“Патрыёт.by”: абласная “бронза” ў Лізаветы Маліка
21.11.2024Моладзевыя праекты.
На базе Гродзенскага цэнтра тэхнічнай творчасці прайшоў абласны этап конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай скіраванасці “Патрыёт.by”. Удзел у ім прымалі 74 работы навучэнцаў з розных куткоў Прынёмання. Уладальнікамі прызавых дыпломаў сталі трое навучэнцаў.
У намінацыі “Нам гэты свет завешчана берагчы”, дзе спаборнічалі канкурсанты 14-21 гадоў, за камп’ютарную гульню “Брыгада Заслонава” дыпломам ІІІ ступені адзначана Лізавета Маліка, дзесяцікласніца Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. Шаўчук (педагог Валерый Нагорны).
– Інфарматыкай захапляюся з таго часу, як у мяне з’явіўся гэты прадмет, неаднаразова была ўдзельніцай алімпіяды, – прызнаецца Лізавета Маліка. – Мару паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, таму і прыкладаю намаганні ў вывучэнні гэтай дысцыпліны як адной з профільных. Паўдзельнічаць у конкурсе “Патрыёт.by” мне, як і летась, прапанаваў мой настаўнік Валерый Віктаравіч Нагорны. З ім вырашылі распрацаваць новую інтэлектуальна-пазнавальную камп’ютарную гульню па матывах Вялікай Айчыннай вайны (летась занялі другое абласное месца з гульнёй “Адважныя героі”), тым больш што сёлета наша краіна святкуе юбілей вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2025 годзе рыхтуецца сустрэць 80-годдзе Вялікай Перамогі.
Да распрацоўкі “Брыгады Заслонава” прыступілі гэтым летам і літаральна за некалькі месяцаў справіліся з задачай. Наколькі ўдалай аказалася работа, ацаніла абласное журы. Я ж лічу, што гістарычная тэма заўжды цікавая, актуальная і карысная для кожнага.
Дарэчы, свае ўменні па распрацоўцы інтэрнэт-гульняў у верасні я ўдасканальвала ў нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, дзе мы з навучэнцамі стваралі праект “Надзвычайныя сітуацыі”. Праўда, гэта гульня была не на гістарычную тэму, вучыла дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі: што прадпрымаць і куды ісці, калі будынак ахоплены полымем. У сёлетнім навучальным годзе, у лютым, я пастараюся яшчэ раз трапіць на заняткі ў тэхнапарк. Усім школьнікам жадаю стараннай вучобы, не баяцца перашкодаў на шляху да пастаўленых мэтаў і верыць у свае сілы.
Источник: https://diatlovonews.by