Пытанні забеспячэння якасці адукацыі абмеркавалі на ІІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі
29.10.2024“Іншым краінам цікавы беларускі вопыт у плане сістэмнага падыходу да ацэнкі якасці адукацыі” — такую думку выказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай на ІІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі “Забеспячэнне якасці адукацыі: стан, праблемы і перспектывы”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сістэмна і паслядоўна
Канферэнцыя аб’яднала прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі, арганізацый па забеспячэнні якасці адукацыі і адукацыйных устаноў Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана. Да міжнароднага дыялогу падключыліся шматлікія пляцоўкі з рэгіёнаў нашай краіны.
У ХХІ стагоддзі пытанні якасці адукацыі з’яўляюцца ключавымі ва ўсіх краінах, якія ставяць адукацыю прыярытэтам сваёй палітыкі. Невыпадкова мерапрыемства было арганізавана ў сценах Выканаўчага камітэта СНД. Сёння ў Садружнасці паспяхова развіваецца агульная адукацыйная прастора, удасканальваюцца інтэграцыйныя працэсы, выпрацаваны адзіныя падыходы ў вызначэнні крытэрыяў ацэнкі кіравання якасцю адукацыі, праводзіцца канструктыўны абмен вопытам, што дазваляе краінам павышаць эфектыўнасць і якасць адукацыі.
Па словах саветніка Дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Выканаўчага камітэта СНД Галіны Казак, інтэграцыйныя працэсы накіраваны на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва па забеспячэнні якасці і даступнасці адукацыі на ўсіх узроўнях дзяржаў — удзельніц СНД. Удасканальваецца сфера падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі высокакваліфікаваных і матываваных спецыялістаў, якія ўяўляюць цікавасць для эканамічнага, сацыяльнага развіцця дзяржаў, робяцца практычныя крокі па ўзаемадзеянні ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў.
— Беларусь нездарма з’яўляецца ініцыятарам у абмеркаванні пытанняў якасці адукацыі, — адзначыў Аляксандр Кадлубай. — Мы прайшлі пэўную эвалюцыю за перыяд суверэннай Беларусі. У нас ёсць дакладна выбудаваная сістэма, пачынаючы ад ацэнкі якасці атэстацыі школьнікаў, навучэнцаў у сістэме каледжаў, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і заканчваючы непасрэдна кантролем якасці ў цэлым устаноў адукацыі, вучэбных планаў, праграм — усяго таго, што рэгламентуецца нарматыўнай прававой дакументацыяй. Грамадства развіваецца імкліва: штучны інтэлект, лічбавізацыя, новае пакаленне навучэнцаў. Гэта тыя выклікі, якія мы павінны разумець. І неабходна рыхтаваць да іх педагогаў новай фармацыі.
У 2023 годзе Міністэрствам адукацыі распрацавана і прынята Праграма развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года. Падводзячы папярэднія вынікі праграмы, намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Алена Зямнова адзначыла, што створаны матывуючыя ўмовы для адораных абітурыентаў, у тым ліку і для паступлення ў рэгіянальныя УВА. Гэта дазволіла павялічыць практычна ў два разы колькасць адораных і матываваных абітурыентаў, залічаных ва УВА без уступных выпрабаванняў. У тым ліку залічана без іспытаў больш чым у тры разы выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, больш чым у два разы — пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, практычна ў два разы — уладальнікаў залатых і сярэбраных медалёў альбо дыпломаў аб прафесійна-тэхнічнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Амаль у два разы павялічылася колькасць выпускнікоў, залічаных ва УВА пасля заканчэння ліцэяў УВА. 375 абітурыентаў з ліку пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд рэалізавалі права залічэння без уступных выпрабаванняў у рэгіянальныя УВА.
У межах рэалізацыі праграмы распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па парадку арганізацыі і правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі на ўсіх узроўнях адукацыі, рэалізацыя якіх дазволіць арганізаваць бесперапынны сістэмны кантроль за якасцю адукацыі як усіх устаноў адукцыі ў цэлым, так і кожнага педагога.
Узяць на заметку
Аляксандр Кадлубай адзначыў, што замежным краінам цікавы беларускі вопыт у плане сістэмнага падыходу да ацэнкі якасці кантролю ведаў вучняў: пачынаючы ад падыходаў да прамежкавай атэстацыі, сістэмы кантролю ведаў вучняў (рэспубліканскія кантрольныя работы па прадметах) да Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. Так, на нядаўнім з’ездзе настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД Беларусь прапанавала, а калегі падтрымалі маштабаваць вопыт нацыянальнага даследавання на пляцоўцы СНД.
Як паведаміла рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава, у межах Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі праводзіцца аналіз фактараў, якія абумоўліваюць функцыянальную адукаванасць навучэнцаў, напрамкі ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння і павышэння кваліфікацыі педагогаў.
— Па выніках даследавання былі распрацаваны адпаведныя матэрыялы і дарожная карта па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў. Атрыманыя вынікі з’яўляюцца добрай асновай для ацэнкі эфектыўнасці работы ўстановы адукацыі, вызначэння механізмаў і прыярытэтных напрамкаў работы ў далейшым — як у плане прафесійнага развіцця педагога, так і адносна работы з вучнямі, — падкрэсліла Ірына Старавойтава.
Пры арганізацыі нацыянальнага даследавання ў фокусе ўвагі знаходзіліся чатыры віды функцыянальнай адукаванасці: чытацкая, матэматычная, прыродазнаўчанавуковая і фінансавая. У перспектыве ў гэты пералік могуць увайсці, напрыклад, інфармацыйная адукаванасць, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, эмацыянальны інтэлект. Плануецца, што такія даследаванні будуць праводзіцца раз у тры гады.
Зацікавілі замежных гасцей і такія напрамкі ацэнкі якасці адукацыі, як рэспубліканскія кантрольныя работы, якія маюць на мэце выяўленне адукацыйных дасягненняў навучэнцаў, і маніторынгавыя даследаванні, дзе аб’ектам вывучэння з’яўляюцца псіхалагічныя аспекты навучання, асобаснае развіццё навучэнцаў, якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу, прафесійныя кампетэнцыі і адукацыйныя запыты педагагічных работнікаў.
Зараз у акадэміі праводзіцца навукова-даследчая работа, якая датычыцца распрацоўкі крытэрыяў і паказчыкаў, інструментарыю і метадычных рэкамендацый па ацэнцы дзейнасці ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Выкарыстанне гэтага інструментарыю, па меркаванні распрацоўшчыкаў, дазволіць прытрымлівацца адзіных падыходаў у ацэнцы дзейнасці ўстаноў адукацыі на кіраўніцкім, рэгіянальным, рэспубліканскім узроўнях. Сярод перспектыўных напрамкаў дзейнасці акадэміі — распрацоўка крытэрыяў, паказчыкаў і індыкатараў ацэнкі якасці інклюзіўнай адукацыі, забеспячэнне лічбавай трансфармацыі сістэмы ацэнкі якасці, укараненне тэхналогій штучнага інтэлекту, распрацоўка кіраўніцкіх стратэгій у галіне ацэнкі якасці адукацыі.
Выклікала вялікую цікавасць прысутных і выступленне члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіла Мірончыка, які расказаў пра ролю заканадаўчага забеспячэння ў павышэнні якасці адукацыі. Ён падрабязна спыніўся на карэкціроўках, якія ўносяцца ў Кодэкс аб адукацыі, — адпаведны законапраект знаходзіцца зараз у дэпутатаў.
Источник: https://nastgaz.by