РУС БЕЛ ENG 中文

Стаўка – на маладых

13.01.2025

Занальны тур моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” сабраў маладых вынаходнікаў і рацыяналізатараў Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага і Слонімскага раёнаў у г. Дзятлава. У намінацыі "Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства" пераможцай стала спецыяліст СВК "Свіцязянка-2003" Наталля Сіманава.

IMG_3997.JPG

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла школьнікі, навучэнцы каледжаў і працоўная моладзь вынеслі на суд экспертаў свае наватарскія ідэі ў розных сферах.

У саставе журы былі прадстаўнікі як творчых, так і тэхнічных спецыяльнасцей: дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык, першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Таццяна Шэўчык, педагог Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі Анатоль Ліннік, настаўнік фізікі Жыровіцкай сярэдняй школы Уладзімір Зіміч. Яны ацэньвалі актуальнасць і навізну ідэй, практычную значнасць і рэальнасць рэалізацыі конкурсных інавацыйных праектаў.

У Дзятлаве на занальным этапе маладыя рацыяналізатары прадставілі каля двух дзясяткаў праектаў. Ідэі тычыліся эканамічнай эфектыўнасці вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур, догляду іх з дапамогай сучасных тэхналогій, атрымання энергіі з прыродных крыніц, у тым ліку ад спальвання лісця і пачаткаў кукурузы, стварэння развіваючых і пазнавальных гульняў, папулярызацыі сельскіх спецыяльнасцей, сарціроўкі і перапрацоўкі бытавога смецця, многага іншага.
Сярод удзельнікаў конкурсу – тэхнік-тэхнолаг, эколаг СВК «Свіцязянка-2003» Наталля Сіманава, якая прадставіла праект «Безлактознае малако».

– Першапачаткова пра вытворчасць безлактознага малака на базе нашага СВК выказаў ідэю старшыня гаспадаркі Аляксандр Мяцеліца, – расказала Наталля. – Мяне зацікавіла гэта тэма, таму што безлактознае малако – вельмі карысны прадукт, які могуць ужываць усе людзі, нават тыя, у каго ёсць алергія на лактозу. Малако без лактозы не губляе свайго смаку, у ім захоўваюцца ўсе карысныя  элементы, яно прасцей засвойваецца ў арганізме, таму ўжываць яго бяспечна  для людзей, якія маюць непераноснасць  лактозы. Вельмі карыснае такое малако і для дзяцей – для арганізма, які расце, важна атрымліваць неабходную норму карысных элементаў, а такі прадукт лягчэй засвойваецца. Таксама такое малако сніжае рызыку кішэчных колікаў у немаўлят. Сярод работнікаў нашага прадпрыемства было праведзена апытанне, у ходзе якога большасць рэспандэнтаў падтрымалі ідэю вытворчасці безлактознага малака на базе СВК «Свіцязянка-2003». 

Лактоза – від цукру, які знаходзіцца ў любым малацэ млекакормячых. Менавіта дзякуючы яму ўсе малочныя напоі салодкія на смак. Існуе чатыры спосабы вытворчасці безлактознага малака. У “Свіцязянцы” плануюць вырабляць гэты прадукт з дапамогай ферментацыі лактозы, калі ў звычайнае малако дадаюць фермент, які рашчапляе малочны цукар на глюкозу і галактозу. 

Усе ўдзельнікі занальнага этапу адзначаны сертыфікатамі конкурсу і прызамі ад раённых арганізацый ГА “БРСМ”.

Сярод працоўнай моладзі пераможцай у намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства” стала Наталля Сіманава, спецыяліст СВК “Свіцязянка-2003” Карэліцкага раёна, з праектам “Безлактознае малако”.

– Ад конкурсу атрымала самыя пазітыўныя эмоцыі, – падзялілася Наталля. – Не чакала, што ў ім прыме ўдзел столькі ўдзельнікаў з такімі цікавымі і сапраўды важнымі праектамі. Перад журы стаяла вельмі няпростая задача – ацаніць усе праекты і выбраць лепшы. Прыемна, што наша работа спадабалася журы. У будучым плануецца закупіць неабходнае абсталяванне для ферментацыі безлактознага малака і наладзіць вытворчасць гэтага прадукта на базе СВК. 

Источник: https://grodnonews.by

поделиться в: