Якім будзе новы вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі для 11 класа
26.12.2024Змест вучэбнай праграмы і вучэбнага дапаможніка па прадмеце “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 11 класа былі абмеркаваны на пасяджэнні камісіі па навукова-метадычным забеспячэнні гістарычнай палітыкі, якое прайшло ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пад старшынствам міністра адукацыі Андрэя Іванца, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У бягучым навучальным годзе ў раскладзе дзесяцікласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з’явіўся новы прадмет “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” (са старажытных часоў да канца XVIII ст.). Матэрыялы вучэбнага дапаможніка, які ў цяперашні час выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, у 2023/2024 навучальным годзе прайшлі эксперыментальную апрабацыю.
Для распрацоўкі вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” для 11 класа быў сфарміраваны аўтарскі калектыў, зацверджаны прэзідыумам навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі. У склад аўтарскага калектыву ўваходзяць вядучыя навукоўцы і вопытныя педагогі-практыкі. Сёлета матэрыялы новага дапаможніка праходзяць апрабацыю ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі. У ёй прымаюць удзел 316 навучэнцаў.
Андрэй Іванец адзначыў, што вучэбны дапаможнік для 11 класа ахоплівае вялікі прамежак часу (з ХІХ ст. да пачатку ХХІ ст.). У ім будуць шырока асвятляцца ўз’яднанне беларускага народа ў 1939 годзе, партызанскі і падпольны рух у гады Вялікай Айчыннай вайны, пытанні генацыду беларускага народа. Ключавым перыядам у дапаможніку з’яўляецца трыццацігоддзе суверэннай незалежнай Беларусі і інстытута прэзідэнцтва.
— Нам ёсць што сказаць школьнікам, нам ёсць чым ганарыцца. Будзем гаварыць аб станаўленні суверэннай Беларусі, закранём такія пытанні, як прэзідэнцкая рэспубліка, гістарычны выбар беларускага народа, рэферэндумы і г.д. У цікавай, даступнай форме мы павінны данесці гэты матэрыял навучэнцам, паказаць яго ў кантэксце сусветнай гісторыі. Не можам абысці ўвагай і такія ідэалагічныя, грамадска-палітычныя тэмы, як каляровыя рэвалюцыі, падзеі 2020 года і інш., якім будзе дадзена гістарычная ацэнка, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Мы запрасілі настаўнікаў, якія ўдзельнічаюць у апрабацыі дапаможніка, каб яны выказалі свае прапановы і пажаданні, якія будуць улічаны пры яго падрыхтоўцы. Хацелася б, каб адзінаццацікласнікі ў наступным годзе 1 верасня атрымалі якаснае выданне.
Змест вучэбнай праграмы і дапаможніка па гісторыі Беларусі для 11 класа прадставіў кіраўнік аўтарскага калектыву дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі. Ён звярнуў увагу, што праект вучэбнай праграмы для 11 класа абмеркавалі на шматлікіх дыялогавых пляцоўках. З улікам заўваг і прапаноў ён быў значна дапрацаваны. Вучэбная праграма прадугледжвае на базавым узроўні выдзяленне 68 гадзін (2 гадзіны на тыдзень), на павышаным узроўні — 136 гадзін (4 гадзіны на тыдзень). Праграма ўключае чатыры раздзелы: “Беларусь і свет у ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, “Беларусь і свет у 1917—1945 гг.”, “Беларусь і свет у другой палове ХХ — першай чвэрці ХХІ ст.”, “Сучасная Рэспубліка Беларусь”.
Гісторыя Беларусі паказана ў кантэксце тых працэсаў, якія адбываліся ў суседніх краінах і рэгіёнах. Прадмет накіраваны на сістэматызацыю і абагульненне ведаў, засвоеных навучэнцамі ў 5—9 класах. Гэта не паўтарэнне, а сістэматызацыя ведаў на больш высокім тэарэтычным узроўні.
У кожным з раздзелаў прадугледжаны гадзіны для правядзення ўрокаў абагульнення, урокаў-практыкумаў, урокаў “Наш край”. Адпаведна, у вучэбным дапаможніку будуць прапанаваны заданні для гэтых заняткаў. Таксама будзе зроблены акцэнт на фарміраванні ў навучэнцаў сістэмы базавых каштоўнасцей, у першую чаргу станоўчых адносін да гістарычнага мінулага, любові да Радзімы, патрыятызму.
