РУС БЕЛ ENG 中文

Перспектывы развіцця ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці абмеркавалі ў Мінску

06.12.2024

Сучасны стан і перспектывы развіцця ваенна-­патрыятычных класаў мытнай накіраванасці былі абмеркаваны на круглым стале, які адбыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў школ і гімназій краіны, на базе якіх дзейнічаюць класы і групы мытнай накіраванасці, супрацоўнікаў профільных кафедр устаноў вышэйшай адукацыі.

Падчас круглага стала былі абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння мытных органаў, профільных кафедр УВА з класамі мытнай накіраванасці, вопыт планавання і рэалізацыі вучэбнай і выхаваўчай работы вы ўстановах адукацыі, шляхі яе ўдасканалення, сучасны стан вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў такіх класах і інш.

На сёння ў краіне дзейнічаюць 49 ваенна-патрыятычных класаў і груп мытнай накіраванасці ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Дарэчы, колькасць такіх класаў з году ў год павялічваецца. У іх вучацца 1112 навучэнцаў (у мінулым годзе — 782). Найбольшая колькасць мытных класаў адкрыта ў Мінскай і Гомельскай абласцях (14 і 9 адпаведна). У гэтым годзе з 81 выпускніка такіх класаў і груп паступілі ва УВА па профілі 12 школьнікаў, што складае 14,8%.

На думку намесніка начальніка ўпраўлення кадраў і ідэалагічнай работы ДМК Рэспуб­лікі Беларусь Дзмітрыя Харачынскага, эфектыўнасць такой прафарыентацыйнай работы неабходна павышаць, аб’яднаўшы намаганні школ і гімназій, дзе створаны мытныя класы, УВА і заказчыкаў кадраў.

Як адзначалася, з 1 верасня 2024 года для навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі “Гатовы Радзіме служыць!”. У праграме факультатыву, зацверджанага Міністэрствам адукацыі, распрацаваны вучэбны модуль “Будучы мытнік”, у межах якога навучэнцы знаёмяцца з тэрмінамі, якія прымяняюцца ў мытных органах, гісторыяй зараджэння і развіцця мытнай справы на беларускіх землях, з парадкам і ўмовамі праходжання службы ў мытных органах, з мытнай кіналогіяй, інфармацыйнымі тэхналогіямі ў названай сферы і інш. Зараз ствараецца вучэбна-метадычнае забеспячэнне факультатыўнага курса. Рыхтуецца да выдання вучэбны дапаможнік “Кніга будучага мытніка”.

Вопытам дзейнасці ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці па­дзяліліся намеснік дырэктара сярэдняй школы № 13 імя У.Ц.Цаба Гродна Мікалай Падручны і дырэктар сярэдняй школы № 18 імя Еўфрасінні Полацкай Полацка Канстанцін Шухлеў.

З 2021 года ў 18-й полацкай школе пачалі дзейнічаць групы мытнай накіраванасці. Галоўная іх мэта — матывацыя навучэнцаў на паступленне ва УВА Рэспублікі Беларусь. Штогод 10—12 навучэнцаў выказваюць жаданне вучыцца ў такім класе. Пачынаючы з 10 класа школьнікі вывуча­юць профільныя прадметы: матэматыку і англійскую мову, якія з’яўляюцца неад’емнымі ў мытнай сферы. Быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай мытняй, Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Е.По­лацкай і школай, у межах якога штогод складаецца праграма ўзаема­дзеяння. Яна прадугледжвае як адукацыйныя практыка-арыентаваныя мерапрыемствы (напрыклад, вучні знаёмяцца з работай Наваполацкага мытнага паста), так і спартыўныя, культурна-масавыя мерапрыемствы. Выкладчыкі ўніверсітэта чытаюць лекцыі, праводзяць практычныя заняткі ў межах факультатыўнага курса. Шматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі мытні, экскурсіі ва ўніверсітэт і пункты пропуску забяспечваюць школьнікаў неабходнымі навыкамі для асваення прафесіі. Дзякучы такому ўзаемадзеянню, навучэнцы яшчэ да паступлення становяцца бліжэй да мытнай справы.

Каля 50% выпускнікоў школы штогод выбіраюць спецыяльнасці, звязаныя з мытнай справай. Летась 6 навучэнцаў з мытнай групы паступілі па мэтавых накіраваннях у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, БелДУТ, а сёлета з 11 навучэнцаў 5 сталі студэнтамі. У наступным годзе выпускаюцца 12 навучэнцаў, з іх 7 плану­юць паступаць па профілі.

— Мы арыентуем дзяцей на мэтавае паступленне, каб яны былі ўпэўнены, што пасля завяршэння навучання ў іх будзе гарантаванае рабочае месца, — адзначыў Канстанцін Шухлеў.

 Дырэктар 18-й школы агучыў і праблемы, звязаныя з функцыянаваннем класаў і груп мытнай накіраванасці. Сярод іх — адсутнасць механізма паступлення выпускнікоў такіх класаў на льготных умовах ва ўстановы вышэйшай адукацыі, як гэта зроб­лена для выпускнікоў педагагічных, аграрных класаў; гендарны дысбаланс (сёння на спецыяльнасці, звязаныя з мытнай справай, паступаюць пераважна дзяўчаты); адсут­насць алгарытму выдачы мэтавых накіраванняў навучэнцам мытнай групы альбо класа.

Загадчык кафедры мытнай справы і міжнароднай лагістыкі ФМА БДУ Віктар Астрога спыніўся на рэалізацыі адзінага плана мерапрыемстваў для ўстаноў адукацыі, у якіх дзейніча­юць класы мытнай накіраванасці. У межах плана сёлета былі праведзены дзясяткі мерапрыемстваў (форумы, фестывалі, агляды-конкурсы, квесты і інш.), якія далі ўстановам адукацыі магчымасць прая­віць сябе, падзяліцца вопытам, наладзіць цеснае ўзаемадзеянне.

Пры стварэнні плана на наступны год, на думку В.Астрогі, неабходна ўлічыць унікальнасць і спецыфіку кожнай установы адукацыі, паказаць тое, што атрымлі­ваецца ў яе лепш за ўсё; прапанаваць больш мерапрыемстваў па тэматыцы мытнай справы; чаргаваць месцы правядзення мерапрыемстваў, каб прадэманстра­ваць, што служыць можна не толькі ў родным гора­дзе. Для больш эфектыўнай прафарыентацыі было вырашана працягнуць работу па забеспячэнні форменным адзеннем мытных класаў, а таксама прадумаць сістэму ўзнагарод для школьнікаў (за паспяховую вучобу, за дасягненні ў той ці іншай галіне і г.д.)

Педагогі ўнеслі і некаторыя прапановы наконт дзейнасці ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці. У прыватнасці, гаварылася пра тое, каб арганізаваць летам ваенна-палявыя зборы для навучэнцаў такіх класаў з удзелам УВА і Дзяржаўнага мытнага камітэта, распрацаваць унутрыўніверсітэцкую алімпіяду для мытных факультэтаў УВА, стварыць настольную гульню для навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці.

Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з выставай літаратуры грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі для арганізацыі работы ў ваенна-патрыятычных класах. Таксама прысутныя сталі сведкамі плац-параду студэнтаў групы Ганаровага каравула кафед­ры мытнай справы і міжнароднай лагістыкі ФМА БДУ. 

Стаць мытнікам

У кастрычніку 2024 года ў НДЦ “Зубраня” ў межах прафарыентацыйнай работы быў рэалізаваны праект “Атрад “Будучы мытнік”. 

Па словах намесніка дырэктара НДЦ “Зубраня” Ірыны Гунько, выхаванцамі атрада сталі 25 навучэнцаў 10-х ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці з 12 устаноў адукацыі рэспублікі. Была праведзена вялікая папярэдняя работа з педагогамі, якія потым працавалі з дзецьмі.

Змена пачалася з адукацыйнай экскурсіі ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, дзе навучэнцы азнаёміліся з работай спецыялістаў мытнай справы. Старт змены быў дадзены на дыялогавай пляцоўцы з удзе­лам прадстаўнікоў ДМК, падчас якой навучэнцы не толькі задалі пытанні, якія іх цікавілі, але і па­дзяліліся думкамі наконт вучобы ў мытных класах. На працягу змены рэалізоўваўся адукацыйны кампанент, мэтай якога было стварэнне ўмоў для фарміравання ў выхаванцаў устойлівай цікавасці да прафесійнай дзейнасці, звязанай з сістэмай захавання нацыянальнай бяспекі краіны. Ён складаўся з лекцыйных заняткаў, практыка-дэманстрацыйных форм работы і арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці выхаванцаў. На працягу змены адбыўся цыкл заняткаў з прадстаўнікамі вышэйшай адукацыі (БДУ, БНТУ, ГрДУ імя Янкі Купалы), а таксама з выкладчыкамі Дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў Рэспублікі Беларусь. Падчас навучання выхаванцы пашырылі свае веды пра гісторыю беларускай мытні, яе традыцыі, рытуалы і г.д. Заняткі мелі практычны складнік, былі інтэрактыўнымі. Школьнікі азнаёміліся з умовамі паступлення ва УВА, асаб­лівасцямі навучання. Супрацоўніц­тва з ДМК дазволіла арганізаваць наглядныя практыка-дэманстрацыйныя мерапрыемствы. Адным з самых відовішчных стаў дзень аператыўнай мытні, у межах якога для выхаванцаў былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі і дэманстрацыя абсталявання, зброі, амуніцыі, паказ баявога захопу злачынцаў, спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі. Да работы падключыліся супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні, якія прадэманстравалі работу на мяжы спецыялістаў-кінолагаў, расказалі пра дрэсіроўку службовых сабак.

Адным з важных змястоўных элементаў змены стала даследчая работа па тэме “Гісторыя мытнай справы маёй вобласці”. Вучні працавалі ў групах, а потым прадстаўлялі вынікі на вучэбна-даследчай канферэнцыі. Яны ўдасканалілі навыкі работы з рознымі крыніцамі інфармацыі і публічнага выступлення. Абмен вопытам, жывыя зносіны пры выкананні творчых заданняў, сумесны ўдзел у справах садзейнічалі развіццю камунікатыўных здольнасцей і сацыяльных навыкаў выхаванцаў.

Для прадастаўлення навучэнцам магчымасці паказаць свае веды і стварэння сітуацыі поспеху быў праведзены конкурс “Лепшы будучы мытнік змены”. Ён уключаў у сябе конкурс эсэ “Чаму я хачу быць мытнікам”, шматпрофільную алімпіяду па вучэбных прадметах, мытную спартакіяду, дыскусію “Ці прэстыжна быць мытнікам?”. У фінал выйшлі 5 удзельнікаў, якія прадэманстравалі свае ўменні і навыкі на сцэне.

Як лічыць Ірына Гунько, рэалізацыя праекта садзейнічала пашырэнню напрамкаў праф­арыентацыйнай работы, а таксама стварэнню ўмоў для грамадзянска-патрыятычнага выхавання ўдзель­нікаў змены. Цяпер варта падумаць над этапамі наступнага конкурсу, загадзя азнаёміць з імі магчымых удзельнікаў змены, каб яны маглі дома пачаць падрыхтоўку.

Сярод вектараў далейшага развіцця — павелічэнне колькасці атрадаў у змене “Будучы мытнік” у  2025/2026 навучальным го­дзе, прыцягненне педагогаў, якія займаюцца арганізацыяй дзейнас­ці ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці ў школах, для абмену вопытам, распаўсюджання атрыманых вынікаў. Абмяркоў­ваецца магчымасць правядзення фестывалю ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці ў летні перыяд у палатачным лагеры “Ружа вятроў” у НДЦ “Зубраня”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: