Адна з самых маладых школ Гродна носіць імя чалавека, які ўдзельнічаў у вызваленні горада ў 1944 годзе
24.12.2024З 2022 года ядром выхаваўчай работы ў сярэдняй школе № 41 Гродна з’яўляецца асоба Аляксея Міхайлавіча Кузняцова — чалавека, які вызваляў горад над Нёманам ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гродзенская школа № 41 — адна з самых маладых у вобласці. Яе летапіс пачаўся ў 2019 годзе. А калі гаварыць пра колькасць навучэнцаў і педагагічны калектыў, то гэтая школа самая вялікая. Кожны дзень да ведаў тут ідуць амаль чатыры тысячы вучняў, а іх праваднікамі на гэтым шляху з’яўляюцца каля трохсот педагогаў.
Пасля званка з урока калідоры ўстановы адукацыі нагадваюць броўнаўскі рух.
— Рух — гэта жыццё. І ў нас гэтае жыццё ў літаральным сэнсе б’е ключом, — з усмешкай заўважае дырэктар школы Алена Шэўчык.
Вялікае значэнне ў наладжванні ўзаемадзеяння на ўзроўні “настаўнік — вучань” тут надаюць выхаваўчым аспектам. Цэнтральнае месца ў гэтай рабоце займае асоба А.М.Кузняцова.
— Ідэя прысваення імя Аляксея Міхайлавіча, можна сказаць, знайшла нас сама. У 2020 годзе падчас сустрэчы з вучнямі старшыня арганізацыі ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна Уладзімір Цюцюннік падзяліўся тым, што яго вельмі хвалявала. Літаральна за месяц да нашай сустрэчы — 11 верасня 2020 года — не стала ганаровага жыхара горада Аляксея Кузняцова… Уладзімір Цюцюннік выказаў меркаванне, што добра было б захаваць памяць пра чалавека, які быў непасрэдным удзельнікам вызвалення нашага горада і шмат гадоў пражыў менавіта тут. Для нас гэта стала мэтай, — прыгадвае кіраўнік установы адукацыі.
У 2020 годзе імя Аляксея Кузняцова было прысвоена школьнай піянерскай дружыне, а з 12 верасня 2022 года імянной стала і сама ўстанова адукацыі. Пра чалавека, імя якога яна носіць, тут гавораць шмат. Партрэт ганаровага грамадзяніна Гродна сустракае ўсіх навучэнцаў фактычна адразу, як толькі яны трапляюць у школу. Гэтаму чалавеку прысвечана асобная экспазіцыя школьнага музейнага пакоя, а яго профіль — ключавы складнік школьнай эмблемы.
— У справе захавання памяці аб Аляксею Міхайлавічу мы яшчэ ў самым пачатку шляху, але многім ужо ганарымся, — працягвае аповед Алена Шэўчык. — У экспазіцыі нашага музейнага пакоя прадстаўлены перададзеныя сваякамі асабістыя рэчы ўдзельніка вызвалення Гродна. Усе яны з мірнай біяграфіі і яскрава сведчаць пра шматбаковасць яго асобы.
Музейныя замалёўкі
У музейным пакоі “Яны вызвалялі Гродна” на засланым мешкавінай замест абруса пісьмовым стале — рукапісы. На пажоўклых ад часу старонках кішэннай запісной кніжкі — выведзеныя рукой ветэрана Вялікай Айчыннай вайны вершы і размножаныя пры дапамозе друкавальнай машынкі. Побач — акуляры, шарыкавая ручка і фуражка Аляксея Міхайлавіча.
Пад шклом музейных стэндаў з гэтай інсталяцыяй суседнічае зборнік вершаў 2010 года, у які ўвайшлі і напісаныя Аляксеем Міхайлавічам. Побач — Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу за подпісам старшынь Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі як знак павагі да ваеннага мінулага галоўнага героя экспазіцыі. Тэматычным цэнтрам усіх матэрыялаў музейнага пакоя з’яўляецца арыгінал нумара газеты “Советская Белоруссия” за 9 мая 1945 года.
— У наш музей яго перадала сям’я аднаго з вучняў. Гістарычна значны нумар газеты аб’ядноўвае ўсе тры экспазіцыі: прысвечаную Аляксею Міхайлавічу, вызваліцелям Гродна, імёнамі якіх названы вуліцы абласнога цэнтра, і генацыду беларускага народа, — гаворыць настаўніца гісторыі Кацярына Якімчык.
Сведка гісторыі
Захоўваюцца ў школьным музеі і старонкі газет, дзе галоўным героем публікацый не раз станавіўся Аляксей Міхайлавіч. На газетнай паперы акуратным почыркам ветэрана выведзены назва выдання і год публікацыі: 1979, 1984… У адным з матэрыялаў ён адказвае журналісту на галоўнае пытанне, якім сустрэў Гродна ў 1944 годзе.
“Первое, что навсегда в ту ночь засело в памяти, — названия, прочитанные на карте: Румлево, Фолюш, Лососно, Сопоцкин. Для меня, выросшего на Орловщине, звучали они немного странно, таинственно. Это были наши главные ориентиры. У Румлево предстояло переправиться через Неман. Пробирались по глубокому рву среди вековых деревьев. Выходили из оврага по одному, с величайшей предосторожностью. Знали только — в обозначенном месте нас встретят. Наконец, заблестел в предрассветном тумане Неман. Признаюсь, показался он тогда мне холодным, каким-то свинцовым. Я прошел, а вернее форсировал до этого не одну реку — Десну, Днепр, Проню. Но Неман произвел почему-то такое впечатление”, — адказаў тады ветэран (Гродна быў вызвалены 16 ліпеня, а Аляксей Міхайлавіч прыйшоў сюды 14-га, бо быў разведчыкам і заўсёды павінен быў ісці крыху наперадзе асноўных войскаў. — Заўвага аўтара.).
Для ўраджэнца вёскі Шахава Арлоўскай вобласці Расіі гэта была першая сустрэча з Гроднам, і тады ён нават не думаў пра яе лёсавызначальны характар. Справа ў тым, што большая частка мірнага жыцця вызваліцеля ў далейшым была звязана менавіта з гэтым горадам. У 1972 годзе ў званні палкоўніка ён выйшаў у адстаўку і ў хуткім часе ўладкаваўся ў горадзе над Нёманам. Працаваў на гарадскім прадпрыемстве “Гроднахлебпрам”, галоўпаштамце. У Гродне скончыўся і жыццёвы шлях ветэрана ў 2020 годзе. Старшакласнікі сярэдняй школы № 41 добра ведаюць, дзе знаходзіцца магіла Аляксея Міхайлавіча — на алеі герояў на гарадскіх могілках.
— З кветкамі бываем тут з навучэнцамі напярэдадні важных дат біяграфіі нашага галоўнага школьнага героя. І гэта яшчэ адзін важны аспект выхаваўчай работы з моладдзю, — падкрэслівае Кацярына Якімчык.
Сцяна школьных герояў
З прысваеннем школе імя Аляксея Міхайлавіча тут ініцыіравалі яшчэ адно значнае пачынанне. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў 2023 годзе ўпершыню арганізавалі канферэнцыю для навучэнцаў, дзе пра Вялікую Айчынную вайну яны гаварылі ўжо ў кантэксце асабістых сямейных гісторый. Дзеці і педагогі расказвалі пра сваіх дзядоў і прадзедаў, лёс якіх апаліла вайна.
Вынікі гэтай канферэнцыі атрымалі працяг. У адным з холаў установы адукацыі з нядаўняга часу аформлена фотаэкспазіцыя “Ваш подзвіг жывы, непаўторны!”. Партрэты сваякоў вучняў школы і педагогаў дапоўнены QR-кодамі, пры пераходзе па якіх кожны жадаючы можа азнаёміцца з інфармацыяй пра герояў вайны. Гэтай інфармацыяй ганарацца, шануюць у сем’ях і перадаюць з пакалення ў пакаленне як адзін з важных урокаў гісторыі.
— Многія моманты пры падрыхтоўцы нашай сцяны славы па-сапраўднаму ўразілі, — успамінае куратар праекта настаўніца гісторыі Яніна Валкоўская. — У сям’і нашай настаўніцы інфарматыкі Надзеі Мішковіч трое прадзедаў прайшлі праз вогненнае гарніла вайны. А сын настаўніцы матэматыкі Таццяны Барэль у дадатак да партрэта прадзеда і храналогіі яго жыцця напісаў вельмі кранальны верш у памяць аб ім.
Як толькі ідэя афармлення сцяны памяці ў школе была рэалізавана, сталі яшчэ з’яўляцца жадаючыя расказаць пра сваіх родных у такім фармаце. Таму партрэтная галерэя будзе дапаўняцца новымі асобамі.
— Вельмі важным момантам стала зваротная сувязь з бацькамі нашых вучняў. Многія дзякавалі і падкрэслівалі важнасць таго, што пра герояў іх сям’і будуць ведаць і памятаць не толькі яны, — дадае Яніна Валкоўская.
Праект з’яўляецца не толькі інтэрактыўным, але і мабільным. У школе распрацавалі яго мініяцюрную копію — пераносны варыянт, які можна прадстаўляць на тэматычных семінарах і ў іншых установах.
— Для любога чалавека патрыятычнае выхаванне — гэта перш за ўсё любоў да Радзімы. У нашай школе ствараюцца неабходныя ўмовы, каб дзеці ганарыліся сваёй сям’ёй і школай, сваім горадам, краінай, памяталі пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы выкарыстоўваем такія формы работы, якія аказваюць эмацыянальнае ўздзеянне на падлеткаў, прымушаюць задумацца аб цане Перамогі, — падводзіць вынік размовы Алена Шэўчык.
З гэтым выказваннем цяжка не пагадзіцца. Эмацыянальны аповед пра мінулае — лепшы спосаб сказаць моладзі, як важна памятаць і шанаваць урокі гісторыі.
***
Аляксей Міхайлавіч Кузняцоў нарадзіўся 10 сакавіка 1924 года ў вёсцы Шахава Урыцкага раёна Арлоўскай вобласці. Ён марыў вучыцца, атрымаць прафесію, але пачалася вайна. Эвакуіравацца сям’я не паспела. Бацька пайшоў на фронт і загінуў. Малодшы брат у 14 гадоў падарваўся на міне і застаўся інвалідам.
У 1943 годзе, калі Арол вызвалілі, Аляксея прызвалі на фронт кулямётчыкам, потым разведчыкам. Ваяваў на Цэнтральным, 1-м і 2-м Беларускіх франтах у складзе 369-й і 90-й стралковых дывізій.
У ліпені 1944 года дывізія, у якой служыў Аляксей Кузняцоў, у складзе 50-й арміі 2-га Беларускага фронту прымала ўдзел у вызваленні Гродна. Пасля заканчэння вайны Аляксей Кузняцоў стаў кадравым вайскоўцам і яшчэ тры дзясяткі гадоў служыў Айчыне.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнамі Славы II і III ступеней, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За абарону Ленінграда”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна” і многімі іншымі.
Звання “Ганаровы грамадзянін горада Гродна” Аляксей Міхайлавіч Кузняцоў быў удастоены ў 1987 годзе за вялікія заслугі ў абароне Айчыны і ўдзел у вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама за работу па патрыятычным выхаванні моладзі.
Источник: https://nastgaz.by