Агульны працоўны стаж настаўніцкай сям’і Міхалкевіч з аграгарадка Лукі — сто гадоў
03.12.2024Ён аддаў школе 52 гады, яна — 48. Летась настаўнікі фізікі, матэматыкі Лукскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна з роднымі-сябрамі святкавалі залатое вяселле, а нядаўна і вербавае — 51 год разам ідуць па жыцці былы дырэктар школы Яўген Пятровіч Міхалкевіч і яго верная спадарожніца Ірына Серафімаўна.
Мы гутарылі ў кабінеце дырэктара школы Сяргея Міхалкевіча — гэта іх малодшы сын. Спачатку, як бывае ў вяскоўцаў, гаварылі стрымана. Яўген Пятровіч крыху хваляваўся, жонка ж мне: “Муж цяжка перахварэў на кавід”. А ён удакладніў жывым слоўцам: “Пагэтаму я жалюся”. І ў нашай вёсцы ж казалі так пра звышчуллівасць, аголенасць душы — аж да слёз і трымцення голасу. Я запытаў, ці не піша вершы. “Не, але ж добра задачы рашаць умее…” — падбадзёрыла мужа Ірына Серафімаўна. І ў гэтых словах былі цеплыня і адкрытасць, мяккасць і душэўнасць настаўнікаў.
Каштоўны вопыт адаптацыі
Ён родам з 1945-га, з суседняй Навагрудчыны, з вёскі Басіна, там скончыў сямігодку. Потым з сярэбраным медалём і сярэднюю школу, паступіў на фізмат Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы.
“Бацькі мае — простыя сяляне, у калгасе працавалі, я ў сям’і з чатырох дзяцей малодшы, — гаворыць Яўген Пятровіч. — А на фізіку, матэматыку пайшоў, бо ў нас былі добрыя педагогі. Памятаю, прыехала настаўніца маладая, вяла фізіку, Алена Цімафееўна Поклад, у замужжы Паўловіч. Яе ўрокі мяне, можна сказаць, і павялі па гэтай сцежцы. Сярэдняя школа была ў Куравічах, суседняй вёсцы, мы хадзілі кіламетраў за пяць-сем у 8, 9, 10 класы”.
Згадваючы, як сустрэў вяскоўца горад, Яўген Пятровіч не хавае, што на першым часе былі цяжкасці з мовай выкладання: “У інстытуце ўсё на рускай, то я ж адразу не мог асвоіць усе “числители-знаменатели” ўзамен беларускамоўных лічнікаў-назоўнікаў. Гавару ў множным ліку, бо трэба ж было ведаць і шмат іншых слоў, тэрмінаў, найменняў”.
Які паварот важнай тэмы! Перад гэтым у Пінскім раёне была ў мяне размова пра выбар бацькамі мовы навучання для дзяцей — і той стрэсавы моўны пераход згадвалі. Можна разважыць і так: нястрашна, няхай прывыкаюць да такіх сітуацый. Скажам, у войска пойдзе юнак, там без стрэсаў ніяк. І ўвогуле жыццё — барацьба, трэба вучыцца да розных умоў адаптавацца.
Пагаджаючыся з тым, што і псіхалагічная загартоўка выпускнікам патрэбна, Яўген Міхалкевіч упэўнена гаворыць, што настаўнікам-прадметнікам і ў беларускамоўных школах варта б паступова, з улікам сітуацыі ў грамадстве, даваць усю галоўную тэрміналогію і на рускай мове — тады стрэсавы пераход будзе мягчэйшым. Яму цяжка даўся першы семестр, потым адаптаваўся: “Так і ў вайсковай службе: за першыя месяцы ўцягваешся. Пра гэта ведаю, бо ўжо на 3 курсе прызвалі мяне. Я з 1945-га, тады хлопцаў, маіх равеснікаў, няшмат было — бадай, што ўсіх і бралі”.
