Стымул для прафесійнага ўдасканалення. Як змянілася жыццё ўдзельнікаў конкурсаў «Настаўнік года» і «Педагагічны дэбют»
04.10.2024Год назад завяршыўся конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Тады ж абвясцілі пераможцаў рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. Сёння мы звярнуліся да ўдзельнікаў, каб падвесці пэўныя вынікі, успомніць цікавыя моманты і пагутарыць пра прафесійнае жыццё пасля конкурсу. Хацелася даведацца, якім чынам на яго паўплываў “Настаўнік года”. Як адзначыла адна з былых канкурсантак, вялікае бачыцца на адлегласці.
Курс на ўзлёт
Удзел у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” для настаўніцы геаграфіі гімназіі Светлагорска Наталлі Нікіценка стаў узлётнай паласой у прафесійным развіцці.
Фота з архіва суразмоўніцы
У мінулым навучальным годзе Наталля Мікалаеўна стала пераможцай абласнога этапу і лаўрэатам рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2023”. Яна пераканана, што спаборніцтва паміж калегамі, адданымі высакароднай прафесіі, перш за ўсё — магчымасць абмену вопытам, атрыманне новых ведаў і знаёмства з найцікавейшымі людзьмі, сярод якіх можна сустрэць надзейных сяброў.
— Свой удзел у конкурсе магу параўнаць з узлётнай паласой у прафесійным плане, — адзначае Наталля Нікіценка. — Маштабнае спаборніцтва стала добрай магчымасцю ацаніць і прадэманстраваць свае веды, навыкі, творчы патэнцыял. Па-першае, падрыхтоўка да конкурсу ўключала вывучэнне новых методык, тэхналогій і падыходаў да навучання, што дало магчымасць быць у курсе апошніх тэндэнцый у адукацыі. Па-другое, непасрэдна ўдзел дазволіў абмяняцца вопытам з калегамі з навучальных устаноў не толькі свайго, але і іншых рэгіёнаў рэспублікі, азнаёміцца з новымі ідэямі, падыходамі і метадамі выкладання, што натхніла на стварэнне ўласных праектаў.
Як лаўрэат конкурсу адзначу, што прызнанне прафесійных дасягненняў, несумненна, стымулюе да далейшага ўдасканалення. Акрамя таго, удзел у прафесійным спаборніцтве даў магчымасць стаць удзельнікам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” і абласнога “Зорнае крыло”. Шчыра кажучы, абодва аб’яднанні сталі для мяне неверагоднай, бясконцай крыніцай натхнення. Я зараджаюся энергіяй ад працы з камандай творчых педагогаў. Акрамя таго, сутворчасць у гэтых клубах садзейнічае павышэнню аўтарытэту сярод вучняў, бацькоў і калег. Дапамагае наладзіць даверныя адносіны і палепшыць адукацыйны працэс. Калі падсумаваць, то конкурс “Настаўнік года” дазваляе не толькі імкліва развівацца, але і павышаць якасць адукацыі і станавіцца больш запатрабаваным спецыялістам на рынку працы.
Адным з напрамкаў, які мяне зацікавіў пасля ўдзелу ў конкурсе, з’яўляецца андрагогіка, або навука навучання дарослых людзей. Яна дапамагае выявіць бар’еры і перашкоды на шляху асобаснага росту педагога, знаходзіць спосабы пераадолення гэтых перашкод. Таму правядзенне майстар-класаў, удзел у творчых групах, семінарах, канферэнцыях — неад’емная частка маёй прафесійнай дзейнасці. Гэта садзейнічае як удасканаленню ўласных навыкаў, так і павышэнню кампетэнцыі калег. Пазбавіцца страху перад няўдачай і засяродзіцца на станоўчых момантах.
Надзеньце акуляры цікаўнасці!
У васьмёрку наймацнейшых суперфіналістаў конкурсу “Настаўнік года — 2023” увайшла яго самая маладая ўдзельніца — настаўніца рускай мовы і літаратуры з Мінска Аляксандра Сакулевіч. Да гэтага яна перамагла ў фінале ў сваёй намінацыі. Пра ўрокі конкурсных выпрабаванняў, змяненні ў жыцці і свае планы Аляксандра Віктараўна расказала нашым чытачам.
— Зусім нядаўна педагогі — мае калегі па мінскай камандзе, з якімі мы цесна ўзаемадзейнічаем да гэтага часу, — прыгадвалі, што адбывалася ў конкурсныя вераснёвыя дні год назад. Я дакладна не памятаю, што і ў які дзень мы рабілі. Конкурсныя выпрабаванні зліліся ў адзін доўгі-доўгі дзень. Калі ўспамінаю пра конкурс, мне здаецца, што я, нібы Більба Бэгінс, вярнулася з падарожжа і пішу кнігу.
