РУС БЕЛ ENG 中文

Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Варта задумацца над прыярытэтамі

15.11.2024

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18, разгледжаны чатыры пытанні.

Задаволена хадайніцтва сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава аб адмене рашэння камісіі па прызнанні маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне трох непаўналетніх дзяцей, якія некалькі месяцаў знаходзіліся ў сацыяльным прытулку ўстановы – яны вярнуліся да матулі. Прынята рашэнне па адміністрацыйнай справе на непаўналетняга дзятлаўчаніна – навучэнца аднаго з дзяржаўных каледжаў вобласці, і разгледжана хадайніцтва гэтага каледжа аб магчымасці адлічэння хлопца з установы.

Каардынацыйным саветам райвыканкама па выніках сацыяльнага расследавання прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы трое дзяцей з адной сям’і.

Круты жыццёвы паварот

Праблемы ў сям’і, дзе гадуецца трое непаўналетніх дзяцей, пачаліся дастаткова даўно. Дарослыя доўга не знаходзілі паразумення, часта высвятлялі паміж сабой адносіны, муж быў аматарам алкаголю і нярэдка распускаў кулакі. Перш чым члены камісіі па справах непаўналетніх прынялі рашэнне аб адабранні сына і дзвюх дачок, ненадзейных бацькоў неаднаразова выклікалі на пасяджэнні каардынацыйнага савета, камісіі, праводзілі іншыя прафілактычныя размовы, аднак сямейны недабрабыт, як арэлі, то заціхаў, то зноў даходзіў да “тэмпературы кіпення”. У выніку некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне аб прызнанні непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і змяшчэнні ў сацыяльны прытулак. Бацькі вымушана атрымалі час і магчымасць задумацца над сваімі паводзінамі і жыццёвымі прыярытэтамі.

У выніку шлюб яны скасавалі, маці непаўналетніх набыла дом у адной з вёсак раёна, стварыла там неабходныя для дзяцей умовы, працавала, не дапускала прагулаў, па магчымасці наведвала сына і дачок у прытулку. Бацька ж, наадварот, быў накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе знаходзіцца і цяпер.

Пры разглядзе хадайніцтва сацыяльна-педагагічнага цэнтра члены камісіі выслухалі меркаванні педагогаў, прадстаўніка наймальніка, старшыні сельвыканкама. Паколькі галоўныя праблемы сямейнага недабрабыту, з-за якіх непаўналетнія былі адабраны, маці вырашыла, было прынята абгрунтаванае рашэнне: вярнуць ёй дзяцей. Безумоўна, сям’я па-ранейшаму будзе знаходзіцца на пільным кантролі, аднак хочацца спадзявацца, што шанц самастойна гадаваць сына і дачок жанчына не ўпусціць.

Калі не вучыцца, то працаваць

У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла хадайніцтва аднаго з дзяржаўных каледжаў аб магчымасці адлічэння непаўналетняга дзятлаўчаніна з гэтай установы.

Як высветлілася ў час пасяджэння, у каледжы наш малады зямляк займаецца з 2022 года і ў хуткм часе ўжо мог бы стаць атэставаным спецыялістам, але на занятках бывае рэдка. Як сцвярджае адміністрацыя навучальнай установы, пры жаданні ўсё можна было б выправіць, аднак менавіта жадання набываць прафесію ў юнака няма.

На ўсе пытанні, тлумачэнні і прапановы членаў камісіі хлопец цвёрда адказваў адно: “Мне не падабаецца выбраная спецыяльнасць”. Разам з тым, чаго менавіта хоча ад будучыні, якіх перспектываў чакае, малады чалавек не паведаміў.

Спецыялісты папярэдзілі навучэнца, што ўсе вучэбныя дысцыпліны за курс сярэдняй школы, па якіх ён не атэставаны ў каледжы, пры адлічэнні давядзецца вывучыць і здаць экстэрнам. Юнак нават на гэта згодны, каб не прадаўжаць вучобу. Праўда, ёсць і яшчэ адно абавязковае патрабаванне: працаўладкавацца. Калі ў камісію будзе прадастаўлена даведка ад наймальніка – пытанне аб адлічэнні вырашыцца станоўча.

Уся гэта няпростая працэдура заклікана абараніць моладзь ад неабдуманых учынкаў і згубных залежнасцяў. Вось і ў нашага земляка другім пытаннем на камісіі разглядаўся адміністрацыйны пратакол. Яго хлопец “зарабіў” вечарам 2 верасня гэтага года ў родным горадзе (а павінен быў знаходзіцца на вучобе), калі ў стане алкагольнага ап’янення на адной з вуліц быў затрыманы праваахоўнікамі. Паколькі непаўналетні пакуль не мае ўласнага даходу, яго афіцыйна папярэдзілі аб недапушчэнні падобных парушэнняў у далейшым і аб тым, што з ім будзе весціся індывідуальная прафілактычная работа.

З-за парушэння бацькі – недабрабыт сям’і

Члены каардынацыйнага савета райвыканкама разгледзелі вынікі сацыяльнага расследавання, праведзенага ў сям’і, дзе гадуюцца трое дзяцей. Яна і раней па розных прычынах трапляла ў поле зроку службаў прафілактыкі, некаторы час была сацыяльна ненадзейнай, а на гэты раз бацьку за рулём без вадзіцельскага пасведчання затрымала дзяржаўтаінспекцыя. Згодна з патрабаваннямі заканадаўства мужчына заплаціў значны штраф.

На пасяджэнні ён расказаў, што прайшоў курс навучання, а на “правы” здаць яшчэ не паспеў, затое набыў сабе патрыманы аўтамабіль, за рулём якога ехаў у той злашчасны дзень.

На жаль, шматдзетны бацька ў поўнай меры так і не зразумеў, чаму нельга вадзіць машыну без пасведчання, што сваім неабдуманым учынкам ён падвяргаў рызыцы іншых удзельнікаў дарожнага руху. Дарэчы, дзе гарантыя, што пры пэўных абставінах ён не пасадзіў бы ў салон аўто яшчэ і сваіх трох дзяцей, жонку?

З улікам усіх фактараў рызыкі шматдзетная сям’я прызнана ў сацыяльна ненадзейным становішчы і будзе знаходзіцца на больш пільным кантролі.

Источник: https://diatlovonews.by

поделиться в: