Победитель чемпионата первенства Гродненской области по бегу, учитель СШ г.п. Мир имени А.И. Сташевской Анастасия Лихач: «Спорт делает меня счастливой»
16.12.2024Сёлета на восеньскім чэмпіянаце першынства Гродзенскай вобласці па лёгкаатлетычным кросе на дыстанцыі 1500 м настаўнік фізічнай культуры ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Анастасія Ліхач паказала лепшы вынік і паднялася на п’едэстал пераможцы.
Анастасія родам з агр. Жухавічы. Будучы школьніцай, зарэкамендавала сябе адной з лепшых спартсменак школы і атрымала запрашэнне ў школу алімпійскага рэзерву г. Гродна.
– Я з самага дзяцінства жыву спортам: настольны тэніс, валейбол, футбол… Не сказаць, каб ва ўсіх відах дасягала высокіх вынікаў, але нейкія былі. Больш за ўсё па душы была і застаецца лёгкая атлетыка. Ды і, шчыра кажучы, спорт заўсёды рабіў мяне шчаслівай, – дзеліцца дзяўчына.
Так юная спартсменка змяніла сельскую прапіску на гарадскую, пачала яшчэ больш увагі надаваць лёгкай атлетыцы. Яе “каньком” сталі бег і спартыўная хадзьба. Пасля заканчэння УА “Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву” паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. У 2022 годзе ўладкавалася на працу настаўнікам фізкультуры ў школу г.п. Мір. Зараз Анастасія Сяргееўна адна з тых выкладчыкаў, якіх прынята называць маладымі і перспектыўнымі. Перспектывы сапраўды ёсць. Дзяўчына валодае той якасцю, якая для сучаснага маладога выкладчыка з’яўляецца самай важнай. А размова ідзе пра жаданне працаваць, жыць у прафесіі і сваім асабістым прыкладам прывіваць любоў да спорту падрастаючаму пакаленню.
Пра свае першыя крокі ў педагогіцы малады настаўнік фізкультуры ўспамінае сур’ёзна, але не без усмешкі. Кажа, у калектыў улілася адразу. Калегі ды і вучні былі рады прыходу маладога спецыяліста. Хвалявалася, урокі вяла строга па загадзя спланаваным канспекце. Сёння ж Анастасія Сяргееўна адчувае сябе больш упэўнена, навучылася валодаць аўдыторыяй, трымаць дысцыпліну на ўроку, а для некаторых рабят паспела стаць любімым настаўнікам. Сама ж яна гаворыць:
– Так, гэта класна. Дзеці глядзяць, зараджаюцца энергіяй. Калі паказваеш ім практыкаванні прыгожа і эстэтычна, то і яны імкнуцца палепшыць свае вынікі. Гэта бачу і ў скачках у даўжыню, і падчас бегу ці гульні. Усе імкнуцца паўтарыць так, як зрабіў настаўнік. Увогуле, асабіста для мяне ўрок фізкультуры – гэта магчымасць добрых карысных зносін настаўніка і вучня, якія даюць зарад станоўчых эмоцый. Дзеці, займаючыся фізкультурай і спортам, спазнаюць свет, спрабуюць свае сілы, развіваюцца, растуць, дасягаюць вынікаў. А яшчэ гэта і свайго роду тэатральная пастаноўка, якая ствараецца настаўнікам-рэжысёрам для таго, каб яго вучні атрымалі зарад здароўя, адчулі, што значыць для чалавека пачуццё поспеху, падтрымка каманды і калектыву.
Навучаючы дзяцей заняткам спортам, малады педагог і сама праяўляе спартыўную актыўнасць па-за ўрокаў. Удзельнічае ў розных спаборніцтвах, эстафетах, спартакіядах. У завяршэнне нашай размовы спытала: “Што, на Вашу думку, можа прыносіць задавальненне і радасць ад працы ў школе?”
– Любая праца, калі ставіцца да яе не толькі як да крыніцы даходу, але і як да высакароднай місіі, будзе прыносіць задавальненне і радасць. Адна справа – выконваць даручанае якасна, каб атрымаць стымулюючыя выплаты, зусім іншае – хадзіць на работу, ведаючы, што кожны новы дзень ты дапамагаеш дзецям стаць лепшымі. Гэта выдатна і годна павагі. Да месца тут будзе выказванне вядомага рускага пісьменніка і публіцыста Фёдара Абрамава: “Настаўнік – гэта чалавек, які трымае ў сваіх руках заўтрашні дзень краіны, будучыню планеты”. Гэтыя мудрыя словы мы, педагогі, заўсёды павінны памятаць, – адзначыла суразмоўца.
Источник: https://www.polymia.by