РУС БЕЛ ENG 中文

Ігар Карпенка: роля школы ў фарміраванні ў моладзі агульнапрынятых каштоўнасцей і дзяржаўных арыенціраў ключавая

17.12.2024

Дырэктары школ Ліды і Лідскага раёна наведалі Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі і храм-помнік у гонар Усіх Святых. Візіт праходзіў у межах рэалізацыі праекта «Духоўнасць і патрыятызм: дыялогі з «Настаўніцкай», прымеркаванага да 80-годдзя газеты.

Кіраўнікі азнаёміліся з гісторыяй выбарчай сістэмы нашай краіны, падрабязней даведаліся пра яе адметнасці ў сучасных умовах. Ім была прадстаўлена літаратура па фарміраванні выбарчай культуры.

Асаблівую цікавасць выклікалі кнігі для дзяцей з простай і візуальна падмацаванай інфармацыяй па гісторыі станаўлення выбарчых працэсаў у дзяржаве.

Кульмінацыяй візіту стала сустрэча са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігарам Карпенкам. Ігар Васільевіч расказаў пра ход прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, спыніўся на некаторых гістарычных аспектах і змяненнях у заканадаўстве, дзякуючы якім у нас замацавалася паняцце электаральнага суверэнітэту. Акрамя таго, ён адзначыў, наколькі сёння важна актыўна ўзаемадзейнічаць з моладдзю, фарміраваць у яе агульнапрынятыя чалавечыя каштоўнасці і дзяржаўныя арыенціры.

— Роля школы і настаўніка ў гэтым працэсе ключавая, — звярнуўся да прысутных Ігар Карпенка.

Пасля школьныя кіраўнікі наведалі храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. Экскурсія па ім заўсёды выклікае шмат эмоцый. У гэтым месцы сабраны як гістарычныя артэфакты, так і духоўныя апоры. Крыпта з нішамі, дзе размешчаны саркафагі з астанкамі ўдзельнікаў трох войнаў, нязгасная лампада, мемарыяльныя дошкі, музей памяці — усё гэта духоўна ўзбагачае наведвальнікаў і нагадвае пра абавязак помніць.

— Многія з нас тут не першы раз, але кожнае наведванне храма-помніка пакідае вельмі светлыя пачуцці. Таму хочацца падзякаваць Выдавецкаму дому «Педагагічная прэса» за магчымасць яшчэ раз дакрануцца да святыні, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк.

Завяршальным акордам насычанага дня стала ўшаноўванне Лідскага раёна за 2-е месца па выніках конкурсу на лепшую падпіску за другое паўгоддзе 2024 г., якое прайшло ў Белай зале храма-помніка.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: