Яны зрабілі правільны выбар…
11.12.2024Пытанне правільнага выбару прафесіі стаіць перад будучымі выпускнікамі штогод. Якім ён будзе? Што неабходна зрабіць для таго, каб праз некалькі гадоў кожны з іх сказаў: “Я зрабіў правільны выбар!”
Вучні ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа” яшчэ ў 10 класе 2023/2024 навучальнага года выбралі для вывучэння на павышаным узроўні прадметы аграрнай накіраванасці і сталі называцца аграрным класам. Ці правільны выбар яны зрабілі? З гэтай мэтай і сабраліся, каб пагаварыць пра ўсе “за” і “супраць”.
У ролі спікераў на ток-шоу “Правільны выбар” выступілі высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі: першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Мастоўскага райвыканкама Наталля Раманава, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі Мастоўскага райвыканкама Наталля Каўшовік, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і інфармацыйнай рабоце ЗАТ “Гудзевічы” Марыя Палубятка, загадчык майстэрні “Гудзевічы” Максім Шышко. У якасці мадэратара ток-шоу выступіла дырэктар ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа” Валянціна Пабежка.
Спачатку вучні здзейснілі невялікае віртуальнае падарожжа па аграрных вузах нашай краіны і пазнаёміліся са спецыяльнасцямі, што прапануюцца будучым абітурыентам. Якія спецыялісты на сённяшні дзень запатрабаваны ў Мастоўскім раёне, данесла да ведама прысутных Наталля Раманава. Наталля Каўшовік пазнаёміла выпускнікоў з правамі і гарантыямі, якімі карыстаюцца спецыялісты аграпрамысловага комплексу ў Мастоўскім раёне. Аб перспектывах маладых спецыялістаў – працаўнікоў ЗАТ “Гудзевічы” –паведаміла Марыя Палубятка.
Як сустрэлі, як падтрымалі на першым працоўным месцы, падзяліўся сваімі ўражаннямі малады спецыяліст Максім Шышко. Ён ні разу не пашкадаваў, што закончыў аграрны ВУЗ і прыехаў на працу ў ЗАТ “Гудзевічы”.
“Сям’я аграрыяў – гэта гучыць ганарова!” – так пачала сваё выступленне мама адной з выпускніц, загадчыца малочна-таварнай фермы “Ляткі” Наталля Насенка. Прафесійны лёс прывёў яе з сацыяльнай сферы ў сельскагаспадарчую. Яна расказала пра станоўчыя моманты сваёй цяперашняй прафесіі. Наталля Пятроўна засяродзіла ўвагу прысутных, што хвалюецца за правільны выбар дачкі, але нельга, каб выбар дзяцей быў жаданнем бацькоў. Яе падтрымалі і іншыя бацькі класа: Ірына Серык, Уладзімір Урбановіч, Святлана Шчарбіна, Таццяна Кузьміцкая.
Са шчырай парадай паступаць у ГрДУ звярнуўся да сваіх равеснікаў Антон Палойка – студэнт агранамічнага факультэта. Ён выйшаў на відэасувязь, паведаміў аб станоўчых момантах вучобы, выказаў жаданне бачыць сённяшніх выпускнікоў школы сярод студэнтаў.
У заканчэнне адзінаццацікласнікі выказаліся “за” аграрныя прафесіі, зрабілі пэўныя высновы і атрымалі ключ да правільнага выбару. Яны ўпэнены, што спадарожны вецер абавязкова прыгоніць іх карабель да прыстані пад назвай “Шчасце”.
Затым вучні прадэманстравалі прысутным свой першы аграрны вопыт. Яны прэзентавалі вертыкальныя градкі, сканструяваныя па прынцыпу гідрапонікі. Паабяцалі ганаровым гасцям, настаўнікам, бацькам, што ў сакавіку можна будзе пасмакаваць суніцы, якія яны гадуюць у сваім класе.
Источник: https://mosty-zara.by