РУС БЕЛ ENG 中文

Па мэтавым накіраванні: гісторыі маладых педагогаў са Слонімскага раёна, якія прыйшлі ў прафесію невыпадкова

17.09.2024

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з маладымі педагогамі са Слонімскага раёна, якія прыйшлі ў прафесію невыпадкова.

З падзякай да настаўнікаў

Карына Геваркян з сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма ўжо другі год выкладае англійскую мову ва ўстанове адукацыі, якую скончыла сама.

Карына Геваркян — чалавек, які з першых хвілін размовы пакарае сваёй харызмай, шчырасцю і зацікаўленас­цю настаўніцтвам. Толькі сапраўды захопленыя справай лю­дзі гавораць аб прафесіі з рэдкімі паўзамі ў размове і раз-пораз вяртаюцца да эпізодаў, якія падказваюць успаміны.

— З падзякай прыгадваю ўсіх сваіх школьных настаўнікаў. І шчыра жадаю кожнаму вучню сустрэць такога педагога, як мой класны кіраўнік у старшай школе Іна Мікалаеўна Старчанка. Менавіта са зносін з ёй і пачаўся мой шлях у прафесію. Спачатку гэта было жаданне стаць такой, як Іна Мікалаеўна. А сёння гэтае жаданне трансфармавалася ў мэту, да якой я ўпэўнена іду, — гаворыць малады спецыяліст.

Уваходзячы ў клас, яна нязменна нагадвае сабе, што тут павінна панаваць атмасфера безумоўнага даверу і адкрытасці, падмацаваных настаўніцкім аўтарытэтам.

— Хачу, каб, гаворачы пра школу, мае вучні па-добраму ўсміхаліся, як раблю гэта я, — уносіць важную рэмарку маладая настаўніца англійскай мовы.

Карына Геваркян упэўнена, што на шляху да прафесіі ў жыцці кожнага маладога чалавека здараюцца моманты сумненняў. Падчас вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы часам задавалася пытаннем, ці справіцца яна. І адказ на яго падказала само жыццё, а менавіта сустрэча падчас вытворчай практыкі з Жаннай Чаславаўнай Ясепчук з гімназіі № 2 Гродна, якая надала ўпэўненасці ў сабе. Не дае паддавацца сумненням і яе цяперашні настаўнік у роднай школе Слоніма Ірына Мікалаеўна Валюкевіч.

— У педагогіцы галоўнае — не проста навучыць дзіця, а ўбачыць у ім асобу і дапамагчы ёй раскрыцца. Гэта немагчыма без любові да дзяцей. Толькі гэтае пачуццё першапачаткова павінна весці ў нашу прафесію, — упэўнена малады спецыяліст.

Не першы год яна адточвае майстэрства выбудоўвання дыялогу са школьнікамі ў кругласутачных аздараўленчых лагерах. Не без гордасці настаўніца адзначае, што на пару з яшчэ адным маладым спецыялістам раёна яе атрад сёлета стаў лепшым на змене. Прычым Карына Геваркян шчыра пераканана, што такі фармат узаемадзеяння з дзецьмі абавязковы для кожнага пачынаючага педагога.

— У гэтым го­дзе мне даверылі класнае кіраўніц­тва. І як­раз тут вопыт работы ў лагерах вельмі дарэчы. Бо задача класнага, як і важатага, заключаецца ў тым, каб згурта­ваць дзіцячы калектыў і зрабіць яго сапраўднай камандай. Да таго ж гэта выдатная магчымасць папрактыкавацца ва ўзаемадзеянні з бацькамі, — дадае Карына Геваркян.

Яе настаўніцкі летапіс пачаўся нядаўна, але ўжо напаўняецца прыемнымі падзеямі. Чаго толькі вартая арыгінальнасць яе вучняў у дзень нараджэння маладога педагога. На кожным уроку ў гэты дзень яе чакаў сюрпрыз у выглядзе святочна аформленай дошкі і самаробных паштовак на настаўніцкім стале.

— Мне здавалася: усё, што я раб­лю, само сабой зразумела. А ў дзень нараджэння мае пяцікласнікі дзякавалі нават за цікавыя прэзентацыі да ўрокаў… Гэта не проста кранае, але і матывуе станавіцца лепшай. Да гэтага і імкнуся, — падзялілася суразмоўніца.

Дарэчы, класнай класнай для свайго першага набору Карына Геваркян сёлета настроена стаць для ўчарашніх пачаткоўцаў, якіх выпусціла яе першая настаўніца Таццяна Станіславаўна Зіміна. Гэты сімвалічны момант упэўнівае маладога спецыяліста ў тым, што ў яе ўсё атрымаецца.

Асаблівая грань педагогікі

Паліна Блахіна пасля заканчэння ў мінулым годзе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта пачала свой працоўны шлях у Слонімскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці і сёння цвёрда ўпэўнена, што выбрала правільны напрамак і не сыдзе з намечанага шляху.

— Дзеці — гэта неверагодная энергетыка, а выхавальнік — асаблівая грань педагогікі. Менавіта ён фарміруе падмурак ва ўспрыманні дзіцем далейшых у яго жыцці настаўнікаў. Таму ў сваіх выхаванцаў я імкнуся ства­рыць такое ўяўленне пра педагога, якое апісваецца словамі “душэўнасць”, “разважлівасць” і “цеплыня”, — гаворыць Паліна Блахіна.

Зразумела, у першы дзень работы яна пераступала парог дашкольнай установы з вялікім хваляваннем. Але з першых хвілін зразумела, што апынулася ў патрэбны час у патрэбным месцы — у калектыве неабыякавых і зацікаўленых людзей.

— Прынялі мяне вельмі цёпла і ветліва, а гэта мегаважна на старце. Вельмі ўдзячна свайму сённяшняму настаўніку Маргарыце Арсеньеўне Шышко — штогадовай удзельніцы міжнароднага навукова-практычнага семінара “Да­школьная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы” і пераможцы рэспуб­ліканскага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Разам з тым ведаю, што па параду і дапамогу магу звярнуцца да кожнага, — дадае Паліна Блахіна.

Падчас універсітэцкай практыкі яна працавала ў асноўным з выхаванцамі сярэдніх і старшых груп. А на старце свайго прафесійнага шляху не пабаялася пачаць работу з самымі маленькімі дашкольнікамі — з усіх прапанаваных кіраўніцтвам цэнтра варыянтаў выбрала ясельную групу.

— Найбольшыя хваляванні былі звязаны з магчымым недаверам з боку бацькоў з разраду “маладая — зна­чыць нявопытная”. Але сёння пра гэта і не ўспамінаю. Больш за тое, упэўнена, што ў мяне самыя лепшыя і дзеці, і іх мамы з татамі. Яны заўсёды адгукаюцца на просьбы і актыўна далучаюцца да ўсіх нашых сумесных праектаў, — расказвае выхавальніца.

Пра тое, з якой лёгкасцю яна знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці, сведчыць прыклад, які прывяла загадчыца дашкольнай установы Ларыса Ягаўдзік:

— Пасля некалькіх дзён работы адаптацыйнай пляцоўкі для будучых дашкалят бацькі падыходзілі з просьбай аб залічэнні ў групу Паліны Ігараўны. І яшчэ хачу дадаць: любыя дакладна пабудаваныя з метадычнага пункту гледжання заняткі могуць быць, як кажуць, міма, калі праводзяцца не ад душы. У выпадку з нашым маладым спецыялістам усё ідзе ад душы і таму пападае ў самае сэрца малышоў.

Нельга не адзначыць, што сёлета Паліна Блахіна стала дыпламантам раённага конкурсу “Педагагічны дэбют” і спыняцца на гэтым не плануе.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: