Ёсць нагода. Хто самы фінансава адукаваны на Дзятлаўшчыне?
19.11.2024Пераможцай ІІІ абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці-2024 сярод навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі стала наша юная зямлячка – навучэнка Гезгалаўскай сярэдняй школы Валерыя Юргілевіч, якая дабілася найвышэйшага 100-бальнага выніку (педагог Ірына Шумская).
Іспыты праходзілі на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў фармаце дыстанцыйнага тэсціравання з выкарыстаннем інавацыйнай платформы MOODLE. Удзел у іх прымалі 57 таленавітых школьнікаў 9-11 класаў з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Алімпіяднікам давялося адказаць на 30 складаных тэставых пытанняў па дзесяці тэмах, якія ўключалі асновы фінансавага планавання, інвестыцыі, бюджэтаванне, кіраванне асабістымі фінансамі, а таксама выканаць арыгінальнае творчае заданне па рашэнні фінансавых задач.
Пераможцы адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, прадастаўленымі Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і рэгіянальнай дырэкцыяй № 400 па Гродзенскай вобласці СберБанк.
– Навучэнцы Гезгалаўскай школы на працягу апошніх 5-6 гадоў у раённых лідарах алімпіяды па фінансавай адукаванасці, – расказала Ірына Шумская, намеснік дырэктара гэтай установы па вучэбнай рабоце, якая курыруе падрыхтоўку. – У свой час у абласную дзясятку лепшых трапіла наша Ангеліна Басай, а ў рэспубліканскую – Аляксандра Барабан. Валерыя Юргілевіч летась заняла ІІ месца на раённым этапе. За гэты час мы з ёю правялі работу над памылкамі: узмоцнена займаліся, падцягнулі тэмы, дзе меліся пэўныя прабелы ў ведах, было шмат самападрыхтоўкі, як вынік – раённая перамога і максімальна магчымыя абласныя 100 балаў. Асвойваць асновы фінансавай адукаванасці Валерыя пачала яшчэ ў восьмым класе, калі прыйшла на заняткі аднайменнага факультатыва. У дзяўчынкі трывалая матэматычная база, яна хутка лічыць, здольна рашаць складаныя матэматычныя заданні. Безумоўна, цяпер мы будзем узмоцнена рыхтавацца на рэспубліканскі этап іспытаў, паколькі канкурэнцыя там самая сур’ёзная: многія ўстановы адукацыі, якія падрыхтавалі пераможцаў, супрацоўнічаюць з эканамічнымі інстытутамі, аднак аптымізму мы з Валерыяй не губляем. Першае абласное месца і паездка ў Нацбанк – гэта ўжо дастойны вынік.
Сапраўды, 13 снежня Валерыя Юргілевіч у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь у горадзе Мінску прадставіць Гродзеншчыну і прыме ўдзел у заключным рэспубліканскім туры алімпіяды, дзе паспаборнічае з іншымі таленавітымі навучэнцамі краіны.
– Аб прафесіі, звязанай з фінансамі, я не мару, бо збіраюся стаць праграмістам, – расказвае Валерыя Юргілевіч. – Аднак фінансавая адукаванасць, мяркую, патрэбна любому чалавеку. Спасцігаю яе некалькі гадоў запар, спачатку было хвалююча ўдзельнічаць у алімпіядзе, аднак я верыла ў свае сілы, вынік не прымусіў доўга чакаць. Пасля хвалюючых дыстанцыйных іспытаў мяне апанавала вялікая радасць, гонар за нашу школу, за высокі бал. Цяпер рыхтуюся да выступлення ў сталіцы, чытаю шмат літаратуры, з Ірынай Мікалаеўнай паўтараем патрабаванні заканадаўства, Канстытуцыі, праглядаем афіцыйныя сайты дзяржаўных органаў, каб запас ведаў быў трывалым. Упэўнена, што ў дарослым жыцці ўсё гэта мне спатрэбіцца, бо фінансава адукаваныя людзі лепш ведаюць, куды ўкладваць грошы, каб яны працавалі, як забяспечыць уласную фінансавую стабільнасць. Гэта важна для жыцця кожнага і для развіцця грамадства ў цэлым. Хоць і хвалююся перад фінальным турам, але паездку чакаю з нецярпеннем: хочацца пабачыць Нацбанк знутры, больш даведацца, як ён працуе, паказаць добры вынік.
Источник: https://diatlovonews.by