За тры гады службы ён цалкам адаптаваўся ў соцыуме, стаў спецыялістам яшчэ рэдкіх тады радыёлакацыйных станцый, а пасля арміі прадоўжыў вучобу. Праўда, на той час у інстытуце з фізмата зрабілі два факультэты, ён выбраў фізіку. Прыехаў працаваць у Карэліцкі раён, які яму прыйшоўся даспадобы, дарэчы, яшчэ ў студэнцкім будатрадзе. Вось жа як гарманічна ўсё ў жыцці спалучана: спачатку будатрад, потым едзе малады настаўнік выкладаць фізіку ў Малюшыцкую школу — і ўрэшце знаходзіць як свой лёс, так і сваю Ірыну Серафімаўну. Але гэта я забег крышку наперад…
У Малюшыцах (радзіма Яна Чачота!) Яўген Міхалкевіч адпрацаваў два гады. Да гэтага часу ўдзячны калектыву школы, які яго цёпла прыняў. Потым настаўніка з вопытам армейскай службы прызначылі арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы ў Крышылоўшчынскую школу, праз год — і дырэктарам.
“Там быў акадэмгарадок. Мы так называлі вясковыя хаты, у якіх праходзілі заняткі, — лёгкая ўсмешка на вуснах Яўгена Пятровіча. — Пакрысе дабудавалі крыло пры адной хаце, асвоілі яшчэ будынак былога клуба. Так я набываў новы вопыт, які потым мне спатрэбіўся”.
У Крышылоўшчыне ў клубе і пазнаёміліся два фізікі — ён і яна. Ірына Серафімаўна родам адтуль, была студэнткай, заканчвала ў 1973-м універсітэт у Гродне. Восенню, на кастрычніцкія святы, пажаніліся, выкладалі ў адной школе матэматыку і фізіку.
Дык мы ж вясковыя!
Ірына Серафімаўна, як і муж, з сялян. Скончыла васьмігодку ў роднай вёсцы, два гады цераз поле хадзіла ў школу ў Лукі, за кіламетраў пяць. Пытаю: “Сцежкаю?” — “Не, бездараж у асноўным, — адказвае. — Бывала, і снегу па пояс, месіш яго, бо дарог ніхто не чысціў”. З яркіх успамінаў таго часу і начныя паходы з сябрамі тым полем, і кавалак хлеба, схаваны пад мостам, каб потым па дарозе са школы падсілкавацца, бо тады яшчэ ў школе вучняў не кармілі. Стала лягчэй дабірацца, калі пусцілі паміж вёскамі рэйсавы аўтобус, але ён хадзіў не кожны дзень.
Ёй з дзяцінства падабалася настаўнічаць. Памятае, купілі набор з шасці каляровых алоўкаў, то выстаўляла іх на падваконні пры ложку, гуляла ў клас: цёмныя — хлопчыкі, святлейшыя — дзяўчынкі. Пазней маці набыла 12, а ўрэшце і 24 алоўкі. Жартам казала: “У тваёй школцы, дачушка, пабольшала дзяцей!” Гэта, згадвае Ірына Серафімаўна, 4 ці 5 клас быў, “тады ўжо, можа, капейка ў хаце з’явілася, а то ж бедна жылі”. Такія дэталі-ўспаміны каштоўныя для разумення, з якім напружаннем сіл ішлі пасляваенныя дзеці ў педагогі.
У Крышылоўшчыне Міхалкевічы працавалі 14 гадоў, сыны там нарадзіліся — Аляксандр і Сяргей. Суразмоўнікі згадваюць, што настаўнікі пасляваеннага пакалення вельмі адказна ставіліся да сваёй работы. Таму некаторыя і шкадавалі выпускніцу Ірыну, якая вырашыла стаць настаўніцай фізікі. Маўляў, няпросты для выкладання прадмет, вельмі цяжкая праца.
“Дык мы ж вясковыя, нас працай не запужаеш!” — тую рамантычную пару яна згадвае з усмешкай.
Дык што, і сапраўды ёй давялося паплакаць?
“Ну, плакаць то не, але ўсяго было, — гаворыць настаўніца. — Гэта калі тут пачалі працаваць, то з’явіліся метадычныя распрацоўкі, літаратура, больш інфармацыі. А тады — падручнік і зборнік задач”.
Яшчэ цяпер у сям’і ляжаць папкі таго, што пісалі да ўрокаў. Бралі кардон, рабілі карткі, абгортвалі цэлафанам і шкларэзам іх запайвалі, каб не абтрапаліся. Раздатачны матэрыял. На курсах калі вучыліся, то трэба было паказаць — тады залік ставілі. А сшыткі, а планы… Вечароў, выхадных практычна не было.
Сяргей Яўгенавіч, слухаючы маці, пагаджаецца. Разважаем: вось бы ў музей, які аднаўляецца пасля рэканструкцыі школы, тыя рарытэты. Дарэчы, Сяргей Міхалкевіч, як і бацькі, вучыўся ў Гродне, стаў настаўнікам фізікі, выкладае таксама інфарматыку — з адначасовай адаптацыяй вучняў да рускамоўнай тэрміналогіі. У педагогіцы ён ужо нямала — 25 гадоў.
У Лукі педагогі Міхалкевічы перабраліся жыць, калі Яўгена Пятровіча прызначылі на новае месца дырэктарам школы.
“Яшчэ з год, праўда, я ў Крышылоўшчыне з дзецьмі жыла-працавала, пакуль муж тут асвойваўся, — успамінае жанчына. — І ў 1986 годзе пераехалі: нам далі тут асобны дом. Тады муж якраз у бальніцы быў, а швагер узяў каня, дапамог з пераездам. Вы б толькі бачылі, які ў нас быў пераезд! Я хлопцаў сваіх пасадзіла на воз — і карова наша ішла за ім. У мяне яшчэ паўлітровы слоік тлушчу, вось і ўсё багацце наша. Мы ж тэрмінова пераязджалі, бо людзі-калегі падказалі: трэба карове зімой абжыцца-прывыкнуць на новым месцы, тады на іншую пашу, да новага статку яе лягчэй прывучыць”.
І такую жыццёвую мудрасць трэба засвойваць вясковым настаўнікам…
Поле клопатаў
“Калі мяне сюды перавялі, была яшчэ драўляная школа, а гэтую ў 1986-м пачалі ўзводзіць, — успамінае былы дырэктар. — Ой, былі часы… Пачынаўся развал краіны, абвастраліся ўсе праблемы. Тут, скажам, нават вядучага інжынера па будаўніцтве не было. У 1987 годзе мы сюды перайшлі, год пабылі — холадна: не было паліва. Будынак закансервавалі, вярнуліся ў драўляны — цяпер там дзіцячы сад. Тут няўдалая была сістэма ацяплення, дах цёк, рамантавалі двойчы, а ўрэшце змянілі канструкцыю, пакрылі шыферам. І ўсё гэта дырэктарскія клопаты, мой галаўны боль”.
Дырэктар у школе выкладаў фізіку, а яго жонка яшчэ і матэматыку. Папрацавалі доўга і плённа, калі ўжо і Сяргей Яўгенавіч змяніў бацьку на дырэктарскай пасадзе — адбылося гэта ў 2006 годзе.
Старонкі альбома, прысвечанага педагагічнай дынастыі
“Муж у асноўным вёў старшыя, выпускныя класы, 10-ы і 11-ы, а я пачынала з малодшых і яму перадавала, — згадвае Ірына Серафімаўна. — Многа нашых выпускнікоў паступіла на спецыяльнасці, дзе трэба было здаваць фізіку. Ёсць у іх ліку настаўнікі фізікі, нават выкладчык фізікі БНТУ Сцяпан Белы — наш выпускнік. У інжынеры хлопцаў шмат пайшло”.
Яўген Пятровіч заўважае, што, дзякуючы цяперашняй сістэме тэстаў, вясковыя выпускнікі часцей становяцца студэнтамі: “Скажам, у медуніверсітэтах нашых цяпер больш. І абедзве ўнучкі нашы вывучыліся ў Гродне на ўрачоў. З нядаўніх выпускнікоў тры дзяўчыны ў медуніверсітэт паступілі… А ў наш час — адзінкі такіх было. Так што, лічу, тэставая сістэма сябе апраўдала”.
І яны ж, настаўнікі-ветэраны, лаўлю сябе на думцы, годна прайшлі свае педагагічныя тэсты.
“Мой тата быў дэпутатам сельсавета, мае бацькі карыстаюцца ў Луках павагай, — гаворыць Сяргей Яўгенавіч. — Я часта чую ад іх былых вучняў: “Перадавайце прывітанне бацькам”. Іх памятаюць”. У выніку атрымаліся ў іх, калі выкарыстоўваць вобраз тэстаў, моцныя сто балаў — бо сто ж гадоў на дваіх! Развіталіся са школай старэйшыя Міхалкевічы тры гады назад, і тады ж увосень Яўген Пятровіч цяжка захварэў на кавід.
“Каб не ўнучка, то, можа, ці быў бы… — зазначае Ірына Серафімаўна. — Гэта Ірына, Сяргеева дачка, яго ўзяла на сябе. Яна ўрачом была ў Навагрудку, дык забрала дзеда ў бальніцу і там выхадзіла”.
Па ходзе размовы я даведаўся, што Ірына Сяргееўна збіралася ў педагогі. Пісала пра гэта ў творчай рабоце “Педагагічная дынастыя сямі’і Міхалкевіч” у 10 класе. Ды, магчыма, цяжкая хвароба маці, настаўніцы пачатковых класаў, жаданне ёй быць патрэбнай, дапамагчы вызначыла жыццёвы шлях. А ў кавідную пару Тэрэзы Іванаўны не стала, пра што з болем гаварылі суразмоўнікі. Напэўна ж, ва Усявышняга для кожнага з нас ёсць свая пара і свае тэсты. І некаторыя з іх бывае немагчыма вытрымаць, ведаючы нават усе законы фізікі ці сакрэты медыцыны.
А жыццё тым часам прадаўжаецца, і ў родзе Міхалкевічаў, я так зразумеў, рыхтуюцца сустракаць праўнукаў. То не выключана, што і працяг у гэтай педагагічнай дынастыі будзе.
Працавітыя людзі на роднай зямлі
Абодва сыны і нават унукі Яўгена Пятровіча і Ірыны Серафімаўны выкарысталі пасля школы той моцны “фізічны” патэнцыял, які назапасілі ў сабе дзякуючы старэйшым. А мае суразмоўнікі кажуць: “Як маглі, што самі ведалі — так і рыхтавалі хлопцаў да паступлення”. Аляксандр Яўгенавіч таксама скончыў Гродзенскі дзяржуніверсітэт, па спецыяльнасці ён інжынер-радыёфізік. А зрабіў кар’еру сваю ў Дэпартаменце аховы МУС, выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка. І ў лёсе малодшага сына, дырэктара школы Сяргея Міхалкевіча, спрацаваў ген фізіка, што мы згадалі. Яго сын Віктар працуе ў раёне аграномам. Сын Аляксандра Максім прадоўжыў традыцыю роду: скончыў той жа фізтэх, што і яго бацька і дзядзька Сяргей, працаваў на заводзе інжынерам. Вось такая
фізіка!
***
“Хлопцы нашы ўвесь час былі памочнікамі па прысядзібнай гаспадарцы, жывёлу даглядалі, а як падраслі крыху, то ўлетку і ў калгасе працавалі, — расказала Ірына Серафімаўна. — Аляксандр на кані працаваў: ставіў на воз бідоны ад малака — вялікія, літраў на 40. У іх мы дапамагалі яму вады наліць — раніцай і ў абед. І ён вазіў тую ваду на палі жанчынам-калгасніцам, якія там працавалі. А яны, скажам, ірвалі лён, абівалі, рассцілалі, пераварочвалі, збіралі. Потым сын як падрос, то яму даручалі ў калгасе вазіць сена — таксама на кані. А за братам і Сярожка пацягнуўся. Так што яны былі пры справе цэлае лета. Калі ўжо мы ў Лукі пераехалі, то Аляксандр выцягнуўся, падлеткам быў рослым і моцным, дык яго ўзялі памочнікам на камбайн. Тады Сярожа на зерняток хадзіў, а старэйшы і сам жаў на камбайне. Потым ён і пры машыне, што рвала лён, працаваў. Малодшы брат за ім па тых жа этапах ішоў. Абодва ўсё лета працавалі, прычым ніхто іх не прымушаў. Самі да працы цягнуліся, бо і мы ўвесь час у вясковых клопатах, трымалі сваю гаспадарку: свіней, карову. Трэба ж было трымаць жывёлу, потым і хлопцаў-студэнтаў вучыць. Участак пры доме ў нас невялікі, 11 сотак, дык працавалі ў калгасе. Настаўніцам раней давалі дзялкі лёну, буракоў — як і ўсім іншым вясковым жанчынам. Нам і хлопцы дапамагалі. А калі яны вучыцца пайшлі, то мы з Пятровічам удваіх засталіся, і ўсяк нам прыходзілася”.
…Можа, і без лішніх гуляў было дзяцінства ў сыноў дырэктара школы, затое людзьмі выраслі.
Источник: https://nastgaz.by