Што даў мне конкурс? Па-першае, адзін з самых галоўных набыткаў — гэта запрашэнне на работу ў Ліцэй БДУ, дзе я зараз працую. А ў мяне з гэтай установай свая гісторыя. Калісьці я хацела паступіць у яе на гістарычны напрамак, але не хапіла бала. А зараз мяне сюды запрасілі выкладаць.
Па-другое, конкурс даў магчымасць паверыць у свае сілы. Справа ў тым, што мяне па жыцці праследавала пракляцце 2-га месца: не хапіла бала для паступлення ў ліцэй, не хапіла паўтара бала, каб прайсці на заключны этап алімпіяды па рускай мове. І так было шмат разоў запар. Я ўжо неяк змірылася з гэтым і думала, што, калі мяне запросяць на праграму “Хто хоча стаць мільянерам”, на апошняе пытанне я, хутчэй за ўсё, не адкажу і мільён мне не дадуць. А тут, як аказалася, далі.
І па-трэцяе, я зразумела, што добры ўрок павінен быць простым. На першых этапах конкурсу, на раёне, горадзе мне здавалася, што ва ўроку павінна быць штосьці з зорачкай. А потым я ўсвядоміла, што гэта павінны быць простыя складнікі, але выбудаваныя ў правільным парадку. Я навучылася пісаць тэхналагічныя карты. На філалагічным факультэце БДУ мяне вучылі, што класічны план-канспект урока ўяўляе сабой палатно тэксту, дзе распісаны дзеянні настаўніка. Тэхналагічная карта мяняе ракурс: гэта табліца, якая патрабуе структурнасці і ў якой, акрамя дзеянняў настаўнікаў, трэба апісаць, што будуць рабіць навучэнцы.
Да таго ж я зразумела, што трэба вельмі дакладна дазіраваць матэрыял. Так, хочацца даць тое, што ведаеш, але дзеці не возьмуць усё адразу. Гэта была, дарэчы, мая памылка на гарадскім этапе. І я пераканалася, што, плануючы ўрок, варта сабе пастаянна задаваць пытанне “Для чаго?”. Даю вучням тэкст: для чаго? Прапаноўваю ім відэа: для чаго? І тады я бачу, патрэбны мне той ці іншы кампанент альбо прыём ці я магу ад яго адмовіцца.
Раней мне здавалася, што калі застаецца мінут 10 урока, то можна паспець зрабіць яшчэ адно практыкаванне. А на самай справе гэтыя хвіліны трэба патраціць на рэфлексію. Вучні павінны зрабіць вопыт бачным для сябе, і тады гэта будзе больш карысным.
Ну і, безумоўна, конкурс — гэта людзі. Гэта цудоўныя знаёмствы, гэта цікавыя і творчыя калегі, з якімі я не пазнаёмілася б, калі б не гэтыя спаборніцтвы.
Шчыра прызнаюся, пачынаць было страшна. Разам са мной на конкурс ішлі вопытныя настаўнікі, метадысты з вялікім багажом ведаў, якія правялі ўжо тысячы ўрокаў. Мне здавалася, што гэта гара, на якую немагчыма ўскараскацца. Я не думала, што дайду да заключнага этапу. І калі на раёне мне ўручылі статуэтку з савой, я зразумела, што гэта не максімум маіх магчымасцей.
Не шкадую, што я прайшла праз конкурс. Ці зрабіла б я гэта яшчэ раз? Хутчэй, так. Днямі я разам з калегамі Святланай Здаранковай, Сяргеем Шамінскім еду ў Ерэван на VIII з’езд СНД работнікаў адукацыі. У яго межах праводзіцца міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства. На завочным этапе я прадставіла апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці і тэхналагічную карту ўрока для 7 класа па рускай літаратуры “Балада В.Жукоўскага “Лясны цар”. На яго вочны этап я павязу майстар-клас для настаўнікаў па развіцці чытацкай адукаванасці школьнікаў. Спадзяюся, мой вопыт будзе для іх карысным. Такім чынам, для мяне конкурс працягваецца.
У планах — атрымаць спачатку вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, а потым і кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, актыўна весці метадычную работу з настаўнікамі. Акрамя таго, хочацца сістэматызаваць назапашаны вучэбны матэрыял і падзяліцца ім.
Калегам, якіх яшчэ чакае конкурс, я параіла б згаджацца на ўдзел у ім, каб потым ніколі не шкадаваць пра страчаныя магчымасці. Калі мы прыйшлі на курсы па падрыхтоўцы да конкурсу, кіраўнік мінскай каманды Ала Міхеева запрасіла кожнага з удзельнікаў выцягнуць з мяшэчка гузік, а яго колер паглядзець потым дома: у каго будзе чырвоны, таму абавязкова пашчасціць у конкурсе. Безумоўна, ва ўсіх канкурсантаў былі чырвоныя гузікі. Мой гузік заўсёды са мной, ён стаў сапраўдным талісманам. А параду, якую тады дала нам Ала Ігараўна, я пастаянна сабе паўтараю: “Надзеньце акуляры цікаўнасці! Знайдзіце для сябе штосьці цікавае, незвычайнае ў кожнай сітуацыі!” І таму калегам я таксама раю: надзеньце акуляры цікаўнасці!
45 незабыўных мінут
Шматлікія сустрэчы з калегамі, майстар-класы для студэнтаў і новае асэнсаванне лепшай з прафесій… Для настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 40 імя В.І.Крамко Гродна Алесі Давыдзік мінулы год быў насычаным, змястоўным і яркім.
У многім паўплываў на гэта паспяховы ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.
— З конкурснай камандай педагогаў Гродзеншчыны ўпершыню сустрэліся на абласной сцэне ўсяго праз некалькі дзён пасля вяртання са сталіцы. Усе мы тады сталі героямі вельмі кранальнага эпізоду, які адкрываў абласное свята з нагоды Дня настаўніка. Зала апладзіравала нам стоячы, і гэта кранала да глыбіні душы, — успамінае Алеся Давыдзік.
На першы педсавет ужо ў сваёй школе па парадзе кіраўніка ўстановы адукацыі яна прыйшла з “крыштальным жураўлём”. Зрэшты, падтрымку калег адчувала на ўсіх этапах конкурсу. Нават на фінал у сталіцу прыехала цэлая каманда на чале з дырэктарам.
— Вяртаючыся да таго, наколькі інтэнсіўным быў год пасля конкурсу, не магу не згадаць, што па запрашэнні Інесы Зубрылінай стала ўдзельніцай марафону інавацыйнага педагагічнага вопыту ў рамках дэкады студэнцкай навукі ў БДПУ. Майстар-клас тады правяла для будучых настаўнікаў біялогіі, — працягвае суразмоўніца.
Наогул, з моладдзю, якая выбрала прафесію педагога, яна заўсёды сустракаецца з асаблівымі пачуццямі. Штораз імкнецца перадаць ім сваю энергію і стаць добрым прыкладам рэалізацыі сябе ў педагогіцы. Нядаўна напярэдадні новага навучальнага года Алеся Валер’еўна выступала перад маладымі спецыялістамі ўсяго раёна.
— Заўсёды хачу, каб кожны ўдзельнік падобных сустрэч пачуў галоўнае: урок — гэта не проста 45 мінут таго ці іншага школьнага прадмета. Гэта эпізод жыцця школьніка, і важна зрабіць яго яркім і запамінальным, — гаворыць фіналістка конкурсу “Настаўнік года”.
Цікавыя заданні, дарэчы, яна сёлета складала і прадумвала не толькі для сваіх вучняў. У завочным этапе ініцыіраванага ГрАІРА аграрна-педагагічнага адукацыйнага мерапрыемства “Аграгіяда” прынялі ўдзел 96 каманд — больш за 130 педагогаў і 400 навучэнцаў не толькі з Гродзенскай вобласці. Усе яны прайшлі распрацаваны Алесяй Давыдзік вэб-квест.
— Пераможцам адной з намінацый падчас закрыцця “Аграгіяды” ўручала дыпломы — і гэта яшчэ адзін яркі эпізод першага пасляконкурснага года, — дадае яна.
Удзел у конкурсе падарыў і новых сяброў. З настаўнікам фізкультуры з Брэсцкай вобласці падчас фінальных дзён конкурсу ў сталіцы Алеся Давыдзік разам выходзіла на прабежкі і сёння працягвае сяброўства. А ўдзельнікі каманды Гродзеншчыны для яе блізкія людзі, з якімі не раз сустракалася ў тым ліку ў сталіцы. Так, практычна ўсім складам фіналісты конкурсу прафмайстэрства з Прынёманскага краю сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскага педсавета з удзелам кіраўніка дзяржавы.
— Гэта неверагодная па сваёй энергетыцы і сутнасці падзея. Яна яшчэ раз зацвердзіла: настаўнік у нашай краіне — чалавек, якога цэняць, паважаюць, важнасць і значнасць якога прызнаюць на самым высокім узроўні. Менавіта з педагога ў жыцці кожнага з нас пачынаецца развіццё, шлях да любых вышынь, — гаворыць настаўніца.
Яна прызнаецца, што адзінай цяжкасцю прафесіі сёння для яе з’яўляецца недахоп гадзін у сутках. І з усмешкай тлумачыць, што, калі б іх было больш, яна паспявала б у той жа прапорцыі больш па ўсіх траекторыях рэалізацыі сябе. Зрэшты, яна спаўна рэалізуе сябе і сёння. Акрамя перамогі ў конкурснай намінацыі і насычанага графіка розных сустрэч і мерапрыемстваў, першы пасляконкурсны год для Алесі Валер’еўны — год поспехаў вучняў.
Па выніках экзаменаў у цэнтралізаванай форме трое вучняў Алесі Давыдзік сёлета паказалі вынік вышэйшы за 90%. Усе выпускнікі яе 11 хіміка-біялагічнага класа сталі студэнтамі. Шэсць хлопцаў і дзяўчат залічаны на бюджэтную форму навучання ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, а дзве выпускніцы ўзялі прыклад з любімага педагога і сталі студэнткамі біяфака ГрДУ імя Янкі Купалы.
— Сёння тут вучацца чатыры мае выпускніцы розных гадоў. Кожнай з іх, віншуючы з паспяховым паступленнем, казала, што буду рада бачыць у сябе на практыцы. Вельмі хочацца, каб так здарылася, — з усмешкай дадае суразмоўніца.
Не страчвае сувязі з дзецьмі яна і пасля іх выпуску са школы. І нават падчас конкурсу “Настаўнік года” яе выпускнікі былі побач з педагогам — выходзілі разам на сталічную сцэну. На пытанне, у чым сакрэт такой трывалай сувязі, суразмоўніца толькі паціскае плячыма.
— Калісьці мяне навучылі сумленна працаваць, і сёння гэтаму ж вучу сваіх вучняў. Для педагога такая сумленнасць — у максімальнай самааддачы ва ўзаемадзеянні на ўзроўні “настаўнік — вучань”. Хочацца, каб на настаўніка раўняліся. Для гэтага трэба быць максімальна шчырым. Трэба давяраць вучням, і тады давяраюць табе і яны, — адзначае Алеся Давыдзік.
Пункт росту
Таццяна Пархамчук, настаўніца біялогіі гімназіі № 2 Пінска, — суперфіналістка конкурсу “Настаўнік года — 2023”. Для яе конкурс стаў толькі пачаткам, пунктам росту. Наперадзе — шмат амбіцыйных планаў і здзяйсненняў.
— Удзел у рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства “Настаўнік года” стаў для мяне не толькі важным этапам у кар’еры, але і сапраўдным зыходным пунктам для прафесійнага росту. Год, што прайшоў пасля спаборніцтваў, аказаўся насычаным падзеямі і новымі магчымасцямі, якія адкрыліся перада мной дзякуючы гэтаму конкурсу.
За гэты час я ўдастоілася звання “Чалавек года ў галіне адукацыі” ў Пінску. Такое прызнанне лічу вельмі важным, паколькі яно пацвярджае значнасць маёй работы.
Пашчасціла паўдзельнічаць у Рэспубліканскім педсавеце, дзе сустрэлася і абмеркавала актуальныя пытанні адукацыі з калегамі з розных куткоў краіны. А ўвогуле, адным з самых значных вынікаў конкурсу прафмайстэрства сталі новыя знаёмствы. Я сустрэла шмат таленавітых калег, з якімі цяпер дзялюся вопытам і ідэямі. Многія з іх сталі для мяне сапраўднымі сябрамі. Мы падтрымліваем адно аднаго ў нашых агульных пачынаннях. Гэтыя сувязі аказаліся неацэннымі, разам жа мы можам дасягаць большага.
Працую з настаўнікамі, дзялюся з імі новымі методыкамі і падыходамі. Актыўна праводжу вэбінары, якія сталі важнай часткай маёй работы. За мінулы год выступіла з семінарамі і вэбінарамі ў Магілёве, Гомелі, Брэсце і Мінску. Работа з калегамі з іншых гарадоў дазваляе не толькі дзяліцца сваім вопытам, але і вучыцца ў іншых настаўнікаў, абменьвацца ідэямі і знаходзіць новыя падыходы да навучання.
У планах — рэалізацыя новых праектаў для настаўнікаў і школьнікаў. Для навучэнцаў гэта праекты, звязаныя з папулярызацыяй навукі. Мая мэта — зрабіць навуку больш даступнай і цікавай для дзяцей, натхніць іх на вывучэнне навакольнага свету. Для гэтага разам з калегай удзельнічала ў фестывалі навук, які праводзіўся пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На пляцоўцы “Космас” мы прапаноўвалі зрабіць зорнае неба ў шклянцы і вырашыць праблему падзення метэарытаў і камет на Зямлю. Гэта быў грандыёзны вопыт работы з незнаёмымі дзецьмі рознага ўзросту, захопленымі навукай.
Нельга абысці ўвагай і яшчэ адзін важны напрамак маёй работы — папулярызацыю настаўніцкай прафесіі. Разам з маёй сяброўкай і калегай Аленай Шумак вядзём адукацыйны блог у Instagram. Місія блога — шырокая рэклама педагагічнай прафесіі. Нам важна, каб маладыя спецыялісты (і не толькі) бачылі прывабнасць гэтай надзвычай важнай і неабходнай прафесіі і разумелі, як многа яна можа даць, — падзялілася Таццяна Пархамчук.
Канструктар заняткаў
Ацаніць сябе, вызначыць вектары руху наперад, намеціць пункты далейшага развіцця. Для настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святланы Здаранковай конкурс “Настаўнік года” стаў стымулам для прафесійнага ўдасканалення.
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА
— Уражанні аб конкурсе свежыя ў памяці па сённяшні дзень. Нягледзячы на спаборніцкі дух, усюды панавала добрая, неверагодна цёплая атмасфера. Было вельмі цікава знаходзіцца сярод таленавітых калег, дзяліцца вопытам, поглядамі і меркаваннямі. У той момант узнікала адчуванне каласальнага асобаснага росту. А калі была прызнана пераможцай у сваёй намінацыі і ўзяла ў рукі “крыштальнага жураўля”, матывацыі павышаць прафесійны ўзровень стала яшчэ больш, — падзялілася Святлана Уладзіміраўна.
Пасля заканчэння конкурсу мінуў год. За гэты час Святлана Здаранкова стварыла шэраг аўтарскіх метадычных распрацовак, якімі актыўна дзеліцца з педагагічнай грамадскасцю ўсёй рэспублікі.
— Аснова работы настаўніка — эфектыўна выбудаваны ўрок, займальны, які абуджае пазнавальную актыўнасць навучэнцаў. У маладых педагогаў часта ўзнікаюць з гэтым цяжкасці. Хацелася іх падтрымаць. Так з’явіўся канструктар урока — настольная гульня для складання мадэлі і структуры заняткаў. Гульнявое поле ўяўляе сабой тэхналагічную карту са спецыяльнымі зонамі: тэма, мэта, задачы, тып, від, этапы ўрока, прыёмы, форма арганізацыі дзейнасці вучняў, вынік. Да кожнай зоны ідзе набор картак, з дапамогай якіх можна прааналізаваць варыянты правядзення ўрока, выбудаваць сістэмнасць і ўзаемасувязь паміж заняткамі, — расказала Святлана Уладзіміраўна.
Канструктар урока Святлана Здаранкова прэзентавала на Мінскім маладзёжным фестывалі педагагічных ідэй і рашэнняў, а таксама на семінары-практыкуме для намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. Распрацоўка стала рэзананснай.
З уступленнем у клуб “Крыштальны журавель” прэзентацыі і майстар-класы адбываюцца ў жыцці Святланы Аляксандраўны рэгулярна. На інавацыйным марафоне БДПУ “Настаўнікі-метадысты — будучым педагогам-даследчыкам” яна прадстаўляла магчымасці прымянення парнай работы навучэнцаў. А на рэспубліканскім фестывалі “Педагагічныя надзеі” і семінары-акцыі “Настаўнік года” — адукацыі Астравецкага раёна” дэманстравала “Пяць крокаў да аналізу вучэбнага праекта”.
— Метад праектаў лічу найбольш аптымальным для дасягнення метапрадметнасці ў навучанні. У дапамогу настаўнікам зрабіла аўтарскі электронны адукацыйны рэсурс “ПраПраект”. На партале можна вывучыць рэкамендацыі па фармулёўцы праблемы, мэт і задач, слоўнік асноўных тэрмінаў, прыклады індывідуальных праектаў. Платформа дазваляе дэталёва азнаёміцца з узорамі ацэнкі, суправаджальнага ліста і планера праекта, — паведаміла Святлана Здаранкова.
Асабліва знакавай для Святланы Аляксандраўны стала магчымасць паўдзельнічаць у Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства ў рамках VIII з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Паспяхова прайшоўшы завочны этап, настаўніца рыхтуецца да паездкі ў сталіцу Арменіі — Ерэван, дзе будзе праходзіць з’езд.
— Журы высока ацаніла мой урок у фармаце міні-праекта. Працуючы групамі і выконваючы розныя эксперыменты, дзеці вучацца бачыць праблему, самастойна шукаць адказы на пытанні, фармуляваць вывады, даказваць свой пункт гледжання. З праектнай дзейнасцю планую звязаць выступленне і на вочным этапе фестывалю, — адзначыла Святлана Аляксандраўна.
Увогуле, у Святланы Здаранковай шмат планаў на будучыню. У найбліжэйшай перспектыве настаўніца мае намер падрабязна даследаваць праблему фарміравання прыродазнаўчанавуковай адукаванасці навучэнцаў. Сярод прафесійных інтарэсаў педагога — пошук шляхоў для пашырэння выкарыстання тэхналогіі кантэкставага навучання ў адукацыйным працэсе.
Адзінкі вымярэння
Эфект дэжавю на ўроку ў сваіх чацвёртакласнікаў нядаўна перажыла настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава Аксана Шукаловіч. Амаль год назад такі ж урок яна праводзіла ў фінале конкурсу “Настаўнік года”.
Гэта быў урок матэматыкі, прысвечаны вывучэнню адзінак вымярэння плошчы (з дапамогай квадратнага сантыметра і палеткі — празрыстай плёнкі з разлінейкай на квадраты са старанамі 1 см).
— Урокі, канечне ж, атрымаліся рознымі. Год назад на конкурсе мне вельмі пашчасціла працаваць з дакумент-камерай. Дзеці на экране бачылі ўсё, што адбывалася на рабочым стале: на якой старонцы я разгортвала падручнік, што рабіла з палеткай. Ім было ўсё зразумела, і мне было камфортна. У выніку ўрок атрымаўся цікавым і пазнавальным: мы вывучалі адметнасці нашай краіны, вымяралі плошчы абласцей. Некаторыя элементы таго ўрока я выкарыстала на занятках і са сваім класам. Атрымалася таксама цікава, — падзялілася настаўніца.
З конкурсу Аксана Анатольеўна вярнулася з малым “крыштальным жураўлём”, што азначала прызнанне яе прафесіяналізму. Як заўважыла сама настаўніца, гэта было прыемна і пачэсна. Акрамя таго, конкурс даў магчымасць пашырыць прафесійныя кантакты, прычым не толькі ў сваёй прадметнай галіне, а гэта заўсёды штуршок да далейшага развіцця.
— Неяк не адчувалася саперніцтва. Напэўна, таму, што імкнуліся дапамагаць адно аднаму. Цёплыя, сяброўскія зносіны падтрымліваем і сёння. Да таго ж мы вельмі пасябравалі ў сваёй камандзе Віцебскай вобласці. З нас сапраўды атрымалася каманда, якая падтрымлівае і натхняе да гэтага дня. Мы абменьваемся вопытам, разам шукаем адказы на пытанні, якія ўзнікаюць, і проста па-чалавечы дапамагаем адно аднаму, калі ўзнікае такая патрэба, — адзначыла педагог.
Конкурс прафесійнага майстэрства заўсёды з’яўляецца пракачкай уменняў і навыкаў. Адкрытыя ўрокі, майстар-класы, публічныя выступленні — усё гэта дэманстрацыя методык і тэхналогій навучання, а таксама выхад з зоны камфорту.
— Конкурс дапамог адшліфаваць шмат уменняў, пачынаючы ад арганізацыі ўрока і заканчваючы асабістымі якасцямі. Напрыклад, я вельмі хвалявалася, але здолела ўзяць сябе ў рукі. Канечне, вельмі дапамагалі калегі, асабліва з роднай гімназіі. Гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Емяльянава-Раманоўская, якая сама некалі была канкурсанткай, прычым вельмі паспяховай. Яе падтрымка — чалавечая, арганізацыйная і метадычная — была вельмі дарэчы, — расказала Аксана Анатольеўна.
Пасля конкурсу педагог стала выпускніцай праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Дарэчы, у конкурсе яна ўдзельнічала, ужо будучы ў праграме (педагагічнаму авантурызму Аксаны Шукаловіч можна толькі пазайздросціць). Яе пазаконкурснае жыццё такое ж насычанае.
Настаўніца — часты ўдзельнік гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Яна праводзіць майстар-класы, у прыватнасці, для настаўнікаў-метадыстаў у Акадэміі адукацыі. Працавала з маладымі спецыялістамі Віцебскай вобласці ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, выступала на канферэнцыі ў БДПУ. Аксана Анатольеўна дзеліцца назапашаным вопытам па выкарыстанні вучэбнага дыялогу на ўроках рускай мовы, які прадстаўляла на конкурсе “Настаўнік года”.
— Правільна пабудаваны вучэбны дыялог садзейнічае фарміраванню моўных і камунікатыўна-маўленчых кампетэнцый навучэнцаў, таму мой вопыт дапамагае пры правядзенні ўрокаў-адкрыццяў, урокаў вывучэння новага матэрыялу. Урокаў, на якіх навучэнцы будуць умець звяртацца адзін да аднаго, чуць і прымаць пазіцыю іншых, аргументавана выказваць згоду ці нязгоду, задаваць пытанні і адказваць на іх, канструяваць уласнае выказванне з улікам выказанага іншымі, — патлумачыла настаўніца.
А напрыканцы размовы яна па-філасофску заўважыла: прыемна, калі твае напрацоўкі становяцца карыснымі для іншых. А з іншага боку, “чым больш ведаеш, тым больш разумееш, што многае яшчэ трэба спасцігаць, інакш ты перастанеш расці як прафесіянал”. Таму наперадзе ў настаўніцы — асваенне сінгапурскай методыкі.
Важнае бачыцца на адлегласці
Прайшоў год пасля конкурсу. І зараз можна адэкватна ацаніць яго значэнне. Бо вялікае і важнае бачыцца на адлегласці, лічыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Юлія Савановіч.
— Конкурс заканчваецца ў канцы верасня, а праца настаўніка, якая збіралася за час удзелу ў спаборніцтве, навальваецца на цябе ўжо ў першы панядзелак кастрычніка. Экскурсіі, урокі, алімпіяды, конкурсы, майстар-класы, канферэнцыі… Часу на самааналіз, работу над памылкамі практычна не застаецца.
Гімназія так цёпла сустрэла нас (ад Мінскай вобласці было тры ўдзельнікі): як пераможцаў, якія вярнуліся з вайны. А мы і насамрэч вярнуліся пераможцамі — над сваімі страхамі, комплексамі, сумненнямі. Пасля гэтага я яшчэ больш упэўнілася, што нас чакае сапраўды важнае: дзеці, іх бацькі, калегі, сям’я. І з двайной сілай спрабавала нагнаць упушчанае.
Ці змяніў мяне конкурс? Напэўна, я стала больш шанаваць сваю працу. Высокія ацэнкі членаў журы і, галоўнае, асабістыя ацэнкі ў адносінах да самой сябе прымусілі перагледзець погляды на прафесію. Думаю, большасць педагогаў, якія прыходзяць у школу кожны дзень шмат гадоў запар, гэтак жа недаацэньваюць сваю важнасць, унікальнасць і незаменнасць. Я стала больш смелай, упэўненай і спакойнай і ведаю, што для мяне важна: не распыляцца на дробязі, якасна выконваць сваю асноўную работу — вучыць дзяцей. Я пачала цаніць свой вольны час, бо разумею: каб даваць якасныя веды, трэба берагчы сябе, свае сілы.
Конкурс толькі пацвердзіў маю тэорыю пра тое, што нельга сыграць ролю педагога, прыкінуцца не сабой. Сцэна, клас, аўдыторыя падсвятляюць усе твае вартасці і недахопы. А галоўным крытэрыем ацэнкі становяцца шчырасць, дабрыня, праўдзівасць.
Поўнасцю сцерліся з памяці балы, якія мы атрымлівалі. Засталіся эмоцыі — яны розныя, чалавечыя. І ўсе ўспаміны так ці інакш звязаны выключна з людзьмі.
Радасць адзінства на першым конкурсным выпрабаванні — прадстаўленні каманды — захліснула нас. Усе наступныя выпрабаванні мы праходзілі самастойна. І тут пасля многіх тыдняў прыцірак, спрэчак, перацягванняў коўдры на сябе было адкінута ўбок усё асабістае. Мы сталі камандай. І перажывала я не столькі за сябе, колькі за ўсіх яе ўдзельнікаў. Згодна са сцэнарыем, маё самапрадстаўленне было апошнім. Памятаю тую нервознасць за кулісамі: “Так, усе малайцы: Іра, Насця, Лёша, Каця, Іна Анатольеўна. Ніхто не забыў свае словы, не падвядзі і ты!” Гэта вялікая асалода — падзяліць радасць са сваімі калегамі: “Ура! Мы гэта зрабілі!” З вялікай удзячнасцю ўспамінаем работу з нашым рэжысёрам-пастаноўшчыкам, выкладчыкам акцёрскага майстэрства і асноў рэжысуры гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна.
А далей зноў былі людзі, блізкія і далёкія. Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі ахутаў нас клопатам і любоўю. З яго супрацоўнікамі нас назаўжды звязалі бяссонныя ночы і смех скрозь слёзы. Упэўнена, што Фёдар Валянцінавіч Драбеня, рэктар інстытута, перажываў не менш, чым мы.
Вельмі ўразілі школьнікі і студэнты, з якімі ўдалося папрацаваць падчас конкурсных выпрабаванняў. Гэта было як быццам 45-мінутнае першае спатканне. І кожны з нас разумеў: верагоднасць таго, што здарыцца другая сустрэча, практычна роўная нулю. За гэтыя 45 мінут ты робіш немагчымае: знаёмішся, адкрываешся, дзелішся вопытам работы і ўзамен атрымліваеш адкрытыя погляды, усмешкі, сэрцы. Калі ў канцы ўдзельнікі падыходзяць пагутарыць асабіста — гэта лепшая ацэнка тваёй працы. Гэта мой каштоўны сувенір з конкурсу, які я беражліва захоўваю і да якога звяртаюся ў тыя хвіліны, калі зноў пачынаю сумнявацца ў сабе.
І, вядома, для мяне вельмі каштоўная падтрымка блізкіх. Не стамлюся гаварыць словы падзякі сваёй сям’і за тое, што перажыла гэта разам са мной.
Думаю, калі б мне прапанавалі зноў прайсці той жа шлях, я згадзілася б, але не так хутка. І наўрад ці змагла б зрабіць гэта лепш. У мяне няма шкадаванняў і крыўд. Конкурс — гэта не праверка ведаў, а праверка вытрымкі, мэтанакіраванасці, упэўненасці. І з гэтым, мне здаецца, я справілася.
Піраміда поспеху
Удзел у рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны дэбют” чарговы раз дазволіў загадчыку дзіцячага сада № 252 Мінска Андрэю Дзмітруку пераканацца ў тым, наколькі важна ўмець працаваць у камандзе, слухаць і чуць людзей.
