РУС БЕЛ ENG 中文

«Лесвіца да поспеху»: эфектыўна вырашаць жыццёвыя задачы навучаць школьнікаў падчас факультатыву

08.10.2024

Пастановай Міністэрства адукацыі ад 26 ліпеня 2024 г. № 94 зацверджаны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў «Лесвічка да поспеху» для 2—4-х класаў і «Лесвіца да поспеху. Фарміруем функцыянальную адукаванасць навучэнцаў» для 5—9-х. Аб гэтым інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як расказалі ў Акадэміі адукацыі, распрацоўка вучэбных праграм выклікана патрэбай у правядзенні сістэмнай работы, накіраванай на фарміраванне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў (здольнасці вырашаць штодзённыя задачы ў розных сферах жыцця і дзейнасці на аснове атрыманых ведаў) у выхаваўчым працэсе. Найбольш важныя складнікі — крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунікацыя, кааперацыя, эмацыянальны інтэлект, сацыяльны інтэлект, устойлівае развіццё асобы.

Праграма факультатыву «Лесвічка да поспеху» разлічана на 87 гадзін (17 — для 2-х класаў пачынаючы з другога паўгоддзя і па 35 — для 3—4-х; 1 гадзіна на тыдзень). Яна накіравана на стварэнне ўмоў для авалодання вучнямі спосабамі сацыяльных паводзін у розных сферах жыццядзейнасці; фарміраванне ў іх ведаў, уменняў, навыкаў, неабходных для вырашэння жыццёвых задач і самаразвіцця; садзейнічанне самарэалізацыі школьнікаў, іх жыццёваму і сацыяльнаму вопыту.

Змест складаецца з шэрага модуляў — «Пазнаю. Раблю. Дасягаю», «Крокі да поспеху», «Азбука прафесій», «Сямейная мазаіка», «Калейдаскоп нацыянальнай культуры».

На занятках педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць такія формы і метады работы, як праектаванне, калектыўныя творчыя справы, гульні, трэнінгі, разбор кейсаў, дыскусіі і інш. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца работа ў групах, парах, ролевыя, дзелавыя гульні, метад праектаў. Гэта садзейнічае фарміраванню маўленчых навыкаў, калектыўнаму ўзаемадзеянню.

У выніку дзеці павінны засвоіць веды пра спосабы арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці, напрамкі развіцця асобаснага патэнцыялу, разнастайнасць прафесій, патрабаванні да асобы ў сувязі з выбарам прафесіі, значэнне сям’і і яе гісторыю, разнастайнасць нацыянальнай культуры.

Праграма факультатыву «Лесвіца да поспеху. Фарміруем функцыянальную адукаванасць навучэнцаў» разлічана на 35 гадзін для 5 (6, 7)-х класаў і 35 гадзін для 8 (9)-х. Заняткі праводзяцца 1 раз на тыдзень.

Сярод задач факультатыву — фарміраванне здольнасці працаваць у камандзе, а таксама камунікатыўнасці, якая прадугледжвае валоданне стылямі і тэхнікамі канструктыўных зносін; развіццё эмацыянальнай регуляцыі, якая забяспечвае распазнаванне эмоцый і кіраванне імі; выхаванне грамадзянскасці. Школьнікі абмяркуюць тэмы, як стаць паспяховым навучэнцам, як арыентавацца ў патоку інфармацыі са СМІ, а таксама пытанні мастацтва.

У выніку асваення зместу праграмы навучэнцы павінны валодаць спосабамі вырашэння жыццёвых праблем, стратэгіямі ацэнкі падзей і з’яў, творчымі спосабамі выканання заданняў, імкнуцца да спасціжэння культурных каштоўнасцей і разумення ролі мастацтва ў жыцці чалавека і грамадства, ведаць аб магчымасцях і небяспеках лічбавага свету.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: