РУС БЕЛ ENG 中文

У Беларусі з’явіцца прафесійны стандарт «Педагагічная дзейнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі»

15.11.2024

У найбліжэйшы час у Беларусі з’явіцца прафесійны стандарт “Педагагічная дзейнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Пра гэта паведамілі на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, перадае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У Год якасці мы асаблівую ўвагу ўдзяляем сацыялізацыі дашкольнікаў, падрыхтоўцы да школы, атрыманню адпаведных адукацыйных кампетэнцый і сацыяльных навыкаў. Менавіта таму разглядаем новы адукацыйны стандарт, які распрацаваны для ўстаноў дашкольнай адукацыі. Усе кампаненты, якія звязаны з сацыялізацыяй дзяцей, патрыятычным выхаваннем, падрыхтоўкай да школы, будуць уключаны ў яго комплексна і будуць рэалізоўвацца ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Акрамя таго, на мерапрыемстве былі заслуханы вынікі вывучэння дзейнасці структурных падраздзяленняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, пытанні забеспячэння даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі, выхаваўчай работы ва ўстановах дашкольнай адукацыі, стварэння бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў.

Андрэй Іванец акцэнтаваў увагу на змяненнях у сістэме, якія адбудуцца з прыняццем дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраекта “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”, а таксама нагадаў аб неабходнасці выкараніць залішнюю бюракратычную нагрузку на педагогаў і выкананне імі неўласцівых функцый.

Актуальныя напрамкі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі абазначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч. Аб падрыхтоўцы кадраў для сістэмы дашкольнай адукацыі расказаў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. Вопыт, дасягненні, праблемы і перспектывы сістэмы дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці прадставіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко.

Удзельнікі калегіі азнаёміліся з рэгіянальнай мадэллю метадычнага суправаджэння дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі Светлагорскага раёна, вопытам супрацоўніцтва педагогаў дзіцячага сада № 111 Віцебска “Буслік” з сем’ямі выхаванцаў па пытаннях фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, а таксама работай па падтрымцы маладых спецыялістаў у дзіцячым садзе № 15 Кобрына.

Вялікая ўвага ўдзелена маніторынгу забеспячэння якасці адукацыі на прыкладзе Мінскай вобласці. Па словах міністра, у мінулым годзе Дэпартамент кантролю якасці адукацыі пашырыў свае функцыі. Зараз ён можа ажыццяўляць кантроль і наглядную функцыю не толькі ў галіне акрэдытацыі і ліцэнзавання, але і ў галіне маніторынгу забеспячэння якасці адукацыі на ўсіх узроўнях. У гэтым годзе была дэталёва вывучана сістэма адукацыі Мінскай вобласці, у тым ліку дашкольнай. Праведзены не толькі маніторынгавыя мерапрыемствы ў плане карэктнасці вядзення нарматыўных, прававых, вучэбна-плануючых дакументаў, але і адпаведныя кантрольныя зрэзы.

Падчас калегіі прайшла тэматычная выстава эфектыўнага вопыту работы ўстаноў дашкольнай адукацыі ўсіх рэгіёнаў па розных напрамках дзейнасці, дзе былі прадстаўлены творчыя дасягненні педагогаў, навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольнай адукацыі.

DSC_1263
DSC_1174
DSC_1372
DSC_1196
DSC_1160
DSC_1240
 

На тэматычных секцыях, якія адбыліся напярэдадні пасяджэння калегіі, педагогі абмяркоўвалі праекты канцэптуальных і нарматыўных дакументаў, якія вызначаюць асноўныя вектары развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на найбліжэйшую перспектыву. У іх ліку крытэрыі ацэнкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, праект прафесійнага стандарту “Педагагічная дзейнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, які адкарэкціруе патрабаванні да адукацыі выхавальніка, праект пастановы “Аб парадку правядзення рэспубліканскага конкурсу “Лепшы педагог установы дашкольнай адукацыі”, Нацыянальная стратэгія развіцця інклюзіўнай адукацыі да 2030 года.

Матэрыялы з пасяджэння калегіі чытайце ў наступным нумары нашай газеты.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: