Учащиеся из Кореличского района вошли в число победителей областной научно-практической конференции «Наука побеждать»
16.12.20249 снежня навучэнцы сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы Соф’я Васько, сярэдняй школы імя Г. І. Сташэўскай г.п. Мір Ганна Канановіч, Цырынскай сярэдняй школы Дар’я Барысік прынялі ўдзел у заключным этапе V адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”, прысвечанай 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і атрымалі Дыпломы пераможцаў.
Васьмікласніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Соф’я Васько ў намінацыі “Медаль за бой, медаль за працу з аднаго металу льюць” прадставіла работу “Яе настаўніцкае шчасце”. У ёй раскрываецца жыццёвае крэда вядомай жыхаркі Карэліччыны, былой настаўніцы, маючай званне “Выдатнік адукацыі”, ветэрана працы Галіны Паўлаўны Калтуновай, якая і на заслужаным адпачынку займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна кіруе літаратурным аб’яднаннем “Рэчанька” пры раённай газеце “Полымя”, піша і друкуе ўласныя вершы і артыкулы.
Праца вучаніцы ўдастоена высокай ацэнкі журы — Дыплома I ступені.
Як адзначыла сама вучаніца, для яе вялікі гонар прадстаўляць раён на абласным узроўні і стаць адной з лепшых.
— Праца над зборам і сістэматызацыяй матэрыялу вялася на працягу некалькіх гадоў. Вельмі цікава было сустракацца з Галінай Паўлаўнай і весці гутаркі з гэтым вялікай душы чалавекам. Я вельмі ўдзячна лёсу, што звёў мяне з такім цудоўным, мудрым чалавекам. Яна з катэгорыі тых людзей, хто запальвае агеньчыкі ў душах іншых, – адзначае Соф’я.
Паспяхова выступілі і адзінаццацікласніцы сярэдняй школы імя Г.І. Сташэўскай г.п. Мір Ганна Канановіч і Цырынскай сярэдняй школы Дар’я Барысік, якія заваявалі дыпломы IIІ ступені.
Ганна Канановіч у сваёй рабоце даследавала гісторыю лёсу землякоў.
— Я пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Інэсы Пастуховай даследавала гісторыю лёсаў яўрэяў, якія пражывалі ў г.п. Мір і падчас Вялікай Айчыннай вайны апынуліся на акупаванай тэрыторыі. Цікава было працаваць з архіўнымі дакументамі, знаёміцца з дакументальнай хронікай пра дзейнасць партызан і пра жыццё мірнага насельніцтва роднага пасёлка, — падзялілася Ганна.
Дар’я Барысік з агр. Цырын на канферэнцыі прадставіла вынікі даследавання па тэме “Жыццёвы, баявы і працоўны шлях Чачота Міхаіла Антонавіча”, нашага земляка, які быў абаронцам блакаднага Ленінграда. Яна пераканана, што даследаваны і прадстаўлены матэрыял каштоўны і можа мець практычнае прымяненне. Тэма Вялікай Айчыннай вайны будзе заставацца актуальнай і далей. Сведкаў тых страшных гадоў становіцца ўсё менш, менавіта таму так важна захоўваць памяць. Гэта тая самая нябачная нітка, якая злучае мінулае і сучаснасць. Гэта падмурак, на якім будзе пабудавана будучыня.
Віншуем з высокімі вынікамі школьніц і іх педагогаў-кіраўнікоў праектаў: Алену Васько (СШ №1 г.п. Карэлічы), Інэсу Пастухову (СШ імя Г.І. Сташэўскай г.п. Мір) і Дзмітрыя Алексеевіча (Цырынская СШ)!
Источник: https://www.polymia.by