У сярэдняй школе № 1 Ліды на працягу 12 гадоў функцыянуюць ваенна-патрыятычныя класы пагранічнай накіраванасці
27.09.2024У мінулым навучальным годзе адбыўся 10-ы выпуск юных абаронцаў Айчыны. А ў гэтым да пасвячэння ў кадэты, якое
адбудзецца ў студзені, рыхтуюцца 24 вучні 10 класа. Затое ўжо з гонарам носяць форму пагранічнікаў 23 адзінаццацікласнікі.
— Ваенна-патрыятычныя класы нашай школы актыўна супрацоўнічаюць з Лідскім пагранічным атрадам і Інстытутам пагранічнай службы, — расказала намеснік дырэктара, настаўніца хіміі і класны кіраўнік мінулага, юбілейнага выпуску ваенна-патрыятычнага класа Ганна Гарасімчык. — На базе вайсковай часці 1234 праводзяцца ўрокі памяці і мужнасці, практычныя заняткі па агнявой, тактычнай і тапаграфічнай падрыхтоўцы, тэматычныя сустрэчы. Вучні знаёмяцца з асаблівасцямі ваеннай службы, гісторыяй пагранатрада, сустракаюцца з ветэранамі пагранслужбы і з тымі, хто сёння стаіць на варце рубяжоў Беларусі.
Будучыя абаронцы Айчыны з 1-й школы Ліды — актыўныя ўдзельнікі патрыятычных мерапрыемстваў, перамагаюць у конкурсах. Штогод прысутнічаюць на ўрачыстым прыняцці ваеннай прысягі маладымі вайскоўцамі, на днях адкрытых дзвярэй Лідскага пагранатрада, на прафарыентацыйных мерапрыемствах з запрашэннем прадстаўнікоў в/ч, ваенных УВА, выпускнікоў школы, якія з’яўляюцца курсантамі ці выпускнікамі ваенных устаноў. Старшакласнікі выязджаюць на экскурсіі па знакавых мясцінах, на пагранзаставы.
— Мінулай восенню нашы кадэты далучыліся да Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі, адправіліся на экскурсію "Па сцежках Лідскага партызанскага злучэння", якую распрацавалі па выніках даследчай дзейнасці сумесна з настаўніцай гісторыі Наталляй Ліханавай. Наведалі памятныя мясціны Лідскага і Іўеўскага раёна, звязаныя з партызанскім рухам нашага краю ў гады вайны, — паведаміла Г.Гарасімчык.
Пра кадэцкае жыццё класа расказвае школьны блог "Кадэцкі клуб", на старонках якога размешчаны тэксты, відэа- і фотаматэрыялы. Сабрана інфармацыя пра ўсе ваенна-патрыятычныя класы школы, іх выпускнікоў, а сёння курсантаў Інстытута пагранічнай службы, Ваеннай акадэміі і студэнтаў ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Тут ёсць інтэрактыўная карта "Даведнік па ваенных ВНУ Рэспублікі Беларусь".
Источник: https://t.me/nastgaz