РУС БЕЛ ENG 中文

Дзясятка за малінавае лета: паразважалі аб працоўным выхаванні школьнікаў

16.11.2024

Чулі выслоўе “адзнаку паставіць жыццё”? Гэта ж пра тое, што адукацыйна­-выхаваўчы працэс увогуле бесперапынны ў жыцці кожнага з нас. Для школьнікаў ён прадаўжаецца і ў пару канікул, нават летніх. А што, калі ў школе паспрабаваць ацэньваць яго эфектыўнасць?.. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З пачуццём уласнай годнасці

З кастрычніцкай камандзіроўкі прывёз важны элемент у поле гэтых разваг. У аграгарадку Лукі, што ў Карэліцкім раё­не Гро­дзеншчыны, былая настаўніца фізікі жонка былога дырэктара школы Ірына Міхалкевіч расказала пра карысць пасільнай працы ў выхаванні сыноў. Адзін з іх — Сяргей — ужо змяніў бацьку Яўгена Пятровіча на дырэктарскай пасадзе. Абодва хлопцы летам працавалі ў мясцовай аграгаспадарцы з 5 класа. Спачатку з коньмі, якіх вельмі любяць да гэтага часу. А старэйшы Аляксандр, як падрос, памочнікам камбайнера быў, “і сам жаў збажыну, за штурвалам камбайна стаяў”. Абодва Яўгенавічы сёння паважаныя лю­дзі, да таго ж ніякай працы не баяцца. Падрабязней пра гэта — іншым разам, а пакуль акрэслім дыскусійную тэму: ці варта школьнікам ставіць адзнакі за тое, як яны правялі свае канікулы?

Працоўнае лета. Даўняе спалучэнне слоў, а ў наш час вясковым школьнікам нават простую падпрацоўку знайсці складана, ужо не кажучы пра каня ці камбайн. Але, як пісаў адзін паэт, “жыццё заўжды знаходзіць выйсце з аблог вялікіх і малых”. То заглянем на брэсцкае Палессе, у Драгічынскі раён, вядомы смачнымі клубніцамі ды малінамі. Там школьнае лета якраз працоўнае. Дарэчы, я неяк пісаў, што настаўніца Валавельскай школы Іна Якоўчык з мужам да ягадных спраў далучаны, у іх два гектары арэнднай зямлі. У ходзе вясновай камандзіроўкі Святлана Дышко, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета, казала: і яны з мужам заклалі маліннік “можа, кустоў на 5—6 соцень”. Увогуле, па клубніцах у раёне вялікі вопыт працы: адны вырошчаюць, другія пастаўляюць расаду, трэція займаюцца ўгнаеннямі, нехта — закупкамі, хтосьці возіць ягады бліжэй да спажыўцоў. Ёсць тыя, хто плантацыі апрацоўвае, ёсць “выбаршчыкі” — ягады выбіраюць, і тыя, хто ў тару сартуе.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Драгічына Алена Арлінская, калі гаварылі пра дэталі аграбізнесу і працоўнае выхаванне гімназістаў, прыгадала, як прыйшоў неяк да яе хлопец. Ён скончыў 9 класаў, а парадак ва ўстановах адукацыі такі: каб паступіць у 10-ы, гімназісты па новай самі дакументы падаюць.

“Хлопец з Драгічына прынёс дакументы, — расказвала Алена Васілеўна. — Прымаючы іх, запытала: “Чым жа летам займаўся?” А ён з пачуццём уласнай годнасці: “Не гуляў я, Алена Васілеўна! Працаваў, бацьку дапамагаў: маліны прымаў”. Прычым у яго быў немалы абарот сродкаў: як у міні-прадпрымальніка. У нас тут і познія маліны вырошчваюць, у жніўні толькі пачынаецца масавы збор. Некаторыя рэмантантныя гатункі аж да маразоў даюць ураджай. Пад горадам амаль няма пустуючых участкаў. Людзі выкупляюць зямлю ці арандуюць і робяць плантацыі”.

