РУС БЕЛ ENG 中文

Замацаванне моладзі ў сферы адукацыі Гродзеншчыны: статыстыка і стратэгіі

04.12.2024

За апошнія пяць гадоў удвая больш выпускнікоў школ Гродзеншчыны сталі аддаваць перавагу паступленню на педспецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пытанні выканання асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сістэмы адукацыі вобласці, а таксама стварэння ўмоў для прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі і замацавання маладых спецыялістаў разгледзелі ў Гродне. На базе абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшло пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

— У нашым рэгіёне замацаванне маладых спецыялістаў менавіта ў сістэме адукацыі самае высокае ў параўнанні з іншымі напрамкамі прафесійнай рэалізацыі маладых людзей. І тым не менш трэба працягваць мэтанакіравана працаваць з гэтай катэгорыяй педагогаў. Важна ў кожным калектыве распрацоўваць і прадстаўляць для маладога спецыяліста канкрэтныя перспектывы самарэалізацыі. Гэта, напрыклад, магчымасць атрымання ўжо ў трэці год работы другой кваліфікацыйнай катэгорыі і, як вынік, перспектыва павышэння зарплаты. Кожны малады педагог павінен бачыць гарызонты для развіцця і праз настаўніцтва і падтрымку ў калектыве вызначаць шляхі для свайго прафесійнага росту, — адзначыў кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці Руслан Абрамчык.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Па словах начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Таццяны Валянцейчык, за апошнія пяць гадоў у сістэму адукацыі рэгіёна прыйшлі больш за тры з паловай тысячы маладых педагогаў. І больш за семсот з іх выбралі гэтую прафесію як мэтавікі.

— У многіх раёнах работа з маладымі спецыялістамі сістэматычна аналізуецца на саветах і калегіях упраўленняў і аддзелаў адукацыі райвыканкамаў. Сёлета быў праведзены абласны семінар для спецыялістаў, якія курыруюць пытанні работы з кадрамі, у межах якога арганізаваны выязныя практычныя заняткі на базе Слонімскага раёна, — звярнула ўвагу Таццяна Іванаўна.

Працэнт замацавання маладых спецыялістаў за пяць гадоў вырас і сёння складае амаль 76%. У асобных раёнах, напрыклад, у Лідскім і Ленінскім раёне Гродна, гэты паказчык перавышае 85%, а ў Гродзенскім і Ашмянскім раёнах — больш за 81%.

За пяць гадоў у цэлым па рэгіёне колькасць заключаных мэтавых дагавораў на навучанне па педагагічных спецыяльнасцях павялічылася амаль у 2 разы — са 135 у 2020 годзе да 284 у 2024 годзе. Мэтанакіравана ў гэтым напрамку працуюць у Лідскім, Смаргонскім, Гродзенскім, Ашмянскім, Слонімскім, Навагрудскім, Астравецкім, Дзятлаўскім і Мастоўскім раёнах.

На прэстыж прафесіі педагога актыўна працуюць створаная ў рэгіёне сетка профільных класаў педагагічнай накіраванасці і штогадовае ўнясенне звестак аб маладых спецыялістах у віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі вобласці. Гаворачы мовай лічбаў, за пяць гадоў у гэтую кнігу занесены 118 маладых спецыялістаў. Акрамя таго, з 2019 года абласной арганізацыяй РГА “Белая Русь” і абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі зацверджана прэмія “Паспяховы старт” маладым педагогам. Яшчэ адным са стымулаў прафесійнага росту з’яўляецца ўключэнне маладых спецыялістаў у рэзерв кіруючых кадраў.

— Згодна з праведзеным аналізам, далейшага ўдасканалення патрабуе сістэма метадычнай падтрымкі маладых спецыялістаў, у тым ліку па стварэнні ўмоў для своечасовага атрымання імі кваліфікацыйнай катэгорыі, забеспячэння комплекснага практыка-арыентаванага і дыферэнцыраванага падыходаў да навучання маладых спецыялістаў, — падкрэсліла Таццяна Валянцейчык.

Гэтым пытанням у вобласці будзе ўдзелена асаблівая ўвага. У той жа ступені, што і развіццю інстытута настаўніцтва. Відавочна, што важную ролю ў прафесійнай адаптацыі і матывацыі да далейшага развіцця маладых педагогаў адыгрываюць іх настаўнікі. Падчас калегіі падкрэслівалася, што, для таго каб гэтая работа вялася якасна і ажыццяўлялася на належным узроўні, неабходна прааналіза­ваць механізмы матэрыяльнага стымулявання настаўнікаў.

Адзначалася разам з тым, што ў галіне адукацыі праца па ўсіх кірунках павінна весціся ў поўнай адпаведнасці са словам “эфектыўна”, бо на захаванне бяспечных умоў і якасці адукацыі затрачваюцца вялізныя сродкі. Як адзначыла начальнік аддзела сацыяльна-эканамічнага развіцця галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ганна Брайчук, адзін дзень работы галіны адукацыі толькі ў Гро­дзенскім рэгіёне сёння ў сярэднім абыходзіцца ў 4,2 млн рублёў.

Прычым гэтая лічба не ўключае затраты на капітальнае будаўніцтва і рамонт устаноў адукацыі. А гэта таксама прадугледжвае значнае ўкладанне сродкаў. Толькі ў 2024 годзе на Гродзеншчыне адкрыліся два дзіцячыя садкі: на 335 месцаў у Гродне і на 190 месцаў у Ашмянах. Завершаны работы па капрамонце з мадэрнізацыяй будынка сярэдняй школы № 7 у Навагрудку, працягваецца будаўніцтва школы на 510 месцаў у Астраўцы.

— На 2025 год у межах рэалізацыі Плана выканання работ па мадэрнізацыі, капітальным рамонце ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці на 2024—2026 гады запланаваны будаўніча-мантажныя работы ў 11 школах вобласці на суму амаль 6 млн рублёў, — падкрэсліў кіраўнік абласнога цэнт­ра для забеспячэння дзейнасці ўстаноў сферы адукацыі Аляксей Тарасевіч.

Ён таксама дадаў, што з пачатку навучальнага года ў вобласці арганізаваны падвоз 8,2 тысячы дзяцей. І для гэтых мэт сёння выкарыстоўваецца 235 школьных аўтобусаў. Да пачатку бягучага навучальнага года школьны аўтапарк папоўніўся 24 новымі аўтобусамі. Акрамя таго, плануецца пастаўка яшчэ 25 адзі­нак аналагічнага транспарту. У тым ліку два аўтобусы будуць спецыяльна абсталяваны для перавозкі дзяцей з АПФР.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: