Для паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў распрацаваны новыя факультатывы
18.10.2024Пастановай Міністэрства адукацыі ад 24 верасня 2024 г. зацверджаны 7 новых вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Вучэбная праграма факультатыву «Пазнаю навакольны свет. Чую, бачу, ствараю» распрацавана для 1—2-х класаў і разлічана на два гады. У кожным класе на вывучэнне матэрыялу адводзіцца па 17 вучэбных гадзін. Мэта заняткаў — фарміраванне ўменняў адэкватнага выкарыстання сенсорных эталонаў і спосабаў абследавання аб’ектаў навакольнага свету ў розных жыццёвых сітуацыях у ходзе вырашэння бытавых і вучэбных задач. Змест заняткаў можа быць рэалізаваны з дапамогай ролевых гульняў, даследчай работы, міні-праектаў, асваення прышкольнай тэрыторыі, экскурсій і інш. Рэкамендуецца таксама выкарыстоўваць разнастайныя метады навучання і выхавання, накіраваныя на актывізацыю самастойнай дзейнасці навучэнцаў.
Вучэбная праграма факультатыву «Пазнаю навакольны свет. Школа дабраслоўя» прызначана для 3—4-х класаў і разлічана на 70 вучэбных гадзін (па 35 у кожным класе). Праграма накіравана на авалоданне навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця культурай моўных зносін, засваенне норм і правіл моўнага этыкету для прадукцыйных зносін у розных жыццёвых сітуацыях. Педагогам рэкамендуюцца інфармацыйныя (гутарка, кансультаванне, выкарыстанне СМІ, літаратуры і мастацтва, прыкладаў з навакольнага жыцця), практычна-дзейсныя (трэніроўка, практыкаванне, гульня, ручная праца), а таксама нетрадыцыйныя метады (арт-тэрапія), заахвочвальна-ацэначныя метады. Эфектыўнымі будуць гульня, драматызацыя, мадэляванне сітуацый, разыгрыванне сітуацый з размеркаваннем і зменай ролевых пазіцый паміж навучэнцамі, маўленчыя трэнінгі, тэсты, гутаркі.
Пасля асваення курса ў вучняў сфарміруюцца ўяўленні аб узаемадзеянні людзей у грамадстве, важнасці цёплых чалавечых узаемаадносін, культуры паводзін, уменні ажыццяўляць вучэбнае супрацоўніцтва з іншымі навучэнцамі, выбіраць найбольш прыдатныя формулы моўнага этыкету з улікам адрасата і сітуацыі зносін, аналізаваць розныя сітуацыі зносін.
Для вучняў 5—6-х класаў зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Вучуся жыць у сучасным свеце. Вучымся мець зносіны, вучымся сябраваць», мэта якіх — фарміраванне ў дзяцей сацыяльных і камунікатыўных кампетэнцый, развіццё асноўных уменняў і навыкаў моўных зносін і паводзін у грамадстве, авалоданне нормамі і правіламі моўнага этыкету ў розных умовах і сітуацыях зносін. Для сямікласнікаў распрацавана праграма факультатыву «Вучуся жыць у сучасным свеце. Школа бяспекі», накіраваная на фарміраванне здольнасці і гатоўнасці вучняў падтрымліваць вакол сябе бяспечную жыццёвую прастору, адэкватныя мадэлі паводзін у небяспечных сітуацыях.
Вучэбная праграма для 8—9-х класаў «Сацыялізуюся ў сучасным свеце. Я ў прафесіі» разлічана на 70 вучэбных гадзін: па 35 у кожным класе. Педагог мае права пераразмяркоўваць колькасць гадзін на вывучэнне тэм у межах пазначанага часу, змяняць паслядоўнасць вывучэння тэм. Пасля заканчэння курса ў вучняў будуць сфарміраваны ўяўленні аб коле даступных прафесій у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, шляхах атрымання прафесій. Яны змогуць выкарыстоўваць набытыя веды для будучага прафесійнага выбару, ажыццяўляць пошук і аналіз неабходнай інфармацыі з розных крыніц.
Асобныя факультатывы па сацыялізацыі з’явіліся і для старшакласнікаў. Напрыклад, вучэбная праграма факультатыву «Сацыялізуюся ў сучасным свеце. Мае правы і абавязкі» для 9 (10)-га класа разлічана на 17 вучэбных гадзін (1 вучэбная гадзіна ў два тыдні), 1 вучэбная гадзіна рэзервовая. Праграма прадугледжвае фарміраванне грамадзянска-прававой адукаванасці вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з дапамогай развіцця сістэмы каштоўнасцей асобы навучэнца пры выкарыстанні магчымасцей крытычнага мыслення, навыкаў камунікацыі і кааперацыі, здольнасці да самарэалізацыі і праяўлення крэатыўнасці, эмацыянальнай устойлівасці і пазнавальнай актыўнасці. На занятках мэтазгодна выкарыстоўваць актыўныя формы навучання: урок-практыкум, урок-ролевую гульню, дзелавую гульню, аналіз канкрэтных сітуацый, імітацыйныя практыкаванні.
Мэта вучэбнай праграмы факультатыву «Сацыялізуюся ў сучасным свеце. Эканоміка ў дзеянні» для 11-га класа — фарміраванне элементарнай адукаванасці вучняў у эканамічнай сферы і эканамічна правільных паводзін. Змест заняткаў прадстаўлены кампазіцыяй з пяці практыка-арыентаваных тэм: «Бюджэт маёй сям’і, або грошы любяць лічэнне», «Рызыка страты грошай і маёмасці: як абараніцца», «Эканоміка і здароўе: рацыянальнае харчаванне навучэнца», «Эканоміка і вучэбныя прадметы», «Бізнес-праект «Мая справа». Аўтары праграмы рэкамендуюць педагогам выкарыстоўваць задачы з элементарнымі грашовымі разлікамі, кейсы па эканоміцы сям’і, практычныя заданні па рабоце з простай эканамічнай інфармацыяй, міні-даследаванні і праекты (інфармацыйныя і практыка-арыентаваныя) у галіне эканамічных адносін у сям’і і грамадстве. Абагульняючыя факультатыўныя заняткі могуць праводзіцца ў форме прэзентацыі, абароны праектаў. У выніку школьнікі навучацца супастаўляць прыбыткі і выдаткі, размяркоўваць бюджэт сям’і, супрацоўнічаць з дарослымі і аднагодкамі ў гульнявых і рэальных сітуацыях, рабіць высновы і даваць абгрунтаваныя ацэнкі эканамічных сітуацый на простых прыкладах.
Источник: https://nastgaz.by