РУС БЕЛ ENG 中文

Каардынатар, кантралёр, функцыянер або сябар, памочнік і дарадца: якім павінен быць класны кіраўнік?

27.11.2024

У сярэдняй школе № 6 Ліды імя М.Б.Куканенкі працуе нас­таўніца геаграфіі і класны кіраўнік Вольга Краткова. Вольга Мечыславаўна заўсёды знойдзе добрае слова для сваіх выхаванцаў, і яе кадэцкі клас заўжды на перадавой: і дапаможа, і арганізуе, і правядзе. Яны разам з класнай і бацькамі адна каманда. Як такое магчыма? Справа ў асобе класнага кіраўніка, у яго здольнасці быць адкрытым, чулым і спагадлівым чалавекам, які стаіць на абароне інтарэсаў сваіх выхаванцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Быць класным кіраўніком — не самая простая справа. Каб вельмі розных вучняў аб’яднаць у адзіны, згуртаваны калектыў, патрэбен асаблівы настаўніцкі погляд, а каб убачыць у кожным асобу — прафесіяналізм.

— Калі ў 2023 годзе дырэктар школы Ірына Францаўна Трэмбач прапанавала мне стаць класным кіраўніком 7 класа ваенна-пат­рыятычнай накіраванасці, я адразу пагадзілася. Дарэчы, мы сталі першым такім класам у Лідскім раёне і ў школе, якая носіць гордае імя Героя Беларусі Мікіты Барысавіча Куканенкі. І бацькі, і дзеці з вялікім жаданнем прынялі запрашэнне папоўніць шэрагі кадэтаў. Пачалася падрыхтоўчая дзейнасць. Нам хацелася гучна заявіць пра сябе, таму вывучылі статут, гімн кадэтаў, выбралі форму адзення, падрыхтавалі выступ­ленне з дзяржаўным сцягам. На ўсіх этапах падрыхтоўкі з намі быў наш кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Міхаіл Рыгоравіч Лукеш. Яго дапамога заўсёды была своечасовай. Для ўрачыстага пасвячэння ў кадэты выбралі святочную дату — 17 верасня, каб прымеркаваць наша школьнае свята да Дня народнага адзінства. У выніку яно атрымалася вельмі яркім і запамінальным. Гэта адзначалі і госці — адміністрацыя ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама, прадстаўнікі воінскіх часцей, бацькі, — расказала класны кіраўнік.

Цяпер вучні кадэцкага класа Вольгі Мечыславаўны — васьмі­класнікі. Дарослыя, прыгожыя маладыя людзі, сціплыя і ўважлівыя адзін да аднаго, вельмі актыўныя, разумныя і творчыя. Да таго ж прыемныя суразмоўцы. Калі спытала пра галоўныя якасці класнага кіраўніка, то яны з ахвотай адзначылі, што Вольга Мечыславаўна ніколі не пакідае іх без увагі, заўсёды дапамагае і падтрымлівае.

А актыў класа, у які ўваходзяць Софія Казлова, Агата Алекса, Паліна Сільніцкая, Арсеній Горбач, клапоціцца пра выкананне кадэтамі абавязкаў, што размяркоўваюцца ў адпаведнасці са здольнасцямі і магчымасцямі кожнага. Так або інакш задзейнічаны ўсе.

— Наша школьнае жыццё — зусім не сумнае і вельмі разнастайнае, — заявілі васьмікласнікі.

У падтрымку сваіх выхаванцаў класны кіраўнік сказала, што па выніках мінулага навучальнага года іх сумесная грамадская дзейнасць была ацэнена адміністрацыяй школы. Было прысвоена званне “Самы лепшы клас” з уручэннем кубка пераможцы. А Вольга Мечыславаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі за шматгадовую добрасумленную працу і высокае педагагічнае майстэрства.

Класны кіраўнік і яе навучэнцы імкнуцца праз агульныя калектыўныя справы быць сапраўднымі патрыётамі і грамадзянамі. Таму заўсёды адклікаюцца на запрашэнні стаць удзельнікамі памятных мерапрыемстваў, канцэртаў і акцый. З задавальненнем наведваюць музеі, становяцца ініцыятарамі добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў, сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і аказання шэфскай дапамогі. І гэта толькі невялікая частка актыўнасцей васьмікласнікаў. Больш поўную карціну можна ўбачыць у іх Telegram-канале “Кадэцкае жыццё”.

Калі вы думаеце, што за грамадскімі справамі дзецям няма калі вучыцца, то памыляецеся. 8 “Б” характарызуецца высокімі дасягненнямі ў вучэбнай дзей­насці. Больш за тое, усе навучэнцы наведваюць пазаўрочныя гурткі, спартыўныя секцыі і прымаюць удзел у мерапрыемствах шостага школьнага дня. Па меркаванні Вольгі Мечыславаўны, такое магчыма толькі пры поўнай кансалі­дацыі намаганняў дзяцей, бацькоў і педагогаў. І класны кіраўнік вельмі ўдзячна бацькам сваіх вучняў за іх дапамогу і падтрымку.

— Работа класнага кіраўніка не спыняецца ні на дзень. Я люблю сваіх дзяцей, кожны з іх — часцінка мяне, маё натхненне. Яны растуць са мной, і я разам з імі. Упэўнена, што яны стануць сапраўднымі патрыётамі, якія лю­бяць сваю краіну і ганарацца ёй, і сапраўднымі прафесіяналамі, якія канструктыўна вырашаюць праблемы і здольны да самавыяўлення. Але перш за ўсё кожны павінен стаць сапраўдным чалавекам. Пры сустрэчы з дзецьмі гляджу ім у вочы, у якіх можна прачытаць многае: настрой, нацэленасць на вынік. З дзецьмі імкнуся быць вытрыманай, цярплівай, уважлівай. Стараюся своечасова падбадзёрыць, падтрымаць іх, быць побач у цяжкай сітуацыі. Мы разам перажываем усе нашы перамогі і няўдачы. І кожны раз, калі заходжу ў клас і бачу іх усмешкі, прыгожа размаляваную дошку, шарыкі, кветкі, то разумею, што я ім патрэбна і яны мне рады. Гэта і ёсць настаўніцкае шчасце, — падсумавала Вольга Краткова.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: