Сакрэты поспеху: Як Людміла Еўдакімава з Ашмян натхняе дзяцей праз клопат і творчасць
30.12.2024Людміла Еўдакімава з Ашмян упэўнена, што галоўны спосаб утрымаць увагу дашкольнікаў — стварыць сітуацыю сюрпрызу яшчэ да пачатку заняткаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Памочнікі Дзеда Мароза
На аснове гэтага прынцыпу ўжо больш за 35 гадоў яна будуе сваё штодзённае ўзаемадзеянне з дзецьмі і, што цікава, актыўна звяртаецца да яго і ў рабоце з бацькамі. Але пра ўсё па парадку.
Карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” выхаванцы творчай групы дзіцячага сада № 3 Ашмян сустрэлі ў святочных каўпаках. І адразу расказалі, што сёння яны памочнікі Дзеда Мароза, бо заняты добрымі справамі.
— Літаральна на днях адзін з выхаванцаў трапіў у бальніцу і навагоднія мерапрыемствы ў групе прапусціць. Разам з дзецьмі старанна малявалі яму паштоўкі, — удакладняе сутнасць добрых спраў Людміла Алегаўна.
Яна лічыць, што галоўнае, чаму трэба навучыць дзяцей, — гэта камунікабельнасць і павага да людзей. І прыклад з паштоўкамі для аднагрупніка — якраз важны ўрок, які вучыць суперажываць і падтрымліваць, ставіць сябе на месца іншых.
— Атмасферу ўнутры дзіцячага калектыву ў многім вызначае менавіта асоба выхавальніка. Група нашай Людмілы Алегаўны — сапраўды каманда, — падключаецца да размовы загадчыца дзіцячага сада Таццяна Бізукойць.
У пацвярджэнне гэтых слоў кіраўнік установы акрэслівае нядаўні выпадак: у гэтым годзе ў групу прыйшла новая дзяўчынка, і адаптацыя для дзіцяці ў камандзе захопленага сваёй справай выхавальніка прайшла гладка і незаўважна.
— Калі прадставіла дзяўчынку, дзеці літаральна акружылі яе сваёй увагай і засыпалі пытаннямі. Вельмі прыемна было за гэтым назіраць, — адзначае Людміла Еўдакімава.
Сюрпрызы для бацькоў
Вяртаючыся да навагодняй тэматыкі, нельга не адзначыць, што нядаўні ранішнік у групе Людмілы Алегаўны стаў асаблівым адразу па некалькіх прычынах. Святочны настрой для дзяцей, якія ў гэты дзень адсутнічалі, арганізавалі з дастаўкай дадому. З віншаваннямі і падарункамі Дзед Мароз зазірнуў да іх асабіста.
— Ва ўвасабленні многіх ідэй і якраз апошняй мне актыўна дапамагаюць бацькі. Ды і ў цэлым узаемадзеянне з сем’ямі — вельмі важны аспект работы выхавальніка дашкольнай адукацыі, — адзначае Людміла Алегаўна.
Тут яна таксама прапануе цікавыя формы работы. Непадпісаныя творчыя работы дзяцей выхавальніца, напрыклад, нярэдка фатаграфуе для агульнага чата з бацькамі і прапануе знайсці вынік творчасці менавіта свайго дзіцяці. Дыялог такога фармату заўсёды мае зваротную сувязь.
— Не так даўно маці аднаго з выхаванцаў забірала яго падчас прагулкі і папрасіла дазволу падняцца ў групу. На заканамернае пытанне, што яны забылі ў групе, вельмі здзівіла адказам: “Не змагу чакаць да раніцы, каб зразумець, ці дакладна адгадала!”, — з усмешкай успамінае педагог.
Сюрпрызам для бацькоў становіцца і кожны ранішнік. На свята яны заўсёды прыходзяць адразу ў актавую залу, а над вобразамі для дзяцей працуюць выхавальніца з памочнікам выхавальніка Вольгай Сасноўскай. Такі падыход дапамагае вучыць дзяцей самастойнасці, а надае ўрачыстасці дадатковы элемент сюрпрызу.
— Сёлета наш навагодні ранішнік пачаўся незвычайна. Настрой яму задаў відэасюжэт з дзіцячых здымкаў бацькоў маіх сённяшніх выхаванцаў. Яны да апошняга не ведалі, для чаго шукалі ў сямейных архівах прывітанні са свайго дашкольнага дзяцінства, — гаворыць педагог.
Атрымаўся вельмі кранальны і цікавы момант, на які зала адрэагавала спачатку абсалютнай цішынёй, а пасля — бурнымі абмеркаваннямі. Прычым, акрамя сябе малых, убачылі бацькі групы Людмілы Алегаўны і чорна-белыя фотаздымкі з ранішніка ў той жа зале таго ж дзіцячага сада… А на гэтых здымках — дзяўчынка Люда, да якой сёння звяртаюцца выключна Людміла Алегаўна.
Па прынцыпе “дзе нарадзіўся…” свой прафесійны шлях пасля заканчэння БДПУ яна пачала не проста на малой радзіме.
— Спачатку прыйшла ў дзіцячы сад № 3 як выхаванка, праз гады — як практыкантка ад сталічнай УВА і ўжо больш за тры дзясяткі гадоў з’яўляюся часткай калектыву, — акрэсліла ўсе грані свайго ўзаемадзеяння з роднай установай Людміла Алегаўна.
На пытанне аб тым, што падштурхнула выбраць прафесію выхавальніка, суразмоўніца ўсміхаецца і адказвае, што гэта яе спадчына. Бабуля і маці ўсё жыццё прысвяцілі педагогіцы як настаўнікі пачатковых класаў, а тата выкладаў гісторыю на роднай Ашмяншчыне. Так што іншыя напрамкі рэалізацыі сябе педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў трэцім пакаленні нават не разглядала.
Зоркі тэлеэкрана
Штодзённы дыялог са сваімі цяперашнімі выхаванцамі яна будуе з іх двухгадовага ўзросту. І глыбока пераканана, што ў пытаннях развіцця дзяцей самы актуальны прынцып і падыход — чым раней пачаў, тым лепшы вынік. У тандэме з музычным кіраўніком Людмілай Пагрэбновай педагог робіць стаўку на творчым развіцці дзяцей.
— Ранішнікаў у яслях няшмат, а паказаць вынікі старанняў дзяцей заўсёды вельмі прыемна і для іх, і для нас, — працягвае Людміла Алегаўна. — Ужо ў першы год работы з гэтымі дзецьмі разам з музычным кіраўніком паставілі некалькі цікавых нумароў. А напрыканцы навучальнага года нашы двухгодкі пакарылі ўжо нават сталічную сцэну. На міжнародным танцавальным конкурсе ў Мінску яны занялі прызавое месца.
Сёння асобны куток у групе адведзены для ўзнагарод і дыпломаў юных артыстаў педагагічнага тандэма. І такіх вельмі шмат. Толькі за мінулы навучальны год выхаванцы Людмілы Алегаўны папоўнілі скарбонку дасягненняў дзіцячага сада 21 дыпломам пераможцаў. Дзіцячы танцавальны калектыў “Зорачкі” з Ашмян тады стаў самым юным удзельнікам і пераможцам рэспубліканскага конкурсу мастацтва “Маямі”, лаўрэатам першай ступені ў IX Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні — 2023”.
А ў самым пачатку 2024 года юныя таленты з Ашмян, дзякуючы намаганням і сілам творчага тандэма выхавальніцы і музычнага кіраўніка, вызначыліся яшчэ і як зоркі тэлеэкрана. У канцы студзеня калектыў прыняў удзел у маштабным тэлепраекце “Кубак дружбы” ў Мінску. І зноў вярнуўся дадому з дыпломам І ступені ў намінацыі “Эстрадны танец”. Тэлеверсія праекта выйшла ў эфір на “Беларусь 3” у лютым і ў Ашмянах, хутчэй за ўсё, у той дзень стала адной з самых папулярных праграм.
Важныя ўрокі
— Дзякуючы падтрымцы бацькоў і кіраўніцтва ўстановы, у нас ужо ёсць некалькі сцэнічных вобразаў. І ўвасабляем іх не толькі падчас выступленняў, але і калі ўсе разам наведваем гарадскія мерапрыемствы. Прыемна чуць выпадкова кінутыя словы: “А гэта 3-і сад ідзе!” Нашы юныя таленты даўно пачуваюць сябе гарадскімі зорачкамі, — дзеліцца педагог.
Не першы год яе “Зорачкі” з’яўляюцца ўдзельнікамі гарадскога шэсця на Дзень Незалежнасці і аднымі з цэнтральных артыстаў штогадовай майскай пастаноўкі, дзе задзейнічаны выхаванцы з усяго райцэнтра. Вершамі і песнямі сёлета віншавалі яны і ўсіх педагогаў Ашмяншчыны на традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі. Не так даўно сталі пераможцамі адной з намінацый раённага этапу фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” і прадставяць Ашмяны на абласным этапе.
— Вопыт выступленняў на сцэне — гэта не толькі пра авацыі і творчасць. Ён садзейнічае развіццю камунікабельнасці. Акрамя таго, рыхтуючыся да выступлення, нашы малыя вучацца канцэнтравацца, уважліва назіраць. А гэтыя якасці будуць вельмі карыснымі для паспяховай вучобы ў школе. Атрымліваецца, што, развіваючы іх творчыя навыкі, даём яшчэ і вельмі важныя для жыцця ўрокі пабудовы ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі, — робіць акцэнт у размове Людміла Еўдакімава.
І з гэтымі яе словамі застаецца толькі пагадзіцца. Усё ў дзяцінстве не выпадкова. Асабліва калі размова ідзе пра фарміраванне карысных якасцей.
Источник: https://nastgaz.by