І не важна, хто перад табой: калега, які прыйшоў па параду, дзіця, якое давярае табе сваю таямніцу, або бацькі, якія звярнуліся з просьбай.
Андрэй Аляксандравіч стаў пераможцам фестывалю ў намінацыі “Малады загадчык установы, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі” год назад. Але і сёння малады кіраўнік працягвае жыць фестывальнымі ідэямі, зносінамі з творчымі калегамі — удзельнікамі конкурсу. З многімі з іх у яго склаліся сяброўскія адносіны.
— Дзякуючы фестывалю, я зразумеў, што каштоўны педагагічны вопыт лепш за ўсё перадаецца вочы ў вочы, падчас майстар-класаў, калі слухаеш аповед калегі-прафесіянала аб дзеючых практыках, глядзіш, як ён працуе, спрабуеш сам, — расказвае малады кіраўнік.
Рыхтуючыся да фестывалю “Педагагічны дэбют”, Андрэй Дзмітрук вывеў для сябе формулу поспеху. Для гэтага выкарыстаў вобраз любімай дзецьмі цацачнай піраміды, дзе першае кольца — гэта трывалая і надзейная аснова, якая задае тон і кірунак развіцця. І гэта кіраўнік, які павінен быць адначасова менеджарам, псіхолагам, юрыстам, эканамістам, метадыстам, справаводам, гаспадарнікам і г.д. Педагогі — ключавая частка піраміды. Яны штодзень аддаюць цяпло сваіх сэрцаў дзецям, закладваюць аснову іх характару, развіваюць іх здольнасці, з’яўляюцца для іх і настаўнікамі, і другімі мамамі. А на вяршыні піраміды знаходзяцца выхаванцы, якія радуюць педагогаў сваімі поспехамі і дасягненнямі.
Андрэй Дзмітрук з задавальненнем расказвае пра свой дзіцячы сад, дзе сёння займаюцца 250 выхаванцаў, функцыянуюць 12 груп, у тым ліку спецыяльная для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і група інтэграванага навучання і выхавання. Педагогі выкарыстоўваюць на занятках элементы методыкі Зайцава і ТРВЗ. Выхаванцам прапануецца шэраг дадатковых адукацыйных паслуг.
— Мы фарміруем нацыянальную самасвядомасць у нашых маленькіх беларусаў. У дзіцячым садзе створаны міні-музей “Сялянская хатка”, каб дзеці маглі вывучаць побыт і традыцыі беларускага народа, увабраць культуру народнай педагогікі, далучыцца да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — расказвае кіраўнік. — Педагогі расказваюць малышам і пра наша гераічнае мінулае. Тым больш што мікрараён Сокал знаходзіцца непадалёк Кургана Славы. Мясцовые вуліцы носяць імёны Герояў Савецкага Саюза М.І.Кірэева, Т.М.Барамзіной і
В.С.Грызадубавай.
Сёлета ў садзе з’явіўся музейны пакой, прысвечаны авіяцыі, дзе малыя могуць убачыць форму пілота і сцюардэсы, макеты самалётаў, спецыяльны посуд, які выкарыстоўваюць на борце самалёта, макет аэрапорта. Справа ў тым, што работнікі і выхаванцы сада — у асноўным жыхары мікрараёна Сокал, сярод якіх шмат супрацоўнікаў Нацыянальнага аэрапорта Мінск, што знаходзіцца непадалёк.
Прафесійная мэта, якую ставіць перад сабой Андрэй Аляксандравіч, — рэалізаваць на практыцы багаж тэарэтычнага і практычнага вопыту, атрыманы падчас фестывалю “Педагагічны дэбют” ад педагогаў-настаўнікаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і калег-кіраўнікоў. А вынік, які ў перспектыве зможа парадаваць амбіцыйнага кіраўніка, — перамога калектыву дзіцячага сада № 252 Мінска ў конкурсе “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі”. Для гэтага Андрэй Аляксандравіч ініцыіруе конкурсны рух у сваёй установе, падтрымлівае імкненне педагогаў удзельнічаць у розных раённых і гарадскіх мерапрыемствах, аказвае дапамогу маладым спецыялістам у прафесійным станаўленні праз арганізацыю настаўніцтва. Ва ўстанове праходзяць пасяджэнні раённых метадычных аб’яднанняў Кастрычніцкага раёна сталіцы.
— Шчаслівае дзяцінства — адна з самых вялікіх удач у жыцці чалавека. Жаданне рабіць шчаслівымі нашых дзяцей прывяло мяне ў шматгранны свет педагогікі. За 13 гадоў майго педагагічнага шляху я ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары! Калі сёння я назіраю за зладжанай работай маёй каманды, бачу радасныя, дапытлівыя вочы дзяцей, адчуваю свой удзел у іх сталенні і развіцці, разумею, што мая піраміда поспеху склалася, — падкрэслівае Андрэй Дзмітрук.
Источник: https://nastgaz.by