Подзвіг настаўніка – гэта подзвіг усёй краіны
04.12.2024Настаўнік – той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу і валадарыць над іхнімі, узбагачае духоўным вопытам.
Так можна сказаць і пра Ядзвігу Лябецкую, настаўніцу пачатковых класаў, якая сёлета адзначыла свой 90-гадовы юбілей.
Яна нарадзілася ў вёсцы Малюшычы Карэліцкага раёна. Да вайны скончыла два класы. Першай настаўніцай была яўрэйка. Калі пайшла ў 3-ці клас, школу закрылі. Адкрылі толькі тады, калі раён вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вучыцца было цяжка. Школаамаль не ацяплялася. Урокі вялі настаўнікі, якія працавалі яшчэ да рэвалюцыі. Па словах Ядзвігі Уладзіміраўны, “ніхто не ведаў, ці была ў іх настаўніцкаяадукацыя, але чытаць яны ўмелі і нас вучылі”. На пытанне “Ці было жаданне вучыцца?” яна адказвае: “Мы вельмі мала ўдзялялі ўвагі навучанню, таму што даводзілася пасвіць кароў, авечак і свіней. У нас у сям’і гадавалася трое дзяцей, і кожны па дню пасвіў жывёл. Быў голад, есці трэба было штосьці. Паперы для пісьма таксама не было.Людзі ездзілі па соль у Баранавічы. З мяшкоў з-пад солі рабілі сшыткі. Разразалі іх, потым акуратна сшывалі і малявалі лінейкі. Затым з’явіліся франтавыя лістоўкі,у якіх на адным баку была інфармацыя, а з чыстагаўжо можна было пісаць. Пісалі на тым, што траплялася”, – успамінае Ядзвіга Уладзіміраўна.
У старэйшых класах янапаступіла ў камсамол, была актывісткай.
Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, бацькі хацелі, каб дачка стала медыцынскай сястрой. У 1949 годзе маладая дзяўчынаразам з аднакласнікамі пешшу пайшла паступаць у медшколуў Навагрудак (шлях складаў 27 кіламетраў у адзін бок).Але ўсё ж такі студэнткай медшколыяна не стала. Убачыўшы ў колбах закансерваваныя часткі насякомых і чалавека, ледзь не страціла прытомнасць. І з поўнымі вачыма слёз ад убачанага цвёрда вырашыла, што медыцынскай сястрой яна не будзе. Выбар паў на педагагічнае вучылішча.
У чэрвені 1953 года Ядзвіга Лябецкая скончыла Навагрудскае дзяржаўнае педагагічнае вучылішча. Пасля размеркавання прыйшла на працу ў спецыяльны дзіцячы дом №1 у Дзятлаве выхавальніцай. Таленавітая дзяўчына, камсамолка, сакратар камсамольскай арганізацыі (на той момант такіх поспехаў дасягалі не ўсе) пачала сваю педагагічную дзейнасць з дзецьмі, якія пасля вайны засталіся сіротамі.
Працаваць было вельмі цяжка. Але заработная плата была дастойнай. У школе на той час за працу плацілі 500 рублёў на тыя грошы, а ў дзіцячым доме –700. Яшчэ і бясплатна кармілі, што было нямала важна для таго часу.
Дзеці патрабавалі многа сіл і энергіі. З адным трэба было займацца рускай мовай, з другім – матэматыкай, з трэцім – рабіць дамашняе заданне.
Хутка выйшла замуж. У 1955 годзе перавялася працаваць настаўніцай пачатковай школы ў вёску Цяцейкі. З 1958 года – настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы №1 г. п. Дзятлава. Яна стала не толькі таленавітай дзяўчынай, якая ўмела спяваць і танцаваць, але і настаўнікам-прафесіяналам, які выхаваў нямала славутых і мэтанакіраваных вучняў.
І па сённяшні дзень Ядзвіга Уладзіміраўна з’яўляецца ўзорам для сваіх калег, была ва ўсім прыкладам i для сваіх вучняў, i для людзей, сярод якіх жыве. Яна не заклікала вучняў любіць прыроду – сама саджала з імі кветкі, дрэўцы. І сёння каля яе хаты красуецца прыгожы кветнік.
Яна не вучыла быць міласэрнымі i літасцівымі да бліжніх – сама не раз здзіўляла людзей сваёй міласэрнасцю. І цяпер да яе звяртаюцца за дапамогай.
Ядзвіга Уладзіміраўна не абуралася непарадкам, a сама наводзіла парадак. Яна шчыравала на духоўнай ніве. Ніколі не скардзілася на свой лёс, а проста вучыла, выхоўвала сваіх дзяцей і дзяцей нашага горада.
Источник: https://diatlovonews.by