нашай дзяржаве.

Пасля экскурсіі кіраўнікі падкрэслілі важнасць асветніцкай работы ў фарміраванні выбарчай культуры.

“І хоць педагогі заўсёды актыўныя ўдзельнікі выбарчых працэсаў, актуальная інфармацыя і гістарычны экскурс у выбарчае права дазваляюць трымаць руку на пульсе”, — заўважыла начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк.

Электаральны суверэнітэт

Кульмінацыяй візіту стала сустрэча са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігарам Карпенкам. Ігар Васільевіч расказаў пра ход выбарчай кампаніі Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь, спыніўся на некаторых гістарычных аспектах і змяненнях у заканадаўстве, дзякуючы якім у нас замацавалася паняцце электаральнага суверэнітэту.

“За 35 гадоў ЦВК праведзены 4 рэс­публіканскія рэферэндумы, 28 выбарчых кампаній. Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь стала паўнапраўным суб’ектам міжнароднай экспертнай супольнасці ў галіне выбарчага права і тэхналогій. 2024 год быў для нас асаблівым яшчэ і таму, што ўпершыню адбыўся адзіны дзень галасавання. Выбары дэпутатаў усіх узроўняў прайшлі ў новым фармаце. Усебеларускі народны сход набыў статус канстытуцыйнага органа. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прой­дуць 26 студзеня гэтага года, завершаць выбарчы цыкл, накіраваны на абнаўленне ўсіх галін улады ў адпаведнасці з рашэннем рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года”, — адзначыў старшыня ЦВК.

Ён паведаміў, што выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі прахо­дзіць на высокім узроўні. Для назірання за выбарамі ў краіне ўжо акрэдытавана каля 300 замежных (міжнародных) назіральнікаў. Пры тэрытарыяльных камісіях ужо акрэдытавана амаль 23 000 нацыянальных назіральнікаў. Ва ўстаноўленыя законам тэрміны ўтвораны ўчасткі для галасавання — іх 5325. У такой жа колькасці створаны ўчастковыя камісіі. На сайце ЦВК запушчаны сэрвіс па пошуку ўчастка для галасавання.

Цэнтральнай выбарчай камісіяй зарэгістравана 5 кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь: дзеючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, індывідуальны прадпрымальнік Ганна Канапацкая, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў. Цяпер ідзе перадвыбарная агітацыя.

Па меркаванні Ігара Карпенкі, ва ўмовах знешніх рызык і пагроз асабліва актуальнай становіцца тэма павышэння прававой адукаванасці насельніцтва, асабліва моладзі. Ён падкрэсліў, наколькі сёння важна актыўна ўзаемадзейнічаць з маладым пакаленнем, фарміраваць у яго агульнапрынятыя чалавечыя каштоўнасці і дзяржаўныя арыенціры. Роля школы і настаўніка ў гэтым працэсе ключавая.

“Асновы прававой культуры закладваюцца з дзяцінства, таму і сістэма адукацыі павінна быць арыентавана на фарміраванне прававой свядомасці, якая выпрацоўвае ў вучняў адпаведныя правілы паводзін. Набытыя ў навучальных установах прававыя веды пасля становяцца асновай для засваення прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Такім чынам, прававое выхаванне фарміруе павагу да закона, рэгулюе паводзінскія нормы і фарміруе ўяўленні аб сацыяльна-прававым парадку”, — падкрэсліў Ігар Васільевіч.

Для паспяховай арганізацыі гэтай дзейнасці сёння ёсць усе інструменты — і заканадаўчыя, і арганізацыйныя. У 2023 го­дзе ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь у Цэнтральнай выбарчай камісіі з’явіліся новыя паўнамоцтвы па ажыццяўленні інфармацыйна-асветніцкай дзейнасці.

І ў пытаннях асветы ЦВК прытрымліваецца палітыкі адкрытасці: запрашае студэнтаў і школьнікаў на экскурсіі, арганізоўвае круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі. Тут праходзяць вучэбную практыку будучыя юрысты і палітолагі. Штогод зацвярджаецца сумесны з Міністэрствам адукацыі план мерапрыемстваў па павышэнні прававой культуры маладых грамадзян. Праводзяцца сустрэчы, канферэнцыі, семінары-нарады, кансультацыі па тлумачэнні выбарчага заканадаўства, алімпіяды, конкурсы. Ва ўстановах адукацыі створаны клубы маладых выбаршчыкаў.

Пры падтрымцы Мінадукацыі ўдакладнены тэмы курсавых, дыпломных і магістарскіх работ, а таксама дысертацыйных даследаванняў. Выдадзена серыя кніг і брашур, прысвечаных выбарам. Для правядзення інфармацыйных гадзін у школах падрыхтаваны метадычны дапаможнік “Выбарчае права”.

“Прававое выхаванне, накіраванае на павышэнне ўзроўню прававой культуры моладзі, вырашае сацыяльныя, педагагічныя і палітыка-прававыя задачы, ад рэалізацыі якіх залежыць поспех развіцця дзяржавы, грамадства і кожнага канкрэтнага чалавека.

У прыватнасці, сацыяльны складнік гэтай працы прадугледжвае фарміраванне ў моладзі ўстановак і навыкаў грамадскага жыцця, заснаваных на ўзаемаразуменні і павазе індывідуальных правоў і свабод, здольнасці адаптавацца да патрэб сучаснага свету;

педагагічная частка арыентавана на маральнае развіццё асобы, станаўленне чалавека талерантнага, які ўмее пазбя­гаць канфліктаў і будаваць зносіны на камп­раміснай аснове, які разумее і прымае агульначалавечыя каштоўнасці, прынцыпы роўнасці і ўнікальнасці кожнай асобы;

палітыка-прававы складнік прадугледжвае выхаванне грамадзяніна, які цікавіцца і прымае актыўны ўдзел у жыцці дзяржавы і грамадства.

У канчатковым выніку ўсе гэтыя якасці, навыкі і ўменні з’яўляюцца залогам і ўмовай функцыянавання дэмакратычнага грамадства і таго, якое месца ў ім зойме кожны чалавек у якасці сем’яніна, прафесіянала і грамадзяніна”, — рэзюмаваў Ігар Карпенка.

Спыніцца, каб усвядоміць

Пасля школьныя кіраўнікі наведалі храм-помнік Усіх Святых, што стала працягам рэалізацыі этапу праекта “Духоў­насць і патрыятызм: дыялогі з “Настаўніцкай”.

Экскурсія па храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны, заўсёды выклікае шмат эмоцый. У гэтым месцы сабраны як гістарычныя артэфакты, так і духоўныя апоры. Крыпта з нішамі, у якіх размешчаны саркафагі з астанкамі ўдзельнікаў трох войнаў, нязгасная лампада, мемарыяльныя дошкі, музей памяці — усё гэта духоўна ўзбагачае наведвальнікаў і нагадвае пра абавязак помніць.

Важнай стала магчымасць запаліць свечкі, каб ушанаваць памяць загінуўшых і памерлых. У такія моманты заўсёды хочацца спыніцца, каб усвядоміць момант. 

“Многія з нас тут не першы раз, але кожнае наведванне храма-помніка пакідае вельмі светлыя пачуцці. Таму хочацца падзякаваць Выдавецкаму дому “Педагагічная прэса” за магчымасць яшчэ раз дакрануцца да святыні”, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк.

А дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў, падсумоўваючы вынікі насычанага дня, заўважыў: “Такія сустрэчы, насычаныя і эмацыянальныя, вельмі патрэбны, бо ўзбагачаюць не толькі новымі ведамі, але і даюць пэўныя арыенціры, дапамагаюць яшчэ раз упэўніцца ў тым, што мы займаемся вельмі важнымі і значнымі справамі для грамадства і дзяржавы — выхоўваем нашых дзяцей. І робім гэта на высокім прафесійным узроўні”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: