Навелы Кодэкса аб адукацыі пракаменціравалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў
24.12.2024Навелы і значэнне закона, якім комплексна карэкціруецца Кодэкс аб адукацыі, абмеркавалі ў канферэнц-зале Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У актуальнай размове прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алена Клішэвіч, Алег Кузьмін, Міхаіл Мірончык, Алена Хаміцэвіч, а таксама начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Стонька і дырэктар сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Ала Вяршэня.
У дакумент уключаны нормы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці, якасці і даступнасці адукацыі, пашырэнне дзяржаўнай абароны навучэнцаў, маладых спецыялістаў і сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей і моладзі, а таксама на ўзмацненне адказнасці суб’ектаў адукацыйных адносін. Законам прадугледжаны нормы, якія карэкціруюць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі з улікам тэндэнцый развіцця сучаснай адукацыйнай прасторы і практыкі прымянення дзеючага кодэкса.
— Галоўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі застаюцца нязменнымі: дзяржаўная падтрымка, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека, справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыі кожнаму, незалежна ад сацыяльнага статусу і месца пражывання, — адзначыў Міхаіл Мірончык.
— Сістэма адукацыі павінна развівацца і ўдасканальвацца ў інтарэсах асобы, грамадства, дзяржавы, улічваць як выклікі сучаснасці, так і тэндэнцыі будучыні. Менавіта такі падыход знайшоў адлюстраванне ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, новая рэдакцыя якога ўступіла ў дзеянне ў поўным аб’ёме 1 верасня 2022 года. Прадстаўлены Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі” — працяг работы па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў адукацыйнай сферы, — падключылася да размовы Алена Клішэвіч.
— “Праект Закона “Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі” быў унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў 18 чэрвеня 2024 года. У мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб выключэнні практыкі ўнясення ў законы (кодэксы) шматлікіх змяненняў і дапаўненняў, частка норм законапраекта была перададзена для ўключэння ў іншыя законапраекты. У сувязі з гэтым назва законапраекта была зменена на “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”, — паведаміў Алег Кузьмін.
— Законапраектам прадугледжвалася комплексная карэкціроўка Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а таксама ўнясенне змяненняў у Працоўны кодэкс з улікам правапрымяняльнай практыкі і неабходнасці ўрэгулявання актуальных пытанняў у сферы адукацыі. Праведзены пяць пасяджэнняў рабочых груп, два выязныя пасяджэнні, на якіх з удзелам кіраўнікоў і работнікаў устаноў адукацыі абмяркоўваліся навацыі законапраекта, прапановы па яго ўдасканаленні. Адбылася рабочая нарада з начальнікамі галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, а таксама пашыранае пасяджэнне камісіі пад кіраўніцтвам старшыні Палаты прадстаўнікоў з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі. Па ініцыятыве старшыні Палаты прадстаўнікоў праведзена дэпутацкая лінейка-семінар-нарада “Развіццё сістэмы адукацыі на сучасным этапе: праблемныя пытанні і навацыі ў заканадаўстве”. Прапановы, якія паступілі ў камісію, былі абагульнены і ўважліва прааналізаваны. Затым была сфарміравана рабочая група па дапрацоўцы законапраекта. Пасля праект закона быў прыняты ў другім чытанні на пасяджэнні другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. І вось ён падпісаны кіраўніком дзяржавы і ўступіць у сілу 1 верасня 2025 года, — дадала Алена Хаміцэвіч.
Звернемся да асобных навацый закона.
Прадугледжана ажыццяўленне падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын у школах, размешчаных у пасёлках гарадскога тыпу.
— Гэтае змяненне вельмі важнае і чаканае, бо дае магчымасць навучэнцам атрымаць вадзіцельскае пасведчанне і стаць больш сацыяльна абароненымі. А з іншага боку, яно будзе садзейнічаць развіццю эканомікі, бо тым жа сельскагаспадарчым прадпрыемствам не трэба будзе траціць час на падрыхтоўку будучых вадзіцеляў, — заўважыў Алег Кузьмін.
— Згодна з Алегам Аляксеевічам, — сказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Стонька. — Гэтая навацыя сапраўды пашырыць прафесійныя магчымасці выпускнікоў і стане добрай базай для далейшага развіцця.
У законе замацавана вызваленне навучэнцаў ад выніковых выпрабаванняў па завяршэнні навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі па медыцынскіх паказаннях.
— Гэта таксама важная для нас норма, бо датычыцца ўступнай кампаніі. Да прыняцца закона яна дзейнічала толькі ў адносінах да дзевяцікласнікаў, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Ала Вяршэня.
— Цяпер выпускнікі, якія па медыцынскіх паказаннях не здавалі ЦЭ, будуць арыентавацца на гадавую адзнаку, — дадаў Міхаіл Мірончык.
— Тут жа хочацца адзначыць: у Законе “Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі” ёсць навацыя, што тычыцца выпускнікоў, якія па выніках ЦЭ атрымалі нулі. У іх з’явіцца магчымасць паспрабаваць свае сілы яшчэ раз, здаўшы экзамен у жніўні, — праінфармаваў Алег Кузьмін.
— А ў дзесяцікласнікаў вучэбныя заняткі будуць завяршацца не 31 мая, а 25-га, як у навучэнцаў 9-х і 11-х класаў. Пакуль дзевяці- і адзінаццацікласнікі будуць рыхтавацца да выпускных экзаменаў, вучні 10-х класаў будуць праходзіць навучанне падчас вучэбна-палявых збораў, і канікулы ў іх пачнуцца разам з усімі — 1 чэрвеня, — паведаміла Алена Хаміцэвіч.
Яшчэ адной навацыяй з’яўляецца замацаванне патрабавання да навучэнцаў школ прытрымлівацца дзелавога стылю адзення.
— Мы вельмі рады, што гэтая навела з’явілася ў законе. Сёння мы шмат гаворым пра знешні выгляд школьнікаў і прыйшлі да высновы, што на занятках навучэнцы павінны прысутнічаць у адзенні дзелавога стылю, за выключэннем урокаў фізічнай культуры і працоўнага навучання. І з гэтым згодны ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу: педагогі, вучні, бацькі. Новая заканадаўчая норма дапаможа кантраляваць гэты працэс, — заўважыла Алена Клішэвіч.
— Сапраўды, дзелавы стыль адзення школьнікаў — добрая норма, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Ала Вяршэня. — Навучэнцы нашай школы даўно яго прытрымліваюцца, дзецям падабаецца. Такое адзенне дапамагае настроіцца на работу і фарміруе ў дзяцей пэўны густ.
Мясцовыя органы ўлады надзяляюцца паўнамоцтвамі па арганізацыі бясплатнай перавозкі навучэнцаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў (у цяперашні час прадугледжаны падвоз толькі ў сельскіх населеных пунктах да ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі).
— Вельмі добра, што гэтую праблему заўважылі. Гэтая навацыя дапаможа ахапіць большую колькасць дзяцей. Прыемна, што і школьны аўтобусны парк пастаянна абнаўляецца. Але бацькі, прачытаўшы пра новаўвядзенне, пачалі ўжо тэлефанаваць і патрабаваць, каб дзіця забіралі літаральна ад брамкі. Давядзецца праводзіць вялікую растлумачальную работу, хоць новаўвядзенне накіравана на сацыяльную падтрымку насельніцтва, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Стонька.
Захаваны адзіныя грашовыя нормы расходаў на харчаванне ў дзіцячых садах і школах, якія ўстанаўліваюцца ўрадам з улікам існуючых цэн на прадукты харчавання.
— Мы здолелі адстаяць гэтыя нормы, бо лічым, што ў азначаным пытанні павінны быць адзіныя падыходы. Акрамя таго, такі падыход забяспечыць яснасць і празрыстасць для кантралюючых органаў. Тут жа хочацца заўважыць, што харчаванне дзяцей у навучальных установах пасля эксперымента палепшылася па многіх паказчыках. Дзеці атрымліваюць не проста смачна згатаваную ежу, але і карысную і ў дастатковай колькасці. І яна ім падабаецца. Мы на сённяшні дзець амаль поўнасцю выконваем натуральныя нормы па харчаванні, — сказала Алена Клішэвіч.
— Гэта сапраўды так, — пацвердзіла Ала Вяршэня. — У нашай школе натуральныя нормы выконваюцца амаль на 100%.
Падугледжана ўключэнне ў лік педагагічных работнікаў прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў.
— Гэтая норма накіравана на падтрымку гэтых бацькоў. Гаворка ідзе пра наданне статусу педагагічнага работніка выхавальнікам дамоў сямейнага тыпу — мамам і татам, якія ўзялі на сябе місію выхоўваць 5—10 (і больш) дзяцей. Мы падтрымалі гэтую ініцыятыву, каб заканадаўча замацаваць іх правы і абавязкі, — адзначыў Міхаіл Мірончык.
Замацавана прадастаўленне лагапедычнай дапамогі дзецям з расстройствамі аўтыстычнага спектра.
— Гэта вельмі значная навацыя, якая дапаможа такім дзецям атрымліваць своечасовую і кваліфікаваную дапамогу, — заўважыла Людміла Стонька.
Цяпер заканадаўча выключаецца права рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі з улікам практыкі прымянення заканадаўства аб ліцэнзаванні.
— Гэтая норма запатрабавана часам. Яна дае магчымасць не дапускаць нерэгламентаванага падыходу ў навучанні. Для нашых дзяцей створаны роўныя ўмовы для навучання, гарантавана атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. Дзяржаўных стандартаў павінны прытрымлівацца ўсе ўстановы адукацыі, — сказаў Міхаіл Мірончык.
Сярод навацый — прадастаўленне гарантыі маладым спецыялістам, звольненым з работы ў сувязі з прызывам на ваенную службу, але не накіраваным для яе праходжання, на займанне ранейшай пасады.
— Такія гарантыі дапамогуць не застацца без работы маладому спецыялісту. Напрыклад, прызыўнік можа захварэць або воінскія часці ўкамплектаваны. Тады маладога чалавека абавязаны ўзяць на тую работу, адкуль нядаўна звольнілі. Акрамя таго, да 10 каляндарных дзён павялічаны тэрмін на займанне ранейшай пасады спецыялістам, звольненым з работы ў сувязі з прызывам на ваенную службу, але не накіраваным для яе праходжання, — паведаміў Алег Кузьмін.
У законе замацаваны абавязак арганізацыі — заказчыка кадраў кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, у выпадку неабгрунтаванага скасавання або невыканання ўмоў дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы (у мэтах узмацнення адказнасці заказчыкаў мэтавай падрыхтоўкі).
— Прадугледжваецца абавязак УВА і каледжаў узгадняць размеркаванне і пераразмеркаванне сваіх выпускнікоў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і выканаўчымі камітэтамі, а таксама з асобнымі галіновымі міністэрствамі. Унесены карэкціроўкі, якія тычацца падрыхтоўкі мэтавікаў. Калі прадпрыемства заключыла такі дагавор з маладым чалавекам, а пасля яго да сябе не працаўладкавала, то яно панясе адказнасць: арганізацыя будзе абавязана пакрыць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыялістаў. Акрамя таго, ураду прадастаўлены паўнамоцтвы па вызначэнні Кодэксам аб адукацыі выпадкаў пераразмеркавання і перанакіравання на работу маладых спецыялістаў, напрыклад, іх перанакіравання на службу ў МУС, Следчы камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, — паведаміў Міхаіл Мірончык.
Замацавана прадастаўленне права на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь асобам, якія атрымліваюць адукацыю на платнай аснове ў прыватных і дзяржаўных установах адукацыі.
— Прадастаўленне такога права — забеспячэнне роўных магчымасцей для студэнтаў-бюджэтнікаў і студэнтаў-платнікаў, — падкрэсліла Алена Хаміцэвіч. — Тут жа звяртаю вашу ўвагу на тое, што цяпер заканадаўча замацавана выдзяленне грантаў замежным грамадзянам на навучанне ў нашай краіне. Гаворка пра моладзь, якая будзе засвойваць вучэбную праграму падрыхтоўкі да паступлення ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з перспектыўных для развіцця знешнеэканамічных сувязей краін Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі. Гэтая норма накіравана на прасоўванне нашых універсітэтаў і каледжаў у замежных краінах.
Міністэрства эканомікі па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі зможа надаваць статус бізнес-школы ўстановам вышэйшай адукацыі.
— У закон уключаны нормы, накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы бізнес-адукацыі. Мяркуем, што гэтай навацыяй скарыстаюцца многія нашы ўніверсітэты — як сталічныя, так і рэгіянальныя, бо яна пашырае іх адукацыйныя магчымасці, — запэўніў Міхаіл Мірончык.
Цяпер выпускнікі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, вызваляюцца ад кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы пры пераразмеркаванні ў населеных пунктах па месцы жыхарства або па месцы ўключэння іх у спісы ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
— Гэта сацыяльна арыентаваная норма. Як і дапаўненне пераліку асоб, якія маюць пераважнае права пры прыёме ў санаторныя школы-інтэрнаты, катэгорыяй “дзеці-інваліды да 18 гадоў” у мэтах іх сацыяльнай падтрымкі. Да гэтага такім правам былі надзелены дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзеці з мнагадзетных сем’яў, — адзначыла Алена Клішэвіч.
Источник: https://nastgaz.by