РУС БЕЛ ENG 中文

Увага экалагічнаму напрамку: на рэспубліканскім савеце абмеркавалі пытанні дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

30.10.2024

Праблемнае поле размовы ўключала стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы ў экалагічным выхаванні, шляхі павышэння якасці дадатковай адукацыі, выкарыстанне рэсурсных магчымасцей профільнага навучання ў школах і прафадукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Мадэратарам пасяджэння, якое адбылося ў Віцебску, выступіла старшыня рэспубліканскага савета, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка.

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак падкрэсліў неабходнасць пошуку новых форм і метадаў, сучасных падыходаў у арганізацыі работы з падрастаючым пакаленнем. Асобна прадстаўнік ведамства адзначыў, што Віцебшчына мае багатую культурна-гістарычную і краязнаўчую спадчыну, мноства славутасцей і адметных традыцый, прычым гэты найкаштоўнейшы патэнцыял актыўна задзейнічаны ў адукацыйным працэсе. Педагогамі паўночнага рэгіёна назапашаны эфектыўны метадычны і практычны вопыт па экалагічым выхаванні.

— Сістэма дадатковай адукацыі Віцебскай вобласці знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях у рэспубліцы, — выказаў ацэнку А. Мацюшонак. — Гэта пацвярджаецца і шэрагам высокіх поспехаў, перамог навучэнцаў і педагогаў, творчых калектываў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Сёння вобласць паказвае свае шматлікія навацыі і ініцыятывы, апрабаваныя эксперыментальныя мадэлі ў кантэксце развіцця экалагічнага, турыстычна-краязнаўчага профілю.

Прэзентацыя лепшых педагагічных практык па экалагічным выхаванні ўстаноў адукацыі рэгіёна разгарнулася ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі. Яго калектыў таксама прадставіў змястоўную панараму сваіх напрацовак і дасягненняў. Дарэчы, у аб’яднаннях па інтарэсах тут займаецца каля 4 тыс. чалавек. На базе палаца адбылася дыялогавая пляцоўка «Актуальныя падыходы да экалагічнага выхавання навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі». 

У Міёрскім раёне ўдзельнікаў пасяджэння азнаёмілі з вопытам узаемадзеяння дзяржаўных і грамадскіх арганізацый па пытаннях змяненняў клімату і рацыянальнага прыродакарыстання на прыкладзе супрацоўніцтва сістэмы адукацыі з рэспубліканскім заказнікам «Ельня».

Цікавыя практыкі забеспячэння вольнага часу і занятасці дзяцей і моладзі праз рэалізацыю праектнай дзейнасці ва ўмовах сельскай мясцовасці прэзентавалі ў Германавіцкай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна. Пасяджэнне прайшло пры падтрымцы праекта «Кліматычная адукацыя ў мэтах папулярызацыі мэт устойлівага развіцця і кліматычнай павесткі («Кліматычная шкатулка»)», які фінансуецца ўрадам Расійскай Федэрацыі і рэалізуецца ПРААН у Беларусі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: