РУС БЕЛ ENG 中文

Галоўная наша каштоўнасць – чалавек працы, упэўнена Таццяна Якубовіч

06.12.2024

Чарговы, XI з’езд прафсаюза пройдзе 10 снежня бягучага года. Каля 400 дэлегатаў з усёй краіны збяруцца ў Палацы прафсаюзаў у Мінску, каб абмяняцца вопытам і пагаварыць пра будучыню прафсаюзнага руху. Пра тое, якой была пяцігодка 2020—2024, пра асноўныя вынікі работы галіновага прафсаюза за гэты перыяд і, зразумела, пра планы на наступную пяцігодку карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла са старшынёй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццянай Якубовіч.

Прымяняць нестандартныя падыходы

— Х з’езд прафсаюза адбыўся 19 лютага 2020 года, — пачынае Таццяна Раманаўна, — і адразу пасля яго кардынальна змяніліся нашы планы. Пачалася пандэмія каранавіруса, і нам давялося прымяняць нестандартныя падыходы і прымаць нестандартныя рашэнні, каб разам з сацыяльнымі партнёрамі справіцца з усімі выклікамі, якія ставіла перад намі само жыццё. У 2020 годзе мы зразумелі, якім крохкім можа быць мірнае жыццё, да якога мы прывыклі за 80 гадоў. З прычыны гэтых абставін у Год народнага адзінства мы дакладна разумелі, што павінны згурта­ваць наша грамадства. Мы пачалі з таго, што падтрымалі адкрыты ліст прафсаюзаў і працаўнікоў Рэспублікі Беларусь у міжнародныя арганізацыі працы супраць санкцый, якія былі прыменены ў аднабаковым парадку ў адносінах да нашай краіны. Усе разам мы сабралі звыш 1 млн 200 тысяч подпісаў, але, на жаль, да гэтай пары не атрымалі адказу ні ад адной з гэтых міжнародных арганізацый.

Галіновы прафсаюз у свой час актыўна ўключыўся ў работу над абмеркаваннем праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Закон аб Усебеларускім народным схо­дзе, а таксама ў галоўны дакумент нашай галіны – Кодэкс аб адукацыі. Мы правялі шмат дыялогавых пляцовак з моладдзю і працоўнымі калектывамі ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. У Год гістарычнай памяці прафсаюз актыўна абмяркоўваў тэмы, якія сталі актуальнымі ў апошнія гады: скажэнне нашай гісторыі, знішчэнне помнікаў і г.д. Для беларусаў, безумоўна, такое недапушчальна!

Галоўны рэсурс — людзі

— Таццяна Раманаўна, думаю, вы пагодзіцеся з тым, што для прафсаюза галоўная каштоўнасць — гэта чалавек працы. Як галіновы прафсаюз абараняе правы педагагічных работнікаў?

— Усю пяцігодку мы працавалі над умацаваннем нашага прафсаюзнага членства. На сёння ахоп прафсаюзным членствам складае 97,2%, а гэта больш за 571 тысячу членаў нашай арганізацыі, 6812 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Мы сапраўдная вялікая сям’я, і для нас каштоўна і важна, што галоўны наш рэсурс — людзі. Таму асноўны напрамак нашай работы — абарона працоўных і сацыяльных правоў работнікаў педагагічнай галіны і навукі.

У рамках сацыяльнага парт­нёрства дзейнічае пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, у якое за гэтыя 5 гадоў чатыры разы ўносіліся змяненні і дапаўненні згодна з працоўным заканадаўствам і нашымі нарматыўнымі прававымі актамі. Мы сур’ёзна працуем над заключэннем калектыўных дагавораў у кожнай арганізацыі, і наша мэта — наяўнасць калектыўнага дагавора нават у невялікіх па колькасці работнікаў арганізацыях. На сёння дзейнічае 6783 калектыўныя дагаворы. Няма такіх дакументаў толькі ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасці, аднак мы з імі ў пастаянным кантакце, бо правы работнікаў павінны быць абаронены.

— Ведаю, што прафсаюзы маюць паўнамоцтвы грамадскага кантролю па ахове працы і заканадаўстве аб працы.

 Так. За 5 гадоў галіновы прафсаюз вярнуў работнікам незаконна нявыплачаных ці няправільна налічаных 4 млн 100 тысяч рублёў. У галіне аховы працы мы шчыльна працуем з Міністэрствам адукацыі, і самае галоўнае для ўсіх нас — штогадовае зніжэнне ўзроўню траўматызму. Хачу адзначыць, што за 5 гадоў мы назіраем павольны спад узроўню вытворчага траўматызму, прычым у апошнія 2 гады няма выпадкаў траўматызму са смяротным зыходам, паменшылася колькасць выпадкаў з цяжкім зыходам. Аднак нас надзвычай хвалюе траўматызм сярод навучэнцаў. Таму сумесна з Міністэрствам адукацыі ў 2022 годзе мы склалі “Правілы бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу” і “Правілы расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з навучэнцамі”, што дало станоўчыя вынікі для прафілактыкі зніжэння колькасці выпадкаў траўматызму.

Тэхнічныя інспекцыі працы галіновага прафсаюза правялі маніторынг у звыш 2560 арганізацыях і праверылі 500 арганізацый, у выніку чаго прыпынена работа 355 адзінак няспраўнага абсталявання, якое магло стаць прычынай траўмы чалавека.

Калі гаварыць аб прававой інспекцыі працы, то за азначаны перыяд па дапамогу ў прафсаюз звярнуліся 342 311 членаў прафсаюза. За перыяд з 2020 па 2024 год нам давялося праз суд аднаўляць на рабоце 55 работнікаў, што нам паспяхова ўдалося. Гэта сведчыць пра тое, што на прафсаюз ускладаюць вялікія надзеі і нам давяраюць. Таму на наступную пяцігодку мы ставім перад сабой задачу ўмацаваць дзейнасць камісій па працоўных спрэчках, якія ёсць у кожнай установе адукацыі. Гэта неабходна для таго, каб нам не сустракацца ў судах, а вырашаць усе рабочыя пытанні ва ўстанове адукацыі.

Маладая змена

— Як у галіновым прафсаюзе наладжана работа з моладдзю?

— Прафсаюз сістэмы адукацыі не толькі самы вялікі сярод галіновых прафсаюзаў, але і самы малады: 35,4% членаў прафсаюза — моладзь ва ўзросце да 31 года. Таму працаваць з моладдзю для нас жыццёва неабходна, што мы паспяхова і робім. З 2022 года ў прафсаюзе працуе аддзел, які адказвае за работу з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У нас з’явіліся новыя праекты і ідэі. Трэці год запар праводзіцца конкурс сацыяльных праектаў, дзе выдзяляецца фінансаванне на рэалізацыю лепшых праектаў у памеры да 10 тысяч рублёў. За гэты час галіновы прафсаюз прафінансаваў 11 сацыяльных маладзёжных праектаў па ўсёй краіне. І мы рады, што праект ваенна-гістарычнага клуба “Доблесць” Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна мы накіроўвалі на грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Студэнты надзвычай актыўна займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй, таму, на наш погляд, іх варта падтрымліваць, бо для нас, беларусаў, тэма памяці — свяшчэнная.

У 2023—2024 гадах прафсаюз сумесна з Міністэрствам адукацыі аднавіў конкурс сярод студэнцкіх інтэрнатаў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прычым мы глядзім не толькі на стан матэрыяльна-тэхнічнай базы інтэрната, гэта не галоўнае. Нас цікавіць, як у інтэрнаце наладжана работа грамадскіх аб’яднанняў, як арганізаваны адпачынак у інтэрнаце, якія мерапрыемствы праводзяцца на яго базе. Калі гаварыць пра вынікі конкурсу, то, напрыклад, дыпломам І ступені сярод універсітэцкіх інтэрнатаў узнагароджаны інтэрнат 1976 года пабудовы Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

— Як прафсаюз падтрымлівае маладзёжных лідараў?

— Штогод ФПБ назначае стыпендыі лепшым прафсаюзным лідарам — такія выплаты атрымліваюць штогод каля 20 маладых людзей. Галіновы прафсаюз прапаноўвае маладзёжным лідарам свае выплаты, 40 чалавек штогадова іх атрымліваюць. Гэта гаворыць пра тое, што моладзь актыўна ўключаецца ў прафсаюзнае жыццё, ёй гэта цікава, а мы гатовы яе падтрымліваць. За пяцігодку стыпендыі ФПБ атрымалі 99 чалавек, а выплаты галіновага прафсаюза — 202 прафсаюзныя актывісты.

Па ініцыятыве маладзёжных лідараў тры гады назад праф­саюз залажыў новую традыцыю — велапрабег “Дарогамі памяці”, прысвечаны Дню народнага адзін­ства. Колькасць удзельнікаў мерапрыемства штогод павяліч­ваецца, а гэта сведчыць пра тое, што ініцыятывы моладзі — не ра­завая акцыя.

Дапамога тым, каму яна неабходна

— Таццяна Раманаўна, галіновы прафсаюз традыцыйна праводзіць вялікую работу з ветэранамі. Як плануеце яе развіваць?

— Ветэраны прафсаюзнага руху і ветэраны галіны залажылі той фундамент, на якім мы працуем. Мы з імі пастаянна сустракаемся, і гэтая работа штодзённая, сістэмная. Ветэраны — удзельнікі ўсіх нашых мерапрыемстваў. У прафсаюзе створаны і дзейнічаюць саветы ветэранаў, работа з якімі праводзіцца сумесна з моладдзю, каб умацаваць інстытут настаўніцтва. Хачу адзна­чыць, што за апошнія некалькі гадоў нашы ветэраны вельмі сур’ёзна ўключыліся ў аздараўленчую, турысцка-­экскурсійную праграмы і клубы па інтарэсах. Гадоў пяць назад я гэтага не назірала, зараз жа ветэраны сталі больш актыўнымі. Напэўна, наша згуртаванасць і адзін­ства добра на іх уздзейнічаюць.

— Раскажыце, калі ласка, пра акцыі галіновага прафсаюза для падтрымкі сем’яў і дзяцей.

— Наша акцыя “Прафсаюзы — дзецям” дзейнічае не толькі ў навагоднія святы. Яна ўключае ў сябе падрыхтоўку да новага навучальнага года, аказанне дапамогі на летняе аздараўленне, мерапрыемствы да Дня абароны дзяцей і інш. Арганізацыі прафсаюза знаходзяцца ў пастаянным кантакце з мясцовымі СПЦ і дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу, каб дапамагаць дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Па выніках гэтай пяцігодкі, напрыклад, толькі на калядныя мерапрыемствы было набыта больш за 24 тысячы білетаў, каб дзеці з усёй краіны паглядзелі навагоднія паказы, акунуліся ў атмасферу навагодняга чараўніцтва.

Гонар і гордасць

— Што яшчэ яркае і цікавае зрабіў галіновы прафсаюз за пяцігодку?

— На мой погляд, галіновы прафсаюз разам з сацыяльнымі партнёрамі дасягнулі галоўнага выніку: на кожным узроўні, у кожнай арганізацыі наладжаны сур’ёзны, канструктыўны дыялог. Мы ўмеем слухаць і чуць адно аднаго, дасягаем кампрамісу па важных пытаннях. Напрыклад, у рабоце па павышэнні памеру надбаўкі па кантракце. За справаздачны перыяд  некаторыя раёны краіны і сталіца дасягнулі максімальнага памеру — 50%. Мы не спынімся ў гэтай рабоце, рэзервы яшчэ ёсць.

Прафсаюз таксама плённа супрацоўнічае са СМІ, у тым ліку з роднай “Настаўніцкай газетай”. Усяго за 5 гадоў у рэспубліканскіх, рэгіянальных СМІ было размешчана 523 публікацыі, у тым ліку аб дзейнасці Рэспубліканскага камітэта прафсаюза — 154 публікацыі і відэарэпартажы.

Захаванне гісторыі і традыцый беларускага настаўніцтва, папулярызацыя і павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі — задача, якую прафсаюз вырашае сумесна з сацыяльнымі партнёрамі. Прафсаюз унёс свой уклад, выдаўшы ў 2023 годзе сумесна з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка пры падтрымцы Міністэрства адукацыі кнігу “Імя табе — настаўнік”, у якой прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы 129 педагагічных дынастый чатырох і больш пакаленняў, дзейнасць якіх ахоплівае часавыя рамкі ад ХIХ стагоддзя да сучаснасці.

Скажу крыху пра спартыўны напрамак работы. У нас функцыянуюць дзве СДЮШАР пры пярвічных прафсаюзных арганізацыях ВДУ імя П.М.Машэрава і ГДУ імя Францыска Скарыны. Тры навучэнцы спартыўнай школы ВДУ імя П.М.Машэрава заваявалі 2 залатыя і 1 сярэбраны медалі на чэмпіянаце свету па кікбоксінгу, які прайшоў у лістападзе 2024 го­да ў Іспаніі. Мы ганарымся!

Здароўе нацыі — гэта здароўе грамадства, мы гэта добра ра­зумеем. Таму ўдзельнічаем і арганізоўваем штогод турыстычныя злёты і спартакіяды. Як вынік — трэцяе месца сярод 15 галіновых прафсаюзаў у міжгаліновай спартакіядзе, якая праходзіла ў 2024 годзе. Гэта для нас выдатнае дасягненне.

Рэзервы яшчэ ёсць

— Таццяна Раманаўна, якія амбіцыйныя планы ставіце на чарговую пяцігодку? На чым важна засяродзіцца галіноваму прафсаюзу?

— Прафсаюз не збіраецца спыняцца на дасягнутых выніках. У першую чаргу, нашы намаганні павінны быць накіраваны на забеспячэнне міру і стабільнасці, захаванне здароўя людзей і стварэнне бяспечных умоў працы, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця членаў прафсаюза, іх працоўнай і сацыяльна-эканамічнай абароненасці.

Праглядаючы каналы навін, мы бачым, што наспела вострая неабходнасць ва ўмацаванні статусу сям’і і папулярызацыі традыцыйных каштоўнасцей, падтрымкі мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. Таму ў студзені надыходзячага года мы будзем ушаноўваць фіналістаў рэспуб­ліканскага конкурсу “Я — прафсаюзная сям’я”.

Нам сумеснымі намаганнямі неабходна ўзнімаць прывабнасць педагагічнай прафесіі і аўтарытэт педагога ў грамадстве.

Працягнем працаваць з нашай моладдзю. У інфармацыйнай рабоце таксама ёсць планы: мы ўжо запусцілі наступны праект, каб рэалізаваць яго ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Думаем выпусціць кнігу (спачатку ў электронным фармаце) пра нашых педагогаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пасля вайны падымалі адукацыю ў нашай краіне. Матэрыял ужо збіраецца, падключыліся ўсе рэгіёны краіны.

Словы вялікай і шчырай удзя­чнасці я хачу сказаць кожнаму члену прафсаюза, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міністэрству адукацыі, Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кожнаму рэктару УВА,  кіраўнікам упраўленняў і аддзелаў адукацыі, устаноў адукацыі за сумесную работу і канструктыўны дыялог, які дазволіў нам за пяцігодку дасягнуць такіх значных вынікаў.

Я цвёрда пераканана, што ­адзін чалавек не здолее дабіцца таго, чаго даб’ецца разам з калектывам, у якім ён працуе.

***

Профсоюз гордится работниками и трудовыми коллективами системы образования и науки, ставшими лауреатами премий ФПБ в области труда и в области литературы и искусства. В их числе:

  • Павел Михайлович Бычковский, лауреат премии ФПБ в области труда 2023 года, директор учебно-научно-производственного респуб­ликанского унитарного предприятия “УНИТЕХПРОМ БГУ”;
  • Наталья Владимировна Чирицо, лауреат премии ФПБ в области труда 2023 года, учитель адаптивной физической культуры средней школы № 111 Минска;
  • Ромуальд Яковлевич Пармон, лауреат премии ФПБ в области литературы, искусства, журналистики и любительского творчества 2023 года, художественный руководитель и дирижер народного коллектива отдела художественного творчества управления по делам культуры Белорусского национального технического университета, заслуженный работник культуры Республики Беларусь;
  • Николай Викторович Овчинников, лауреат премии ФПБ в области литературы, искусства, журналистики и любительского творчества 2023 года, преподаватель изобразительного искусства гимназии-колледжа искусств Молодечно.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: