РУС БЕЛ ENG 中文

Памятаем кожнага: распавядаем, як маладое пакаленне Мастоўшчыны імкнецца захаваць памяць аб мінулым

25.11.2024

Маладое пакаленне імкнецца захаваць праўду аб мінулым, аб усіх тых людзях, якія прайшлі  выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. У ДУА “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава” наладжана работа атрада“Перамога”.

Не так даўно быў запушчаны патрыятычны праект “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, які накіраваны на імкненне моладзі да захавання гісторыі народа, ведання фактаў пра ваеннае ліхалецце. Сутнасць праекта складаецца з пошуку інфармацыі пра партызанаў, салдат, ваенных, ветэранаў вайны, пасля – удакладненне і вывярэнне даставернасці фактаў, і завяршаецца адпраўкай звестак і фота на сайт (базу дадзеных) “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. Такім чынам аднаўляецца і захоўваецца гістарычная памяць аб подзвігах і лёсе кожнага беларуса, які вызваляў нашу Радзіму ад ворагаў.

У школе створаны атрад “Перамога”, у які ўваходзяць піянеры 13-14 гадоў у колькасці 10 чалавек. Да пошукавай дзейнасці мы падключаем і іншых піянераў дружыны імя Івана Кажадуба. Праз нашы вочы, рукі праходзяць гісторыі тых, пра каго на сённяшні дзень невядома або вядома не ўсё. На жаль, аповеду ад першай асобы нам не траплялася, і праблема ў тым, што жывых сведкаў або родных, няма на свеце. Чытаем кароткія біяграфічныя звесткі з лістоў, з запісаў аб ветэранах, знаходзім дадатковую інфармацыю ў кнізе “Памяць” Мастоўскага раёна, некаторыя факты ўсплываюць з расказаў сяброў, аднакласнікаў, іншых школьнікаў.

Вялікая заслуга належыць настаўніку гісторыі, кіраўніку музея Таццяне Вялічка, якая беражліва захоўвае звесткі пра нашых землякоў, мае фотакарткі. Натхненне на пошук інфармацыі і працу праекта прыходзіць падчас наведвання музея школы “Дубненшчына і яе людзі”, дзе захоўваецца ваенная гісторыя нашага краю. Значная частка прысвечана лётчыку-знішчальніку Андрэю Сцяпанавічу Данілаву чыё імя носіць школа.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Мікалай Малчанаў  дапамагае нам падчас узнікнення незразумелага ці паведамляе цікавыя звесткі пра вайну, раскрывае таямніцу ордэна ці медалі. Сумесная праца дае плённы вынік.

Мы, узброіўшыся дастатковай інфармацыяй, захопленыя гісторыяй мінулага, шукаем і дадаём да нацыянальнай скарбніцы нашых славутых землякоў, што палі ад рук ворагаў і да канца жыцця адстойвалі сваю Беларусь. Атрымалася перанесці на сайт праекта інфармацыю аб некаторых ветэранах. Гэта Русіноўскі Пётр Андрэевіч, Бабко Мікалай Міхайлавіч, Місцюк Дзмітрый Мікалаевіч, Дзенісевіч Уладзімір Фёдаравіч, Барадаўка Віктар Іванавіч і іншыя. Праца ў дадзеным накірунку працягваецца.

Источник: https://mosty-zara.by

поделиться в: