РУС БЕЛ ENG 中文

Гісторыю ў колах і шасі прадстаўляе на ўласнай выставе супрацоўнік школы № 7 Ваўкавыска

19.11.2024

Незвычайная выстава — каля 900 мадэлей ваеннай тэхнікі і авіяцыі — экспануецца ў сярэдняй школе № 7 Ваўкавыска. Гэта ўвасабленне хобі яе супрацоўніка Андрэя Сільваста. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Андрэй Мікалаевіч працуе ахоўнікам, але для навучэнцаў гэтай школы ён не проста той, з кім толькі вітаюцца пры ўваходзе і развітваюцца пасля ўрокаў. Гэта чалавек, які ведае да дробязей ваенную гісторыю роднай Ваўкавышчыны і Беларусі, і не толькі. Гэтым усіх і падкупляе.

— Гісторыя была маім любімым прадметам у школе, а потым і ў тэхнікуме, універсітэце. Асабліва цікавы мне быў перыяд Другой сусветнай вайны. Да таго ж у дзяцінстве я кожны дзень над галавой бачыў СУ-24, якія ляцелі з базы ў Россі. Я разглядваў іх (яны ляталі нізка) і ўжо тады шмат пра іх ведаў, бо шмат чытаў. Мая асабістая бібліятэка папаўнялася энцыклапедыямі пра тэхніку таго часу, гісторыямі бітваў і ўспамінамі іх удзельнікаў. А ў 2011 годзе мне трапіўся часопіс, да якога прыкладаўся камплект для стварэння мадэлі танка Т-72 з серыі “Рускія танкі”. Так і пачалася мая калекцыя, — успамінае Анд­рэй Сільваст.

З таго часу ён адсочваў і куп­ляў спецыяльныя выпускі з будучымі экспанатамі, з аднадумцамі абмяркоўваў нюансы мадэлявання і дзяліўся новымі набыткамі. Калекцыя актыўна пашыралася за кошт мадэлей, якія прыкладаліся да спецыялізаваных часопісаў “Рускія танкі”, “Баявыя машыны свету”, “Аўталегенды СССР”. Але з часам выдавецтвы закрываліся, частка выпус­каў не паступала на тэрыторыю Беларусі, таму Андрэй Сільваст шукаў патрэбныя дэталі ў аднадумцаў па ўсім свеце, выкуп­ляў лоты на аўкцыёнах у Расіі, Кітаі, Японіі, Англіі, Германіі, Італіі, Францыі, Чэхіі, Славакіі і інш.

Аднойчы ён знайшоў на аўкцыёне ў Лондане нумарную серыю аўтамабіляў, прысвечаных высадцы войскаў саюзнікаў у Нармандыі ў гады Другой сусветнай вайны. Нягледзячы на тое, што выпусцілі яе ў 1994 годзе, яна захавалася ў ідэальным стане. Да Ваўкавыска жаданая пасылка ішла два месяцы.

Часам Андрэй Сільваст не мог знайсці дэталі, але мадэлі ствараў. Так, мадэлі некалькіх самалётаў ён стварыў, лічы, з металалому. Рэальныя ўзоры ён шукаў у каталогах і часопісах, а потым па спецыялізаваных кнігах і інтэрнэт-сайтах вывучаў драбнюткія дэталі, дзе павінны быць размешчаны шасі, шрубы, антэны, элероны.

Для майго суразмоўніка калекцыяніраванне — гэта вывучэнне гісторыі, у першую чаргу Савецкага Саюза, савецкай тэхнікі, гісторыя супрацьстаяння ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, сведчанне таго, як развівалася тэхніка. Такое хобі пашырае веды пра гісторыю, дазваляе ба­чыць гістарычныя падзеі ў розных плоскасцях, выхоўвае патрыя­тызм, а таксама трэніруе розум і дапытлівасць. А яшчэ гэта зносіны з аднадумцамі. Андрэй Сільваст супрацоўнічаў з маскоўскім выдавецтвам “Яўза”. Ён у групе іншых мадэлістаў-калекцыянераў прапаноўваў выдавецтву канкрэтныя мадэлі для серыйных выпускаў і папярэдне іх тэсціраваў. Дарэчы, у іх групе спачатку было каля 200 калекцыянераў, але хутка іх коль­касць вырасла да 2500.

Калекцыя Андрэя Сільваста налічвае каля 900 экспанатаў і ахоплівае гістарычны перыяд з пачатку мінулага стагоддзя і да нашых дзён. Мадэліст вядзе YouTube-канал, у якім расказвае, як аднавіць мадэлі, дзе іх можна набыць, а таксама дзеліцца спасылкамі на афіцыйныя тэматычныя сайты.

Больш за 900 экспанатаў цалкам запоўнілі ўсё памяшканне школьнага музея “Гісторыя Ваўкавышчыны”. Тут прадстаўлены мадэлі рознай тэматыкі, маштабаў і вытворцаў — калекцыйныя, зборныя, пластыкавыя, металічныя, ручной зборкі і прамысловай. Ёсць тут і калекцыйная серыя савецкіх аўтамабіляў. За кожнай мадэллю — жывая гісторыя стварэння бранятэхнікі або баявой машыны авіяцыі. Каб паслухаць гэтыя гісторыі, музей ужо наведалі навучэнцы і гэтай, і іншых школ. Ім Андрэй Мікалаевіч расказвае як пра экспанаты, так і пра пэўныя гістарычныя перыяды, з імі звязаныя, пра асноўныя бітвы Другой сусветнай вайны.

Мэта выставы Андрэя Сільваста — з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — расказаць дзецям гісторыю таго часу.

Дырэктар сярэдняй школы № 7 Аляксандр Іванавіч Бакуновіч прызнаецца, што мадэляванне блізкае і яму. Ён таксама некалі купляў наборы, абразаў дэталькі нажніцамі і склейваў іх. Але адзначае, што такога маштабнага захаплення мадэляваннем раней не сустракаў:

— Андрэй Мікалаевіч два месяцы рыхтаваў экспазіцыю і прасіў да адкрыцця музея нікому не заходзіць у памяшканне. Я думаў: мяне цяжка здзівіць, я вельмі шмат цікавых экспазіцый бачыў. Але такой шыкоўнай калекцыі я не чакаў. Гэтак жа ўражаны і нашы навучэнцы. Калі расказ­ваеш гісторыю па кнігах — гэта адно, а калі бачыш экспанаты і табе расказваюць, што гэта за самалёт, хто яго сканструяваў, якая была яго роля ў ваенныя часы, — гэта зусім па-іншаму ўспрымаецца. У патрыятычным выхаванні гэта мае вялікае значэнне,
асаб­ліва цяпер, калі на адны і тыя ж падзеі шмат розных пунктаў погляду, калі мы назіраем спробы перакруціць гісторыю Другой сусветнай вайны. Тым больш што такую экскурсію праводзіць чалавек у форме: да педагогаў школьнікі прывыклі, а тут — іншае ўспрыманне.

Па словах настаўніцы гісторыі і захавальніка народнага музея “Гісторыя Ваўкавышчыны” Іны Пянькоўскай, гэтая выстава асабліва карысная тым дзецям, якія таксама захапляюцца тэхнікай, збіраюць мадэлі і іх калекцыяніруюць (такіх у школе аказалася нямала). Але для большасці наведвальнікаў гэта магчымасць паглыбіцца ў гісторыю.

— У 9-х класах праводзіцца факультатыў “Вялікая Айчынная вайна ў кантэксце Другой сусветнай”. І дзякуючы гэтай экспазіцыі, калі мы праходзім тэмы СССР і БССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, нашы дзеці на свае вочы могуць убачыць тэхніку тых часоў, суаднесці сілы сапернікаў і г.д., — адзначае Іна Пянькоўская. — Ёсць у нас і ідэя правядзення даследчай работы ў гэтым кірунку. А яшчэ пра незвычайную экспазіцыю мы хочам расказаць у межах конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзе будзем прадстаўляць даведнік па нашым школьным музеі.

Дырэктар школы Аляксандр Бакуновіч таксама дзеліцца планамі:

— Пры музеі ёсць савет, які аб’ядноўвае дзяцей, захопленых гісторыяй роднага краю. Ёсць намер арганізаваць вучобу для ўдзельнікаў савета музея. У выніку самі дзеці змогуць право­дзіць экскурсіі для жыхароў горада і раёна, прычым навучэнцы не толькі нашай, але і іншых школ. Галоўнае — знайсці памяшканне, дзе можна было б размясціць выставу. Упэўнены, што правядзеннем экскурсій справа не завершыцца: і цяпер у нас ёсць дзеці, якія захапляюцца мадэ­ляваннем. Можна было б гэты кірунак развіваць шырэй.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: