РУС БЕЛ ENG 中文

Больш за 140 прафсаюзных актывістаў сабралася на маладзёжным электаральным форуме

28.10.2024

Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі сабраў актывістаў на рэспубліканскі электаральны форум, прысвечаны 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

На маладзёжным форуме, які прайшоў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, прысутнічалі больш за 140 актывістаў абласных і раённых маладзёжных саветаў прафсаюза адукацыі і навукі, стыпендыятаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і галіновага прафсаюза, старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый навучэнцаў і работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі.

У першы дзень форуму адбыўся адкрыты дыялог «Якасць адукацыі — залог паспяховай будучыні» з удзелам міністра адукацыі Андрэя Іванца, намесніка старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандра Шчаковіча і старшыні прафсаюза адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч.

У ходзе форуму яго ўдзельнікі пройдуць навучанне па чатырох кірунках з лекцыямі і майстар-класамі ад экспертаў: па тэмах інфармацыйнай бяспекі, крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, па псіхалагічных аспектах работы ў калектывах, а таксама пытаннях будучай электаральнай кампаніі 2025 г.

Экспертамі падчас абмеркаванняў выступяць дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, вядучыя журналісты.

— На форуме мы разгледзім пытанні развіцця нашай краіны на працягу 30 гадоў, — сказала Т. Якубовіч. — За гэты час Беларусь паказала сваю гістарычную прывабнасць і здольнасць адаптавацца да розных умоў. Наша краіна згуртаваная, незалежная, развіваецца на аснове інтарэсаў народа, сваіх традыцый і гісторыі. Вы зможаце не толькі падзяліцца сваімі ведамі, але і атрымаць новыя, каб пасля распаўсюдзіць іх у сваіх працоўных і студэнцкіх калектывах. Вы сустрэнецеся на дыялогавых пляцоўках і круглых сталах з грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, медыяэкспертамі. Жадаю вам плённай работы для таго, каб наша краіна ў найбліжэйшыя гады паступальна развівалася, а мы працавалі толькі на стварэнне, таму што час выбраў нас.

Звяртаючыся да маладзёжных актывістаў, А. Іванец адзначыў:

— Многія з вас нарадзіліся ва ўжо суверэннай Беларусі. І ўспрымаюць мінулыя 30 гадоў як гісторыю. Але людзі, якія жылі ў той час, разумеюць, як нашу рэспубліку ўдалося адвесці ад бездані, яны ўсведамляюць, у якой выдатнай краіне мы жывём. І тое, што сёння мы знаходзімся ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, — гэта сімвалічна, таму што ў нашай краіне вядзецца комплексная, сістэмная работа з адоранымі дзецьмі. Гэта тычыцца ўсіх дзяцей — і тых, хто застаўся без бацькоў, і дзяржава цалкам узяла на сябе клопат пра іх. Практычна 90 % такіх дзяцей знаходзіцца на сямейных формах уладкавання. Мы ствараем усе неабходныя ўмовы для дзяцей, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы. Ні адно такое дзіця не застаецца па-за ўвагай. Іх мы ўключаем у адукацыйны працэс разам з астатнімі навучэнцамі. Мы ўдзяляем увагу і моладзі, якая вучыцца ў каледжах і ўніверсітэтах. Атрыманне прафесійнай адукацыі сёння накіравана на тое, каб маладыя людзі маглі рэалізаваць свой патэнцыял у грамадстве, на прадпрыемствах. Вялікая падтрымка аказваецца маладым і мнагадзетным сем’ям. Адна з найважнейшых місій кожнага чалавека не толькі ў тым, каб стаць грамадзянінам, прафесіяналам у сваёй сферы, але і рэалізавацца ў сям’і, вырасціць дзяцей, пакінуць добры след у жыцці.

Удзельнікі форуму скарысталіся магчымасцю задаць пытанні ганаровым гасцям аб развіцці сістэмы адукацыі Беларусі, аб новых тэхналогіях, аб эфектыўнасці работы прафсаюза, аб тым, як кожны з нас можа праявіць любоў да Радзімы, і, вядома, аб электаральнай кампаніі.

Заўтра адбудзецца адкрыты дыялог з удзелам старшыні ЦВК Ігара Карпенкі і старшыні прафсаюза адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч, дзе ключавым стане абмеркаванне работы пярвічных прафсаюзных арганізацый ва ўніверсітэтах па ўсёй краіне напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2025 г.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: