Андрэй Іванец: у Беларусі за 30 гадоў незалежнасці выбудавана моцная сістэма адукацыі на ўсіх узроўнях
04.12.2024Беларусь — краіна магчымасцей, падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец у час інфармацыйна-асветніцкага праекта “Открытое знание”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Сёння мы з упэўненасцю глядзім у будучыню. Думаю, кожны перакананы, што ў нашай краіны моцная, незалежная і шчаслівая будучыня. Мы павінны быць удзячнымі, што ў Беларусі ёсць наш лідар — Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. З першых дзён яго прыходу на гэты важны, адказны пост у цэнтры ўвагі быў чалавек. А чалавек — гэта ў першую чаргу сацыяльная сфера, адукацыя, маладзёжная палітыка, — пачаў сустрэчу з навучэнскай і студэнцкай моладдзю А.Іванец.
У працяг тэмы мерапрыемства “Беларусь. Узлёт” міністр адзначыў, што ў нашай краіне за 30 гадоў незалежнасці склалася моцная сістэма адукацыі на ўсіх узроўнях:
— У нас стапрацэнтная даступнасць дашкольнай адукацыі. Хоць яшчэ не так даўно, у 1994 годзе, такога не было. Тады ахоп дашкольнай адукацыяй у гарадской мясцовасці складаў 50%, а ў сельскай — крыху больш за 20%. А гэта значыць, што толькі кожнае другое і пятае дзіця магло хадзіць у дзіцячы сад. Сёння дзяржава выконвае ўсе сацыяльныя стандарты, незалежна ад таго, дзе пражывае гэтае дзіця. Зараз у нас функцыянуе каля 3,6 тысячы дзіцячых садоў. Прычым самыя малыя з іх налічваюць часам менш за 10 выхаванцаў, але дзяржава забяспечвае і такія сады выхавальнікамі.
Міністр адукацыі нагадаў, што ў Беларусі агульная сярэдняя адукацыя з’яўляецца абавязковай. Да таго ж якаснай і даступнай адукацыяй забяспечаны дзеці з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі:
— Сёння ў нас практычна 10% такіх дзяцей, але кожнаму з іх дзяржава дала магчымасць не проста вучыцца, а атрымаць пуцёўку ў жыццё. Такія дзеці, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, вучацца ў інтэграваных класах, наведваюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, якія створаны ў кожным раёне. І толькі ў вельмі складаных выпадках яны застаюцца на надомным навучанні, што хутчэй выключэнне. Гэта таксама гаворыць пра тое, што кожнае дзіця важнае для нашай краіны.
Асаблівы клопат накіраваны і на тых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Бо ў нашай краіне практычна перайшлі ад інтэрнатных устаноў да дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, і нават з’явілася новая прафесія — бацькі-выхавальнікі.
— У нас вельмі моцная вышэйшая школа. Напрыклад, БДУ ўваходзіць у 1% найлепшых УВА свету. Гэта для краіны, у якой жыве 9,5 млн людзей, сведчанне таго, што ў нас вялікі інтэлектуальны патэнцыял. А там, дзе добрая адукацыя, — моцныя навуковыя школы. Але для таго, каб добра працаваць інтэлектуальна, трэба займацца яшчэ фізічнай культурай і спортам. Таму мая парада нашай моладзі, якая імкнецца чагосьці дасягнуць: фізічная культура і спорт павінны стаць вашымі пастаяннымі спадарожнікамі. Гэта дасць вам сілы для пераадолення ўсіх перашкод, бо лёгка не будзе, усё даецца толькі праз працу, — дадаў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
У Беларусі клапоцяцца і пра таленавітую моладзь. Як вынік — за апошнія чатыры гады каля 350 медалёў з міжнародных алімпіяд прывезлі адораныя школьнікі.
— А сёлета юныя матэматыкі зрабілі фурор: наша каманда заняла на міжнароднай алімпіядзе 5-е месца сярод 109 краін, абышоўшы ўсе еўрапейскія краіны. Сёння дзяржава дае магчымасць кожнаму маладому чалавеку пры наяўнасці жадання і інтэлекту адбыцца ў жыцці. Галоўнае — працаваць і вучыцца, і ўсё атрымаецца, бо Беларусь — гэта краіна магчымасцей, — перакананы А.Іванец.
Удзельнікі сустрэчы змаглі задаць эксперту свае пытанні, у тым ліку ў рэжыме відэаканферэнцыі, да якой падключыліся сталічныя ўстановы адукацыі з 9 раёнаў горада. Гутарка атрымалася разнапланавая, бо цікавіла аўдыторыю многае: як міністру ўдаецца сумяшчаць высокую пасаду і абавязкі мнагадзетнага бацькі, які яго самы яркі ўспамін дзяцінства; ці стане ў школах больш гадзін такой сёння папулярнай кітайскай мовы; ці ўвядуць дадатковыя вучэбныя гадзіны па прадмеце “Музыка” ў сярэдняй школе; як арыентавацца ў медыяпрасторы і ці магчыма выхаваць любоў да Радзімы і інш.
Так, на пытанне аб скарачэнні тэрмінаў навучання ва УВА міністр адказаў, што зараз у нас вельмі гнуткая сістэма вышэйшай адукацыі і тэрміны навучання вар’іруюцца ад 4 да 6 гадоў.
— Самы вялікі тэрмін навучання на паглыбленай вышэйшай адукацыі, калі I ступень інтэгравана разам з магістратурай, і па найбольш складаных спецыяльнасцях. Напрыклад, будучыя педагогі-дэфектолагі ўжо сёння вучацца 5 гадоў па бесперапыннай праграме, інжынеры-архітэктары — 5,5 года. А на тых спецыяльнасцях, якія дынамічна развіваюцца і дзе трэба рэгулярна ўдасканальвацца, па-ранейшаму навучанне будзе толькі 4 гады, — патлумачыў Андрэй Іванавіч.
Паводле яго слоў, прадугледжана і інтэграцыя сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі:
— З гэтага года ўжо будзем рабіць скарачэнне тэрмінаў навучання па інтэграваных спецыяльнасцях УССА і УВА. Бо сёння палова выпускнікоў 9-х класаў ідзе ў каледж. Але ён — гэта не заканчэнне адукацыі, а адна з прыступак. Цалкам заканамерна, што пасля каледжа моладзь паступае ва ўніверсітэт па роднаснай спецыяльнасці. У ім маладыя людзі не павінны паўтараць тое, што ўжо вывучылі, а павінны атрымаць веды, якіх ім не хапае. У гэтым напрамку мы і працуем актыўна.
Пацікавіліся студэнты, якія ж якасці дапамаглі міністру на шляху прафесійнага станаўлення.
— Першае — добрыя веды. Для таго каб любы малады чалавек рэалізаваўся, ён павінен атрымаць добрую адукацыю і стаць высакакласным спецыялістам у сваім напрамку. Другое — працавітасць, і трэцяе — жаданне зрабіць нашу краіну яшчэ лепшай, унесці свой уклад у развіццё любімай Радзімы. Мне пашанцавала, што ў нашай краіне такі цудоўны Прэзідэнт, які заўважае абсалютна ўсіх людзей-прафесіяналаў.
На пытанне аб павышэнні стыпендыі Андрэй Іванавіч анансаваў, што гэта будзе зроблена ў дачыненні да студэнтаў, якія вучацца на спецыяльнасцях, найбольш запатрабаваных эканомікай:
— Гэта будучыя інжынерныя кадры, педагогі, медыкі. Акрамя таго, павышэнне стыпендыі будзе стымуляваць нашу моладзь атрымліваць тую прафесію, якая нашай краіне, нашым прадпрыемствам і рэальнаму сектару эканомікі зараз асабліва патрэбна.
На заканчэнне сустрэчы ў А.Іванца спыталі пра 3—4 самыя важныя змяненні, якія моцна паўплывалі на сістэму адукацыі.
— Першае — зараз на аднаго настаўніка прыпадае 10 школьнікаў. Такога паказчыка не было ні ў савецкі час, ні тым больш пасля распаду Савецкага Саюза. Другое — забеспячэнне падручнікамі. На сённяшні дзень у нас абсалютна ўсе вучэбныя дапаможнікі абнаўляюцца раз у пяць гадоў, незалежна ад таго, у якім стане яны знаходзяцца. Пры гэтым дзяржава нясе каласальныя выдаткі, якія нават блізка не пакрываюцца той сімвалічнай платай, што ўносяць бацькі за карыстанне імі. І трэцяе — даступнасць адукацыі. Дзяржава зрабіла ўсё магчымае, каб кожнае дзіця мела доступ да адукацыі незалежна ад таго, дзе яно жыве. Я думаю, што патрабаванні, якія Прэзідэнт пастаянна агучвае: даступнасць, высокая якасць і справядлівасць — самыя галоўныя і застаюцца нязменнымі на працягу апошніх 30 гадоў, — рэзюмаваў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
Источник: https://nastgaz.by