Пра асаблівасці метадычнага апарату дапаможніка паведаміла настаўніца гісторыі ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ Людміла Гурыновіч. Па яе словах, метадычны апарат дапаможніка распрацоўваецца з улікам пераемнасці з дапаможнікам для 10 класа. Раздзелы кнігі пачынаюцца са стужкі часу, работа з якой дазволіць навучэнцам актуалізаваць веды, засвоеныя ў 8—9 класах. Кожны параграф пачынаецца з воблака слоў, у якое ўключаны паняцці, імёны гістарычных асоб, факты.
У дапаможніку захавана тая ж структура і элементы параграфа, якія былі ў 10 класе. Інфармацыя, на якую трэба звярнуць увагу, вылучана курсівам, даты, тэрміны, азначэнні — паўтлустым шрыфтом, азначэнні тэрмінаў вынесены на палі. Там жа размешчаны тэзісны план параграфа, пытанні і заданні, якія дазваляюць устанаўліваць унутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі.
У канцы кожнага параграфа сфармулявана выснова, размешчана табліца “Калі ў свеце”/ “На тэрыторыі Беларусі”, прапанаваны рознаўзроўневыя пытанні і заданні для самакантролю і замацавання. Работа з ілюстрацыйным матэрыялам накіравана на развіццё здольнасцей навучэнцаў аналізаваць змешчаную ў ім інфармацыю, пераводзіць тэкставую інфармацыю ў знакава-сімвальную і наадварот, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі і інш. Работа з рубрыкамі “Працуем з гістарычнай крыніцай”, “Праводзім міні-даследаванне”, “Гісторыя і сучаснасць” дазваляе ўдасканальваць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Кожны раздзел завяршаецца ўрокам-практыкумам, урокам абагульнення і ўрокам “Наш край”.
Як праходзіць апрабацыя вучэбнага дапаможніка, расказала настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 19 Баранавіч Таццяна Прыступа. Ва ўстанове ў апрабацыі прымаюць удзел навучэнцы 11 класаў інжынернай накіраванасці. Перад пачаткам гэтай работы былі праведзены ўстановачны семінар з удзелам аўтараў вучэбнага дапаможніка, бацькоўскі сход у 10 класе з мэтай інфармавання пра задачы апрабацыі. На працягу навучальнага года праводзяцца кансультацыі па пытаннях выкладання прадмета.
Практыка паказвае, што матэрыял дапаможніка даступны, напісаны цікавай мовай. Самымі прыцягальнымі для навучэнцаў з’яўляюцца рубрыкі “Праводзім міні-даследаванні” і “Гісторыя і сучаснасць”. Навучэнцы адзначаюць добрае структураванне вучэбнага матэрыялу. Яны станоўча ацэньваюць увядзенне тэзіснага плана, які дапамагае хутка сарыентавацца ў тэксце параграфа, знайсці супярэчнасці, сфармуляваць праблемнае пытанне. Па словах навучэнцаў, апісанне гісторыі Беларусі паралельна з асвятленнем падзей сусветнай гісторыі дапамагае лепш зразумець падзеі і працэсы, якія адбываліся ў пэўны перыяд. Складаным для школьнікаў эксперыментальнага класа было пытанне “Рэвалюцыя 1905—1907 гг. у Расіі і на тэрыторыі Беларусі”. А таму, мяркуе Т.Прыступа, варта структураваць гэты матэрыял у табліцы, прапісаць галоўныя вынікі рэвалюцыі.
Удзельнікі пасяджэння ўнеслі прапановы, якія тычацца ўдасканалення фармулёвак асобных раздзелаў і тэм праграмы, пераразмеркавання колькасці вучэбных гадзін у ёй, а таксама акцэнтавання ўвагі школьнікаў на вывучэнні значных момантаў у гісторыі нашай краіны.
Па выніках пасяджэння Акадэміі адукацыі неабходна правесці работу па зацвярджэнні вучэбнай праграмы (да 1 лютага), падрыхтоўцы і выпуску вучэбнага дапаможніка з улікам вынікаў апрабацыі, экспертызы і абмеркавання на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, а таксама па падрыхтоўцы педагогаў да выкладання новага вучэбнага прадмета ў 11 класе (да 1 чэрвеня арганізаваць і правесці вучэбныя семінары).
Источник: https://nastgaz.by