Вучні з Новаяльнянскай школы сталі пераможцамі конкурсу даследчых работ расійскіх і беларускіх школьнікаў
15.10.2024Каманда вучняў Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А.А.Шаўчук Дзятлаўскага раёна пад кіраўніцтвам кіраўніка музея Тамары Крывені стала пераможцай конкурсу даследчых работ расійскіх і беларускіх школьнікаў “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Конкурс праводзіўся Асацыяцыяй школ Расіі і Беларусі пры навуковай і метадычнай падтрымцы спецыялістаў расійскага Дзяржаўнага гістарычнага музея. Свае даследаванні прадставілі 40 расійскіх і беларускіх каманд, у кожную з якіх уваходзіла па пяць школьнікаў.
Уладальнікі дыпломаў І ступені — вучні Новаяльнянскай школы і Цэнтра адукацыі № 40 імя Героя Савецкага Саюза Івана Андрэевіча Дзяменцьева Тулы — атрымалі магчымасць прыняць удзел у дзіцячай секцыі “Вывучаючы мінулае, праектуем будучыню” ІІ форуму Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”, які праходзіў у Калінінградзе.
Вучні з Тулы правялі даследаванне па тэме “Тулякі — вызваліцелі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. А навучэнцы 7—11 класаў Новаяльнянскай школы Настасся Бортнік, Андрэй Голуб, Дар’я Піваварчык, Аляксандра Якшук і Аляксандра Кардаш працавалі над праектам “Памяць, застылая ў камені…”, прысвечаным гісторыі вайсковых могілак пасёлка Наваельня. Яны шукалі новыя звесткі аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
— Дзеці вывучылі розныя базы даных, архіўныя дакументы па загінуўшых у гады вайны. Пры параўнанні інфармацыі з розных крыніц былі выяўлены памылкі і неадпаведнасці, звязаныя з няправільным прачытаннем імён, прозвішчаў, адрасных даных, — расказала Тамара Уладзіміраўна Крывеня. — У выніку пошуку, зверкі і ўдакладнення інфармацыі былі атрыманы поўныя звесткі аб пахаваных, складзены спіс і ўстаноўлена, што са 154 салдат 84 з’яўляюцца выхадцамі з Расіі, 22 беларусы, 19 украінцаў, 11 — прадстаўнікі шасці саюзных рэспублік. Складаючы пайменныя спісы, вучні знайшлі даныя аб раней няўлічаных ні ў адной базе 14 расійскіх салдатах.
Расійскія салдаты ваявалі ў складзе палкоў і дывізій 3А, 49А і 50А, удзельнічалі ў Беларускай і Беластоцкай аперацыях. Пасля вызвалення Наваельні з 9 ліпеня 1944 года на тэрыторыі пасёлка размяшчаліся эвакашпіталі, дзе праходзілі лячэнне салдаты, параненыя ў баях. Памерлыя ад ран у гэтых шпіталях былі пахаваны ў парку санаторыя Наваельні. Аказалася, што ў асноўным гэта былі зусім маладыя людзі. Малодшым было ўсяго 18 гадоў, а старэйшаму — 52. Ёсць сярод іх і жаночае імя — гэта 20-гадовая санінструктар Таццяна Галаванава з Масквы.
— Адкрыццём для вучняў стала і колькасць узнагарод за баявыя подзвігі, якіх былі ўдастоены рускія воіны, пахаваныя на гэтых могілках: 34 салдаты атрымалі 59 баявых узнагарод. З агульнай колькасці пахаваных 45 салдат маюць 71 узнагароду, — адзначыла дырэктар школы Алена Сцяфанаўна Круглова. — Так імёны, выбітыя на магільных плітах, раптам сталі жывымі людзьмі, сапраўднымі героямі.
Вынікі даследавання размешчаны ў анлайн-прасторы (па гэтай спассылцы).
Удзельнікі форуму Саюзнай дзяржавы ў Калінінградзе ўсклалі кветкі да падножжа галоўнага ваеннага мемарыяла горада — манумента 1200 воінам 11-й гвардзейскай арміі, якія загінулі ў дні вызвалення горада ад нацыстаў. Школьнікі з Наваельні і Тулы пазнаёміліся з равеснікамі з Праваслаўнай гімназіі Калінінграда, наведалі абласны гісторыка-мастацкі музей.
Источник: https://nastgaz.by