«Не толькі святамі і конкурсамі жывём». Пра сваю работу расказвае педагог-арганізатар Наталля Ёрш
29.10.2024«Жыць работай, дыхаць творчасцю, адпачываць задумамі» — прафесійны дэвіз Наталлі Ёрш — педагога-арганізатара сярэдняй школы № 1 Ліды. Штодзень яна прымярае на сябе самыя розныя ролі: педагога і псіхолага, артыста і музыканта, танцора і спартсмена. І так на працягу 17 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
«Жыць работай, дыхаць творчасцю, адпачываць задумамі» — прафесійны дэвіз Наталлі Ёрш — педагога-арганізатара сярэдняй школы № 1 Ліды. Штодзень яна прымярае на сябе самыя розныя ролі: педагога і псіхолага, артыста і музыканта, танцора і спартсмена. І так на працягу 17 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Мая задача — быць у цэнтры займальных спраў і яркіх падзей, ісці ў нагу з актыўнай і творчай моладдзю і набірацца вопыту ад людзей старэйшага пакалення, запальваць маленькія зорачкі таленту ў дзецях і адчуваць патрабавальнага гледача, — адзначае Наталля Мікалаеўна. — Мне падабаецца складаць сцэнарыі, рэжысіраваць мерапрыемствы і канцэрты, сумесна са школьнікамі развучваць песні, вершы, танцы, рыхтаваць рэквізіт, афармляць залу для ўрачыстасцей, прымаць удзел у конкурсах і праектах. Да ўсяго мы падыходзім вельмі адказна. Разам рыхтуемся і разам перажываем. Затое колькі захаплення і радасці, калі прыходзіць доўгачаканая перамога ў конкурсе. Тады нібыта з’яўляюцца крылы, прыбаўляецца ўпэўненасці і жадання дасягнуць большага.
Аднак не толькі святамі і конкурсамі жыве педагог-арганізатар. Наталля Мікалаеўна на факультатыўных занятках рыхтуе валанцёраў у рамках падыходу «роўны навучае роўнага» і суправаджае іх практычную работу з аднагодкамі па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця. З’яўляецца куратарам школьнага валанцёрскага атрада «Міласэрнасць». Уступіўшы ў рады валанцёраў, дзеці працуюць над сур’ёзнымі сацыяльнымі праблемамі, праяўляюць крэатыўнасць пры іх вырашэнні, вучацца міласэрнасці, аказваючы пасільную дапамогу адзінокім пажылым людзям, ветэранам вайны і працы, дзецям-сіротам і дзецям з інваліднасцю, праводзячы дабрачынныя святы і акцыі, працуючы з вучнямі, якія знаходзяцца на розных відах уліку (інфармацыйна-прапагандысцкая дзейнасць).
— Разам з калегай педагогам-арганізатарам Наталляй Сабалеўскай і валанцёрамі мы зрабілі візітныя карткі і ўручылі іх пажылым людзям, якія пражываюць у мікрараёне школы, каб тыя звярталіся ў выпадку неабходнасці па дапамогу. Такім чынам сфарміравалася база «Адрасы дапамогі», — гаворыць суразмоўніца. — Валанцёры супрацоўнічаюць з клубам «Актыўнае даўгалецце» Лідскага раённага ТЦСАН. Яго ўдзельнікі нядаўна наведалі нашу ўстанову адукацыі, каб даведацца пра яе гісторыю (сёлета ўстанове спаўняецца 95 гадоў), азнаёміцца з экспазіцыямі музея. Некаторыя экскурсанты ў мінулым з’яўляліся вучнямі гэтай школы. Адна з выпускніц Святлана Афоніна (Тамашэвіч) падарыла музею сваю кнігу вершаў «Любіце жыццё».
Актывісты-валанцёры прапанавалі рэалізаваць маладзёжны адукацыйны праект «Адзін дзень у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны». У выніку дзевятнаццаць 11-класнікаў цэлы дзень правялі ў міністэрстве, сустрэліся з яго супрацоўнікамі, зразумелі, як на практыцы рэалізуецца дзяржаўная палітыка ў сферы працы, занятасці, сацыяльнай падтрымкі грамадзян. Не пакінулі без увагі праблему безбар’ернага асяроддзя. Вучні таксама наведалі Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў.
Дзейнасць валанцёраў 1-й школы Ліды адзначана на розных узроўнях. Атрымана 9 сертыфікатаў Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра за актыўны ўдзел у рэспубліканскім фотаконкурсе «Адзін дзень з жыцця валанцёра» і рэспубліканскім марафоне «Валанцёрства — гэта мы!».
На працягу трох апошніх гадоў выхаванцы Наталлі Мікалаеўны з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года» ў намінацыі «Асабісты ўклад». З вопытам «Валанцёрскі рух: ад маладосці да мудрасці» Наталля Ёрш выступала на I абласным злёце прадстаўнікоў саветаў пажылых грамадзян і маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці. Педагог выйшла ў прызёры абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшую метадычную распрацоўку па арганізацыі тэматычных заняткаў па валанцёрстве (дыплом II ступені).
Наталля Мікалаеўна каардынуе дзейнасць пярвічнай арганізацыі БРСМ, што ўваходзіць у тройку лепшых у раёне. Вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню і развіццю лідарскіх якасцей вучняў, якія з’яўляюцца мадэратарамі абласных і рэспубліканскіх пляцовак маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. На працягу трох апошніх гадоў лідары школы Ганна Каламыцкая і Дзіяна Казлоўская адначасова былі дэпутатамі раённага, абласнога і рэспубліканскага маладзёжных парламентаў. Сёння дзяўчаты вучацца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці УВА.
Наталля Ёрш займалася падрыхтоўкай пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Лідар года — 2022» (дыплом I ступені) і рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» ў рамках міжнароднага патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці» (дыплом I ступені).
— Нашы лідары ўжо другі год запар спрабуюць свае сілы ў праекце «Цягнік Памяці”, — адзначае Наталля Мікалаеўна. — Дзесяцікласніца Ксенія Матыс прайшла на выдатна ўсе выпрабаванні і сёлета апынулася сярод 45 актыўных, мэтанакіраваных і таленавітых маладых людзей, якія адправіліся ў падарожжа па гарадах Беларусі і Расіі, месцах, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
У рамках праекта «Беларусь і Расія — адзін лёс, дзве дзяржавы» маладзёжным парламентам Лідскага раёна пры падтрымцы кіраўніцтва горада ў жніўні гэтага года была арганізавана паездка ў краявы патрыятычны лагер «Спадчына стагоддзяў» у Алтайскім краі. Два лідары школы ўвайшлі ў склад каманды з 9 вучняў Лідскага раёна, якія правялі ў лагеры 10 дзён.
У школе дзейнічае маладзёжны атрад аховы правапарадку «Школьны дазор». Разам з супрацоўнікамі міліцыі, МНС, Асвода моладзь вядзе работу па прапагандзе прававых ведаў, асноў бяспекі жыццядзейнасці сярод аднагодкаў, жыхароў горада, атрымлівае першы вопыт у падтрыманні грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. Атрад «Школьны дазор» пад кіраўніцтвам Наталлі Ёрш на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу двойчы прызнаваўся лепшым маладзёжным атрадам аховы правапарадку па ўзаемадзеянні з тэрытарыяльнымі органамі МНС.
— Звяртаемся да актыўных форм і метадаў выхавання моладзі, — кажа Н. Ёрш. — Гэта круглыя сталы, вусныя часопісы, дыскусіі, дыспуты, адкрыты мікрафон, дзелавыя гульні, заняткі з элементамі трэнінгу і г. д. Сумесна з вучнёўскім актывам распрацоўваем анлайн-віктарыны («Гісторыя майго горада», «Аб сакрэтах здароўя», «Сакрэты эканоміі», «Алімпійскі эрудыт» і інш.) і цікавыя праекты, напрыклад, «Разумныя далонькі» і «Праменьчыкі дабра» па тэме інклюзіі, «Здароўе — інвестыцыі ў будучыню» і «Школа-інфа» аб школьнай газеце. Пры стварэнні мультымедыйных інтэрактыўных практыкаванняў працуем з праграмай LearningApps.org, у якой былі зроблены гульні «Слоўнік патрыятычных слоў», «Славутасці Беларусі», «Значныя даты ў гісторыі горада Ліды», «БРСМ і МЫ», «Падзеі Другой сусветнай вайны» і іншыя.
Летась школа запусціла праект «Камп’ютарная сувязь пакаленняў», каб маладыя людзі маглі даведацца пра жыццё і вопыт старэйшых, а тыя ў сваю чаргу навучыліся новым тэхналогіям, былі ў курсе сучасных тэндэнцый. На пазітыўную сацыялізацыю вучняў у інтэрнэт-асяроддзі накіравана дзейнасць дзіцячых call-цэнтраў у сетках «УКантакце», Тelegram, Instagram (суполка «Моладзь СШ № 1 Ліды»), дзе дзеці падбіраюць цікавы кантэнт, пішуць пасты пра яркія і цікавыя падзеі школьнага жыцця. Сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюцца для правядзення конкурсаў, анлайн-галасаванняў, анлайн-апытанняў і чэленджаў. Разам з вучнямі і педагогі ўдзельнічаюць у інтэрнэт-конкурсах, анлайн-квестах і маладзёжных ініцыятывах. Так, дзякуючы зладжанай рабоце ўдзельнікаў анлайн-групы «Аздараўленчы лагер «Патрыёт» 1-й школы Ліды ў Instagram у 2024 г. быў атрыманы дыплом І ступені ў рэспубліканскім дыстанцыйным фестывалі інфармацыйных рэсурсаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі «ІнфаЛета».
— У нас яшчэ шмат ідэй і задум. А галоўнае, што для іх рэалізацыі ёсць атмасфера крэатыву і творчага пошуку, камандная работа і лідарскі дух, гатоўнасць мяняцца і мяняць, — адзначае Наталля Мікалаеўна.
Источник: https://nastgaz.by