Чаму якраз там ягадна? Поўдзень краіны, дзе ўсё крыху раней паспявае. Казалі мне, што палескія тэмпературы “маюць з Мінскам тыдні два розніцы” — раней там пачынаюцца ўсе аграрна-палявыя работы. Дадатковы заробак там лічыцца ніколі не лішнім: такая ў лю­дзей ментальнасць. І, акрамя асноўнай працы, бадай што ўсе заўсёды імкнуліся яшчэ нечым займацца. Быў час, калі ў Польшчу гандляваць ездзілі ці вазілі адтуль тавары, тое ж і з Украінай. Такое дробнае прадпрымальніцтва. Алена Васілеўна ўдакладняе: “Малінамі ж першымі займацца пачалі, напэўна, сённяшнія фермеры, потым падцягнуліся іншыя. Школьнікі, гімназісты нашы таксама бацькам дапамагаюць: у асноўным апрацоўка плантацый і збор, сартаванне ягад. А бывае і прыёмка. Людзі прыгле­дзеліся да тэхналогій, пачалі нешта пераймаць. Хто не лянуецца, той мае дадатковы прыбытак у сям’ю, а капейка ў хаце ніколі не лішняя”.

Па ходзе размовы згадалі мы, што пад Ганцавічамі ёсць гадавальнікі буякоў, журавін, дык там развіваюцца і прыватныя гаспадаркі з каштоўнымі ягадамі. У ваколіцах Драгічына буякі таксама ў трэн­дзе. Што да клубніц, то іх асвоілі раней за маліны, і мясцовыя ўжо часам ка­жуць: “А ў нас так заўсёды было”. Хоць “насенне вопыту” там, напэўна, з Лунінецкага раёна, і найперш з паселішча Дварэц — свое­асаблівага цэнтра клубнічнага бізнесу Беларусі. Драгічынскія педагогі ўдакладнілі: землякі асвоілі маліны, буякі, спрабуюць прыручыць ажыны і бружмель — ягаду маладосці, таксама смачную і карысную: “Летам у нас гарачы ягадны сезон, ідзе закупка любых ягад са згаданых плюс чорных парэчак, вішань, ад грыбоў не адмаўляюцца. Вёдзер восем як ура­дзіла — усё ж не з’ясі, дык лю­дзі прада­юць. А прыма­юць ягады розныя, у тым ліку і на замарозку, перапрацоўку,
нават размоклую пасля дажджу ці пераспелую — на сок ці варэнне. Стаяць на рынку не ўсім выпадае, то развіваецца закупка ягад. І школьная моладзь да ягаднай справы рукі прыкладае. Усё рухаецца”.

У народзе ёсць прыказка “Які явар, такі клін, які бацька, такі сын”. Прыклад працавітых і прадпрымальных бацькоў-сваякоў, суседзяў, безумоўна, натхняе і юных шукаць для сябе ўлетку пасільны занятак: зноў жа, ментальнасць.

Прытым школьнікі не толькі сарту­юць, перабіраюць ягады, але і робяць пад іх прыгожыя скрынкі, у якіх потым з Палесся тоны ягад едуць у Мінск, абласныя гарады краіны і ў Расію. А ці ёсць у шэрагах драгічынскіх педагогаў тыя, хто займаецца ягадамі? Прафесіяналаў, казалі, няма, ды ёсць аматары, прычым і дзяцей да справы падключаюць, гаспадарачы на сваіх сядзібах ці бацькоўскіх сотках. А ўвогуле, “у кожнага нешта ёсць”, асабліва ў жанчын-педагогаў. І згаданая Іна Якоўчык з іх ліку. Між тым настаўнікам, удакладняюць, і зручна ягадамі займацца, бо летам з імі галоўныя клопаты, а ў школах — канікулы.

…І фізіка-матэматычны профіль

Вось як арганічна ўсё спалучаецца на Палессі: ягады, выхаванне, першыя зароб­леныя рублі, макаранкаўская працоўная педагогіка і выпрабаванне школьнікамі ўласных сіл. Не падумайце, аднак, што ў выніку падмінае ўсё пад сябе аграрная прафарыентацыя. Нехта, праліўшы пот на плантацыі, у вучобе праяўляе больш старання. У гімназіі Драгічына агульны ўзровень адукацыі высокі. Як прыклад згадалі выпускніцу Кацярыну Скорб. У 40 гадоў яна ўжо доктар хімічных навук, працавала ў Германіі, вучылася ў ЗША, прафесар, займаецца цікавымі даследаваннямі на стыку хіміі і матэматыкі, інфатэхналогій. Кацярына Уладзіміраўна цяпер дырэктар Навукова-адукацыйнага цэнтра інфахіміі (НАЦ інфахіміі) пры Санкт-Пецярбургскім Нацыя­нальным даследчым універсітэце інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі (ІТМО).

“У нас хімія, біялогія, фізіка, матэматыка, англійская мова на павышаным узроўні вывучаюцца, — сказалі ў гімназіі. — У праграмісты нашы таксама ідуць”.

Аднак для гэтага павінна ўсё належным чынам скласціся: і гены, і ўмовы для развіцця. У лёсе маладога чалавека, як і ў выпадку з добрым гатункам клубніц альбо малін, патрэбен старанны і разумны догляд. Без добрага, спажыўнага для развіцця асяроддзя, без скіраванасці на ўпартую працу і таленту значна цяжэй прабіцца.

Ці ж не парадокс: з малінава-клубнічнай Драгічыншчыны хлопцы і дзяўчаты пасля гімназіі выбіраюць фізіка-матэматычны профіль ці матэматыку плюс англійскую мову.

“Я займаюся выпускнікамі, адсочваю іх паступленне, размеркаванне, дынаміку прафесійнага росту, — гаворыць Алена Васілеўна. — Часам кажу: калі матэматыка з англійскай, то гэта ж бухгалтар ці эканаміст, няхай сабе і з веданнем замежнай мовы. Будзе табе цікава працаваць бухгалтарам? Вядома ж, для людзей з дзелавой хваткай такая база ведаў спатрэбіцца. У асноўным дзяўчаты паступаюць і адзін-два хлопцы з выпуску”.

І няма сакрэту: палешукі бачаць, што матэматыка і англійская мова могуць прыадкрыць шлях і ў сферу інфармацыйных тэхналогій. Гэта “плантацыя”, на якой патрэбны розныя спецыялісты менавіта з матэматычным складам розуму. Прычым на побытавым плане адпаведным чынам “завастрае мазгі” якраз той самы “ўзровень прыёмкі ягад”, які вымагае інтэгральнага вырашэння задач з многімі пераменнымі: якасць прадукцыі, попыт, канкурэнцыя, надвор’е…

Зробім высновы, згадаўшы народную мудрасць “За аднаго бітага сем нябітых даюць”. Чаму раптам біты ў большай цане? Бо тая “бітасць” ёсць знак выпрабаванасці, загартаванасці ў жыццёвай барацьбе.

У канкрэтнай працоўнай дзейнасці школьныя тэорыі падмацоўваюцца практыкай, школьнікі набываць важны — жыццёвы — вопыт. І канікулы, асабліва летнія, варта б разглядваць як пару прымянення ведаў на практыцы, асваення новых кампетэнцый.

Калі ацэньваць эфектыўнасць практыкі толькі па-бухгалтарску, то можна па неасцярожнасці высу­шыць неацэнны вопыт у гербарый, перавесці яго ў рублі. Калі ж кожны са школьнікаў, гімназістаў, ліцэістаў будзе мець магчымасць “здаць залік” за працоўнае лета, выслухаць меркаванні педагогаў і равеснікаў, то гэта будзе вельмі карысна для сацадаптацыі юных. І вось бы дзе ўвесці такое: выстаў­ляць у першай чвэрці, напрыклад, і адзнаку за лета. Няхай сабе і не ў класным журнале — хоць у свядомасці маладога чалавека, які шукае сваё месца ў соцыуме. Такім чынам, падаецца мне, можна дапамагчы школьнікам набыць пачуццё ўласнай годнасці, з гордасцю гаварыць пра сваё працоўнае лета. Не чакаючы, пакуль адзнакі выста­віць само жыццё.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: