Аліна Жук: лепшы ўрок — той, які разам з ведамі вучням падарыў задавальненне педагогу
22.11.2024Разам з настаўніцай сярэдняй школы № 3 Астраўца Алінай Жук упэўненым крокам у свет ведаў сёння ідуць першакласнікі, а маладыя калегі побач з ёй спазнаюць усе грані яскравай і важнай прафесіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнік для настаўніка
Настаўніца пачатковых класаў Аліна Жук даўно з’яўляецца школьным лідарам настаўніцтва. У гэтым годзе напярэдадні Дня настаўніка яна была адзначана ў адпаведным абласным конкурсе.
— Мой педагагічны стаж даўно перасягнуў адзнаку ў 30 гадоў, а з 3-й школай Астраўца я неразлучная з дня яе адкрыцця ў 2019 годзе. Маладая школа — гэта заўсёды малады калектыў. Сярэдні ўзрост педагогаў нашай установы адукацыі — крыху больш за 30 гадоў. Штогод станаўлюся настаўнікам адразу для некалькіх маладых спецыялістаў. Цяпер у мяне такіх трое, — пачынае размову Аліна Тадэвушаўна.
Педагог з вялікім стажам і багатым вопытам упэўнена, што дыялог з моладдзю прыносіць карысць абодвум бакам. Парады і падказкі яна стараецца даваць ненадакучліва, бо ніхто не любіць напорыстых настаўленняў. А ў пытаннях выкарыстання сучасных тэхналогій на ўроку нярэдка сама звяртаецца па параду да маладых спецыялістаў.
— З самага пачатку гавару сваім дзяўчатам, што навучанне ў нашай прафесіі не заканчваецца з атрыманнем дыплома. Гэта працэс пастаянны, таму важна настроіцца на бесперапынную самаадукацыю яшчэ ў самым пачатку шляху, — адзначае суразмоўніца.
Замацаваныя за Алінай Тадэвушаўнай маладыя педагогі добра ведаюць, што дзверы яе кабінета для іх заўсёды адчынены. Падчас фортачак у раскладзе моладзі вопытны педагог рада бачыць юных калег у сябе на ўроках.
— Падчас адкрытых урокаў такога фармату імкнуся паказаць прымяненне адразу некалькіх цікавых педагагічных метадаў і прыёмаў. І заўсёды радуюся, калі элементы сваіх заняткаў у той ці іншай інтэрпрэтацыі бачу на ўроках маіх падапечных, — з усмешкай дадае педагог.
Настаўніца раіць маладым калегам паглыбляцца ў педагогіку, нязменна адкрываючы новае ў сабе. Яна стымулюе і падтрымлівае іх жаданне ўдзельнічаць у конкурсах і фестывалях. Летась яе вучні з ліку педагогаў прадстаўлялі каманду раёна на міжнародным фестывалі “Прызванне — педагог” у Гродне і ўвайшлі ў пяцёрку лепшых у адной з намінацый.
Вернасць сямейным традыцыям
Два гады назад настаўніцкі калектыў школы папоўніла малады спецыяліст, да якога ў Аліны Тадэвушаўны асаблівае стаўленне. Калегай для яе стала дачка Паліна. Вернасць педагагічнай прафесіі ў іх сям’і захоўваюць ужо шмат гадоў.
— Разумею, што ў пытанні выбару прафесіі стала для дачкі вызначальным аргументам. У свой час я і сама прыйшла ў педагогіку аналагічным чынам, — дзеліцца суразмоўніца.
Яна прызнаецца, што выбраць іншую прафесію проста не магла. Настаўнікам і дырэктарам школы быў яе дзед, 42 гады прысвяціла настаўніцтву і маці Аліны Тадэвушаўны Ядвіга Шаблінская. У сярэдняй школе № 1 горада атамшчыкаў Ядвіга Каятанаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Тут жа станавілася на крыло як педагог і гераіня нашага матэрыялу.
— Пасля заканчэння Лідскага педвучылішча мой шлях у педагогіцы пачаўся ў 18 гадоў. У прафесію я прыйшла поўная ўпэўненасці і рашучасці. Прычына была відавочная: падтрымаць мяне заўсёды была гатова мама. Сімвалічна, што праз гады і я прымяраю на сябе гэтую ролю, — дадае Аліна Тадэвушаўна.
У яе сям’і размовы пра школу і школьнікаў, урокі і лепшыя педагагічныя практыкі — будні, да якіх прывыклі ўсе дамачадцы.
— Бацька майго мужа быў дырэктарам школы, а маці — настаўніцай беларускай мовы, — з усмешкай працягвае суразмоўніца. — Яму не трэба тлумачыць, колькі часу і сіл, якой адданасці патрабуе прафесія педагога. Дома заўсёды адчуваю яго надзейнае плячо.
Як прадстаўнікі яркай педагагічнай дынастыі сям’я Жук з Астраўца стала ўдзельніцай галоўнага абласнога мерапрыемства, прымеркаванага да Тыдня бацькоўскай любові. Па словах суразмоўніцы, удзел у ім быў вельмі хвалюючым і цікавым, да таго ж стаў нагодай для шчырага захаплення і важных высноў.
— Пазнаёміліся з цудоўнымі сем’ямі, якія ганарацца перамогамі і поспехамі сваіх дзяцей у творчых, інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах і конкурсах. І за кожным поспехам разам з бацькамі абавязкова стаіць неабыякавы педагог, — дзеліцца разважаннямі Аліна Тадэвушаўна.
На яе думку, галоўнае для любога настаўніка — любіць дзяцей, прычым важна захаваць гэтае пачуццё ў штодзённай працы.
Лепшы ўрок
— Вызначальным момантам у нашай прафесіі заўсёды павінна быць імкненне рухацца да новых вышынь. Размова не толькі і не столькі пра ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства. Важна кожнае сёння станавіцца лепшай за сябе ўчора, — акцэнтуе ўвагу суразмоўніца.
Сваім маладым калегам яна раз-пораз паўтарае, што лепшы ўрок — той, які разам з ведамі вучням падарыў задавальненне педагогу. І важна імкнуцца рабіць такім кожны ўрок.
— У свой час гэтаму мяне вучыла мама — паважаны педагог у нашым раёне. Адной з першых яна падрыхтавала ў Астраўцы пераможцу заключнага этапу алімпіяды па беларускай мове, і яе праца была адзначана граматай кіраўніка дзяржавы, — дадае педагог.
Адказ на пытанне, як зрабіць кожны ўрок цікавым, Аліна Тадэвушаўна пачала з успамінаў:
— Некалі мне пашчасціла стаць удзельніцай семінара Святланы Іванаўны Гін па тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач. З таго часу актыўна прымяняю яе напрацоўкі ў сваёй рабоце. Прыёмы ТРВЗ вучаць дзяцей адкрытасці і робяць урокі вельмі дынамічнымі.
За гады работы Аліна Тадэвушаўна апрабавала на занятках самыя розныя метады і прыёмы.
— З 1 класа практыкую вопыт работы ў групах і парах. Ужо ў канцы першай чвэрці такія моманты ўрока мае першакласнікі ўспрымаюць як традыцыйныя, — дзеліцца педагог.
Кранальная шчырасць
У ліку яе пачаткоўцаў сёння 29 вучняў. Пра іх шчырыя адносіны да педагога шмат сказалі ўсяго два эпізоды падчас сустрэчы з карэспандэнтам. На прапанову зрабіць фота з настаўніцай кожны вучань імкнуўся заняць месца бліжэй да Аліны Тадэвушаўны, а пасля званка з урокаў ужо ў куртцы і з рукзаком за плячыма адзін хлопчык спяшаўся вярнуцца ў клас, бо забыў падарыць педагогу яе партрэт у акварэлі.
Цікава, што многіх дзяцей Аліна Тадэвушаўна зацікавіла і нават захапіла вучобай яшчэ на этапе падрыхтоўкі да школы.
— Вяла заняткі для дашкалят, і многія мае сённяшнія вучні іх наведвалі. Работа дзяцей у мінулым годзе і іх актыўнасць у бягучым заканамерна прыносяць першыя вынікі. Ужо напрыканцы кастрычніка ўсе мае першакласнікі ўмелі чытаць. Сёння працуем над тэмпам і разуменнем прачытанага, — адзначае педагог.
Ёсць у яе прыклады, калі вучні чытаюць па 40 і 50 слоў за мінуту. Зразумела, гэта не большасць, і ў такой сітуацыі верныя памочнікі педагога — дыферэнцыраваны падыход у навучанні і індывідуальная работа з карткамі.
Каб дзяліцца ведамі з дзецьмі ў цікавай ім форме, Аліна Тадэвушаўна даўно асвоіла праграму Canva. Пры дапамозе такога віртуальнага памочніка яна стварае яркую нагляднасць для сваіх пачаткоўцаў. Дапамагаюць падтрымліваць цікавасць дзяцей і тэхнічныя сродкі. У гэтым плане сярэдняя школа № 3 добра абсталявана, і ў арсенале педагога не толькі камп’ютар, але і інтэрактыўная дошка, дакумент-камера, праектар.
За плячыма Аліны Тадэвушаўны ўжо сем поўных выпускаў. Пра тое, які след яна пакідае ў сэрцах дзяцей, лепш за ўсякія словы гавораць факты. Выпускнікі мінулага года ў дзень нараджэння педагога арганізавалі для яе сюрпрыз. Калі Аліна Тадэвушаўна ўвайшла ў клас, яна ўбачыла на настаўніцкім стале торт, а за партамі — сваіх учарашніх выпускнікоў.
— У гэтым годзе сярод маіх першакласнікаў — сын вучня першага выпуску… І гэта не толькі пра цыклічнасць настаўніцкай працы, але і пра ўзровень даверу, які грэе душу кожнага педагога, нават калі ён аб гэтым не гаворыць, — з такой высновай Аліны Тадэвушаўны не паспрачаешся.
Источник: https://nastgaz.by