РУС БЕЛ ENG 中文

Выхаванцы дзіцячага садка № 6 Ашмян далучыліся да традыцый сваіх продкаў

11.01.2025

Дзяцінства даецца на кароткі адрэзак часу, але цёплы ўспамін аб ім застаецца з намі назаўжды. Гэта пачуццё мы з пяшчотай захоўваем і перадаем наступным пакаленням. Менавіта ад нас, выхавацеляў, залежыць, што нашы выхаванцы панясуць па жыцці, ці стануць паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны.

Дзіцячы сад – першая грамадская прыступка, якая фарміруе цікавасць дзяцей да гісторыі роднага краю, сям’і, выхоўвае пачуццё патрыятызму.

Патрыятычныя пачуцці не ўзнікаюць адвольна. Дзіця не нараджаецца патрыётам, яно ім становіцца. Гэта вынік мэтанакіраванага выхаваўчага ўздзеяння на чалавека, пачынаючы з ранняга дзяцінства.

Менавіта таму ў маёй рабоце развіццё дзяцей на традыцыях народнай культуры з’яўляецца адным з галоўных накірункаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

Нядаўна ў нашым садку прайшло музычна-літаратурнае мерапрыемства пад назвай “Кола святаў Беларусі”. У госці мы запрасілі памочніка пракурора Ашмянскага раёна Валерыю Каваленю.

Пачалося свята ўрачыстым выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Само мерапрыемства было праведзена ў форме падарожжа па народных святах беларусаў. Выбар святаў быў прадыктаваны цыклам народнага календара, адаптаванага пад умовы дзіцячай установы і сучасных культурных каштоўнасцей.

У аснову вясновага свята “Гуканне вясны” былі пакладзены песні-закліканні “Жавароначкі, прыляціце!” і харавод вакол дрэва, упрыгожанага папяровымі птушкамі і парнымі лялькамі-“марцінічкамі”.

Асноўнае летняе свята – “Купалле”. Госці ўбачылі парад кветак, у якім прынялі ўдзел рамонак, васілёк, браткі, Іван-ды-Мар’я. Зачараваў усіх прыгожы і мілагучны танец “Купалінка”.

Восеньскае свята – “Дажынкі”. Бадай, самае галоўнае свята, прысвечанае хлебу – прадукту чалавечай працы, сімвалу жыцця і дабрабыту. Гэты прадукт суправаджае нас ад нараджэння і да самай старасці. Падчас дажынак людзі дзякуюць прыродзе за багаты ўраджай, услаўляюць чалавека працы. Дзеці падрыхтавалі вершы пра хлеб, станцавалі заліхвацкую польку, згулялі ў вясёлую гульню “Лапці”.

Якая ж зіма без Калядаў! Вельмі спадабалася дзецям сустракаць калядоўшчыкаў, апранутых у касцюмы жывёл. З цікавасцю яны назіралі за гульнёй Казы і Мядзведзя, слухалі песні-калядкі, якія славяць гаспадароў за іх дабрыню, гасціннасць, шчодрасць. Далучыліся яны да каляднай варажбы на будучую прафесію: з торбачкі цыганкі малышы выцягвалі прадмет, які паказваў, кім яны стануць, калі вырастуць. Напрыклад, нажніцы – будзеш цырульнікам, фарбы – мастаком, кніга – настаўнікам, лыжка – поварам, гаечны ключ – слесарам.

На заканчэнне дзеці выканалі песню “Добрага здароўя вам усім!” Прыгажосць беларускага слова, яскравасць харэаграфічных кампазіцый, мілагучнасць і напеўнасць народных песень, адметнасць касцюмаў – усё гэта сведчыць аб самабытнай культуры беларускага народа. Тыя святы, якія дайшлі да нас, зведалі, на жаль, значныя змены. І нам нельга дапусціць іх поўнай страты.

Источник: https://www.osh.by

поделиться в: