Настаўнік назаўжды. Генрыка Францаўна Галадзенка знаходзіла ключык да сэрца кожнага вучня
23.12.2024Штодзённая творчасць, душэўная дабрыня, любоў да дзяцей, бездакорнае веданне сваёй справы… Усімі гэтымі якасцямі валодае Генрыка Францаўна Галадзенка, ветэран педагагічнай працы, якая адзначыла 80гадовы юбілей.
Нарадзілася 5 ліпеня 1944 года ў Воранаве Гродзенской вобласці. У 1962 годзе скончыла Воранаўскую сярэднюю школу. Любоў да педагогікі ў здольнай дзяўчынкі прачнулася рана, і 1962/1963 навучальны год яна працавала настаўніцай англійскай мовы і фізікі ў Таўзгінянскай васьмігадовай школе Воранаўскага раёна.
У 1963 годзе паступіла ў Калінінградскі дзяржаўны педагагічны інстытут на матэматычны факультэт. Пасля яго заканчэння была накіравана ў Несцераўскую сярэднюю школу настаўніцай матэматыкі. У 1970 годзе па сямейных прычынах перайшла на работу ў Пакрышкінскую васьмігадовую школу, дзе працавала 10 гадоў. З 1980 года — у Вішнеўскай васьмігадовай школе Слаўскага раёна. У 1985 годзе Генрыка Францаўна вярнулася ў Несцераў.
Больш як 40 гадоў яна працавала настаўніцай, шмат гадоў у розных школах была завучам па вучэбна-выхаваўчай рабоце. На працягу многіх гадоў была настаўнікам для маладых спецыялістаў, якія пачыналі сваю прафесійную дзейнасць у Несцераве, рыхтавала прызёраў і пераможцаў конкурсаў і прадметных алімпіяд, мае вялікую колькасць падзяк і грамат.
Яна вельмі адказна адносілася да выхавання дзяцей. Была мудрым класным кіраўніком, заўсёды старалася арганізаваць работу з дзецьмі так, каб яны самі праяўлялі ініцыятыву, імкнуліся палепшыць сваю паспяховасць і нават падрыхтаваць нумар мастацкай самадзейнасці на свой густ. Цярпліва адносілася настаўніца і да свавольстваў сваіх вучняў, праяўляючы мудрасць у адносінах да падлеткаў. Як вопытны педагог імкнулася разнастаіць віды работ, дапамагала школьнікам авалодаць матэматычнай пісьменнасцю, стратэгіяй і тактыкай дыялагічных і групавых зносін, вучыла вырашаць розныя камунікатыўныя задачы. Мудры, таленавіты педагог, настаўнік па прызванні, да глыбіні душы адказная, яна знаходзіла ключык да сэрца кожнага вучня. Таксама Генрыка Францаўна — цікавы чалавек, суразмоўнік, жонка, мама, бабуля. Яна ўмее зразумець і дзіця, і дарослага, дапамагае справай і парадай.
Два гады назад быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Воранаўскім раёнам і Калінінградскай вобласцю ў рамках праекта “Расія — Беларусь: моцнае партнёрства”. Цікавыя факты былі адкрыты ў рамках супрацоўніцтва Несцераўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы імя В.І.Пацаева з Пагародзенскай сярэдняй школай. Падчас рэалізацыі праекта “Імі ганарыцца школа” было ўстаноўлена, што там працавала настаўніцай наша зямлячка Генрыка Францаўна Галадзенка. У горадзе Несцераў яе цэняць і паважаюць як мудрага і таленавітага педагога, цікавага чалавека. І мы ганарымся, што такі педагог — наша зямлячка!
Источник: https://nastgaz.by