Для маладой настаўніцы са Слонімскага раёна Алены Мароз педагогіка — справа сямейная
09.10.2024Для маладога педагога з Сялявіцкай базавай школы Слонімскага раёна Алены Мароз педагогіка — справа сямейная. Па прыкладзе мамы і бабулі яна ні дня не вагалася ў выбары прафесіі і за гады работы пераканалася, што недарма. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маладая настаўніца ўпэўнена працягвае пісаць летапіс педагагічнай дынастыі Мароз — Рагозік, сумесны стаж якой налічвае больш за 105 гадоў. Ля вытокаў шчырай прыхільнасці да педагогікі стаяла бабуля нашай гераіні — настаўніца з 40-гадовым стажам Марыя Сцяпанаўна Рагозік. Цікава, што ў свой час яна вяла рускую мову і літаратуру ў дачкі Ірыны. У Сялявічах яе даўно ведаюць як Ірыну Рыгораўну Мароз — дырэктара школы, у якой на моцнае крыло ў прафесіі сёння становіцца ўжо яе дачка.
— Наша педагагічнае трыа — няпоўная карціна дынастыі. Мой дзядзька Алег Рагозік больш за 20 гадоў аддаў служэнню ва Узброеных Сілах нашай краіны, а сёння свае веды і вопыт перадае навучэнцам сярэдняй школы № 5 Слоніма як кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Паглыбіўшыся ў вывучэнне сямейнай гісторыі, не так даўно даведалася пра яшчэ аднаго педагога ў нашым родзе. Настаўнікам пачатковых класаў у свой час быў мой стрыечны прадзед Максім Трафімавіч Баравік. Няўжо магла я глядзець у бок іншых прафесій? — з усмешкай адзначае Алена.
Алена і Ірына Мароз
Зноў жа па прыкладзе мамы і бабулі для паступлення яна выбрала галоўны ўніверсітэт краіны — БДУ. А любоў да матэматыкі — тое, што аб’ядноўвае яе з мамай — дырэктарам школы. Свой шлях у педагогіцы Алена пачала яшчэ студэнткай. Сумяшчала вучобу з работай па спецыяльнасці пачынаючы з 3 курса.
— Зразумела, усе нашы сямейныя святы — гэта вялікі педсавет і добрая сямейная традыцыя, да якой даўно прывыклі ўсе нашы родныя, — з цеплынёй гаворыць Алена.
Шосты год яна ў прафесіі і ўжо два гады працуе ў сваёй роднай школе ў Сялявічах. Яна прызнаецца, што сельская школа — гэта асаблівая атмасфера і адпаведнае ўсведамленне сябе ў прафесіі.
— У маім класе сёння пяцёра вучняў. Зрэшты, сярэдняя напаўняльнасць класаў у нас не большая за сем чалавек… У такім вучнёўскім калектыве паспяваеш не толькі навучыць, але і спаўна адчуць дзяцей, штосьці падказаць ім, параіць і выслухаць кожнага, — працягвае суразмоўніца.
Аб хваляваннях напярэдадні ўрокаў яна даўно забылася. Але прызнаецца, што так было не заўсёды.
— Свой першы ўрок я адвяла ў адной са сталічных гімназій. Не перадаць словамі, як я хвалявалася ў той дзень. Але гэта працягвалася роўна да той хвіліны, пакуль я не звярнулася да класа. Памятаю, тры ўрокі адвяла на адным дыханні, а пасля званка з апошніх заняткаў адразу патэлефанавала свайму галоўнаму настаўніку, каб сказаць: “Мама, мне так спадабалася!”
З таго часу задавальненне ад працэсу ўзаемадзеяння з класам малады педагог адчувае кожны свой урок.
Яна ўпэўнена і ў тым, што галоўная ў свеце прафесія — гэта шлях, дзе ўсе і заўсёды могуць быць пачуты. Дарэчы, як маладому спецыялісту ёй прапанавалі арэнднае жыллё, адкуль яна ўжо другі год спяшаецца на работу ў школу.
— З задавальненнем назіраю за паспяховым прафесійным станаўленнем сваёй дачкі. Шчыра кажучы, пры выбары прафесійнага кірунку раіла ёй і іншыя варыянты рэалізацыі сябе, але наконт педагогікі яна была непахісная. Мая мама, я і дачка ў розны час сталі выпускніцамі аднаго ўніверсітэта, у розны час пачалі свой шлях у прафесіі… Але нязменным на кожным этапе для кожнай з нас было і застаецца перакананне: педагог — гучыць горда, педагог — гэта важна і ў той жа ступені адказна, — гаворыць Ірына Мароз.
Добрай сямейнай традыцыі рабіць выбар на карысць настаўніцтва ў дынастыі Мароз — Рагозік ужо шмат гадоў, і ўсе прыхільнікі гэтай традыцыі ўпэўнены, што ставіць кропку ў пераліку педагогаў сям’і яшчэ рана.
Источник: https://nastgaz.by