Выхаванне на прынцыпах узаемаразумення і згоды: агляд кастрычніцкага нумара часопіса «Народная асвета»
24.10.2024Якога фармату патрабуе сучасная размова з дзецьмі пра патрыятызм, гістарычную памяць беларускага народа аб Вялікай Айчыннай вайне, захаванне міру ва ўмовах шматлікіх пагроз і выклікаў, пра агульначалавечыя каштоўнасці і нацыянальныя традыцыі, сацыяльную адказнасць і грамадзянскія пачуцці асобы? Як матываваць маладых людзей да стваральнай дзейнасці на карысць Радзімы і грамадства?
Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў кастрычніцкім выпуску “Педагагічнай асамблеі”. Удзельнікі сумеснага праекта Беларускага фонду міру і Міністэрства адукацыі “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” прадстаўляюць годныя ідэі і дзейсныя формы выхавання маладога пакалення на прынцыпах міру і згоды — міратворчы квіз “Каб жыць у міры і згодзе”, вусны часопіс “Боль і памяць нашай зямлі”, урок міру “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, турнір юных міратворцаў “У імя міру і стварэння” і інш.
Умовы для інтэлектуальных адкрыццяў і творчых дасягненняў вучняў і педагогаў, для заахвочвання падлеткаў на атрыманне прафесіі настаўніка, інжынера, ваеннага створаны творчым калектывам гімназіі № 1 імя Д. І. Валковіча г. Масты. Тут ажыццяўляюцца інавацыйныя праекты па педагагічнай прафілізацыі, функцыянуюць навуковыя таварыствы вучняў, працуе музей “Гісторыя школы ў гісторыі маёй краіны” і ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь”, рэалізуецца прафарыентацыйны праект “Твая будучыня — у тваіх руках”, вядзецца актыўнае супрацоўніцтва з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам і шматлікімі адукацыйнымі ўстановамі рэспублікі. І гэта далёка не ўсе яркія справы, якімі ахоплены і дзеці, і дарослыя. У рамках праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” педагогі гэтай ўстановы прапануюць карысныя матэрыялы для арганізацыі метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай работы.
Актуальнай тэме выпрацоўкі стылю сямейнага выхавання прысвечана наша пастаянная рубрыка “Бацькоўскі сход”. Вядома, што ўсе бацькі хочуць шчасця і душэўнага дабрабыту для сваіх дзяцей. Ды не ўсе, свядома ці падсвядома, вызначаючы стыль сямейнага выхавання, зыходзяць з індывідуальнасці канкрэтнага дзіцяці. Як знайсці прадукцыйныя формы зносін з сынам ці дачкой? Як улічваць уласную індывідуальнасць і індывідуальнасць дзіцяці для ўстанаўлення даверлівых зносін у сям’і? Адказам на гэтыя пытанні прысвечаны артыкул кандыдата псіхалагічных навук Святланы Месніковіч.
Для ўжо традыцыйнай рэтраспектывы артыкулаў “Народнай асветы” мы выбралі пытанне аб ролі самастойнай працы ў паспяховым навучанні. Таму што гэтае пытанне актуальнае і для сучасных педагогаў.
Сапраўды, інфармацыйнае поле на працягу жыцця чалавека пастаянна пашыраецца. І ад умення карыстацца інфармацыяй (а гэта значыць аналізаваць яе, ацэньваць, выбіраць галоўнае) залежыць поспех і ў прафесійным, і ў асабістым жыцці. А фарміруецца гэтае ўменне па крупінках і пры спецыяльна створаных умовах.
“Калі вучні выконваюць самастойную работу ва ўсіх звеннях вучэбнага працэсу, гэта прымушае не толькі больш уважліва слухаць, але і пастаянна ажыццяўляць самакантроль: параўноўваць свае думкі з тымі, што выказвалі таварышы, правяраць самастойныя работы, якія могуць быць тут жа правераны настаўнікам… Арганізацыя самакантролю павысіла якасць навучання, сустрэла станоўчыя адносіны вучняў. У іх узмацнілася цікавасць да ўзроўню сваіх ведаў. Давер’е настаўніка прымушала школьніка глыбей перажываць недастаткова сур’ёзныя адносіны да справы, лепш усведамляць свае рэальныя магчымасці”, — адзначае ў сваім артыкуле старшы выкладчык кафедры педагогікі Гродзенскага педінстытута Л. Жарава (№ 2 за 1965 г.).
Сёння інфармацыйнае поле значна шырэйшае, чым у 1960-х гадах. І сучаснаму вучню складаней “манеўрыраваць” на гэтым полі, чым яго папярэднікам. Гэта прымушае цяперашніх настаўнікаў шукаць дзейсныя формы работы, каб развіваць у дзяцей уменні супрацьстаяць маніпуляцыям, карыстацца праверанымі крыніцамі інфармацыі. Абапірайцеся на вопыт педагогаў мінулых гадоў і вывучайце карысныя прапановы сучаснікаў, якія прадстаўлены ў артыкулах “Народнай асветы”.
Источник: https://nastgaz.by