РУС БЕЛ ENG 中文

Марыя Грынчук са Смаргоні не ўяўляе сябе без педагогікі і імкнецца захапіць сваёй справай жыцця моладзь

17.10.2024

Пра свой шлях у прафесію і гордасць за больш чым дзясятак выпускнікоў, якія звязалі жыццё з педагогікай, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала пераможца абласнога конкурсу на саісканне прэміі “Лідар настаўніцтва” Марыя Грынчук са Смаргоні.

Больш за чвэрць стагоддзя яе прафесійны шлях звязаны з адной установай адукацыі. У сярэдняй школе № 1 райцэнтра педагог з незвычайным імем па бацьку — Авеніраўна — працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

— У свой час на мой выбар прафесіі вялікі ўплыў аказала цётка Ірына Дудко. Яна выкладала рускую мову і літаратуру і была дырэктарам Залескай сярэдняй школы Смаргонскага раёна, якую я скончыла ў 1982 годзе, — пачынае размову Марыя Грынчук.

Яна ўспамінае, што калектыў настаўнікаў роднай школы вылучаўся высокай культурай, прафесіяналізмам і інтэлігентнасцю. Таму многія дзяўчаты марылі быць падобнымі да сваіх настаўнікаў. Суразмоўніца ўпэўнена, што і сёння першае, што ўплывае на павышэнне статусу педагога, — яго знешні выгляд, лад жыцця і паводзіны, адносіны да работы.

— Гэта тое, што дзеці што­дзень засвойваюць разам з веда­мі і што аказвае вялікі ўплыў на іх ужо дарослае жыццё, — адзначае Марыя Грынчук.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта сённяшняга Брэсц­кага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна яна была накіравана на працу ў Сольскую сярэднюю школу роднага раёна.

— У жыцці мне заўсёды шанцавала на сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. Вось і ў гэтай школе я крок за крокам спасцігала азы педагогікі побач з цудоўным настаўнікам — апантанай сваім прадметам і прафесіяй Станіславай Станіславаўнай Баркоўскай, — працягвае аповед Марыя Авеніраўна.

Нягледзячы на тое, што замацаваны за ёй настаўнік была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, яна кожны дзень знахо­дзіла час на размову, параду і карысныя абмеркаванні.

— Разам мы пісалі планы-канспекты ўрокаў, разам правяралі сшыткі… Таму, калі я сама стала настаўнікам для маладых калег, вельмі хацела быць падобнай да сваёй Станіславы Станіславаўны.

З 1996 года старонкі прафесійнай біяграфіі суразмоўніцы звязаны са школай № 1 Смаргоні. За ўсю яе педагагічную дзей­насць каля 20 выпускнікоў паступілі ў педагагічныя УВА. Некаторыя сталі яе “вучнямі” пасля заканчэння вышэйшай школы ўжо як маладыя спецыялісты.

— У рабоце з пачынаючымі педагогамі імкнуся арганізаваць для іх суправаджэнне, якое дапаможа стварыць сітуацыю ўзаемаразумення і прадукцыйнага ўзаемадзеяння з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, якое бу­дзе спрыяць усебаковаму развіццю іх асобы. Шчыра раю моладзі выкарыстоўваць кожную магчымасць для павышэння прафесійных кампетэнцый. Размова тут не толькі пра адпаведныя курсы ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Важна з цікавасцю слухаць выступленні калег падчас педагагічных саветаў, наведваць майстар-класы і право­дзіць маніторынг сфарміраванасці сваіх прафесійных кампетэнцый, — дзеліцца карыснымі парадамі Марыя Авені­раўна.

За плячыма педагога незлічоная колькасць адкрытых урокаў, шмат перамог у розных конкурсах — як асабістых, так і яе вучняў. У першы год здачы ЦЭ яе навучэнка справілася з экзаменам на максімальны 100-бальны вынік. Ніколі не спыняцца на дасягнутым раіць яна і кожнаму маладому спецыялісту, для якога становіцца настаўнікам. Сёння плённае ўзаемадзеянне на ўзроўні “вопытны педагог — малады спецыяліст” яна будуе са сваёй выпускніцай Аленай Сяр­гееў­най Пасынак.

— Маёй вучаніцай яна застанецца для мяне, напэўна, на ўсё жыццё… Нават з улікам таго, што сёння гэта ўжо амаль сфарміраваны настаўнік, які ўвесь час імкнецца да самаразвіцця і мае добрыя перспектывы. Алена
Сяргееўнай прымае актыўны ўдзел у інавацыйных праектах, стварае інтэрнэт-рэсурсы і напаўняе ўрокі інтэрактыўным зместам, што вельмі важна для ўтрымання ўвагі сучасных дзяцей, — дзеліцца суразмоўніца.

Увогуле, засяроджвае ўвагу Марыя Грынчук, у сярэдняй школе № 1 Смаргоні рабоце з маладымі спецыялістамі ўдзяляецца вялікая ўвага. І яна лічыць гэта вельмі важным, бо, калі побач сапраўдны сябар-калега, які ва ўсім дапаможа, гэта палова сумеснага поспеху на карысць вучня.

— Адміністрацыя нашай установы адукацыі на чале з дырэктарам Аксанай Дунай сур’ёзна падыходзіць да выбару настаўнікаў для маладых спецыялістаў, стварае ўмовы для паспяховай адаптацыі і прафесійнага росту кожнага, — дадае лідар настаўніцтва Гродзеншчыны.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: