Перамогі ў энергазберагальных праектах дазволілі зарабіць дзятлаўскай школе № 3 больш за 80 тыс. рублёў
09.09.2024Дзякуючы перамогам у этапах XVII Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, творчы калектыў педагогаў сярэдняй школы № 3 імя І.Ю.Філідовіча Дзятлава сёлета зарабіў больш за 80 тысяч рублёў для сваёй установы адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Невыпадковая ідэя
Настаўніца матэматыкі Кацярына Латушка, дырэктар установы адукацыі Іван Кібінь і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель
Значная фінансавая падтрымка дапаможа і далей рухацца ў лепшых традыцыях эканоміі рэсурсаў і яшчэ больш актыўна дзяліцца такімі ідэямі з іншымі.
— Сутнасць нашага праекта — звярнуць увагу педагогаў, дзяцей і іх бацькоў на прынцыпы энергазберажэння. Ідэя нарадзілася не раптоўна і выношвалася задоўга да паспяховага старту ў “Энергамарафоне-2024”. Да конкурсу проста сістэматызавалі вопыт работы ў гэтым кірунку. Для нагляднасці скажу толькі, што каля чатырох гадоў у нас дзейнічае коўч-цэнтр, членамі якога з’яўляюцца вучні педагагічнага профілю. Менавіта яны часта выступаюць ініцыятарамі розных конкурсаў і выставаў, па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” знаёмяць аднагодкаў з элементарнымі паняццямі энергазберажэння, — падзялілася адна з аўтараў праекта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель.
Разам з ёй над стварэннем пераможнага праекта працавала настаўніца матэматыкі Кацярына Латушка — стваральнік аднайменнага з праектам сайта “Школа “#ЭКАНОМіЯ”. Дзякуючы інфармацыйнаму рэсурсу, ужо больш за год назапашаныя педагагічным калектывам матэрыялы добра структураваны для ўсіх зацікаўленых — дзяцей, бацькоў і педагогаў. Гэта падборкі мультфільмаў і ролікаў на тэму беражлівага выкарыстання рэсурсаў, крыжаванкі, гульні, а таксама распрацоўкі мерапрыемстваў, дыдактычныя матэрыялы. — Гэтая інфармацыя карыстаецца папулярнасцю ў навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, а таксама калег з іншых устаноў адукацыі. Больш за тое, ідэі захавання энергарэсурсаў мы актыўна трансліруем у сацыяльных сетках. У Telegram-канале, напрыклад, запускаем тэматычныя акцыі, чэленджы, марафоны, да якіх далучаюцца не толькі навучэнцы, іх бацькі, педагогі, але і іншыя неабыякавыя да праблемы захавання прыродных рэсурсаў людзі, — гаворыць Кацярына Латушка. |
Інфармацыйны блог “Школа “#ЭКОНОМіЯ” |
Актыўна супрацоўнічаюць педагогі ўстановы адукацыі і з рэдакцыяй раённай газеты. Расказваюць на старонках перыёдыкі аб праведзенай рабоце па энергазберажэнні, тым самым садзейнічаючы фарміраванню эканомных паводзін у жыхароў горада і раёна.
На карысць роднай школы
Дарэчы, пра энергаберажлівую школу Дзятлава даўно ведаюць у вобласці і краіне. Зімой установа адукацыі стала пераможцай абласнога этапу XVII Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” і ўладальніцай гранта ў 25 тысяч рублёў. А ўжо вясной праект быў адзначаны на рэспубліканскім этапе спецпрызам у 60 тысяч рублёў.
— Да канца каляндарнага года плануем арганізаваць падсветку будынка школы і асвятленне яе тэрыторыі ў лепшых традыцыях энергаэфектыўнасці. Забягаючы наперад, магу сказаць, напрыклад, што на прышкольнай тэрыторыі з’явіцца некалькі дзясяткаў лямп на сонечных батарэях. Да новага навучальнага года, зноў жа дзякуючы прызавым бонусам, частку лямп у вучэбных класах замянілі на новыя, абнавілі ўваходныя дзверы, — расказаў дырэктар установы адукацыі Іван Кібінь.
Ён таксама дадаў, што перамога ў “Энергамарафоне” — заслуга ўсяго школьнага калектыву. Дзякуючы станоўчаму вопыту настаўнікаў-прадметнікаў, гэтая работа пастаўлена на надзейныя рэйкі. Традыцыйнымі для ўстановы сталі тэматычныя бінарныя ўрокі, напрыклад, фізіка — геаграфія, хімія — матэматыка, якія дапамагаюць глыбей спасцігнуць праблемы ашчадных адносін да навакольнага асяроддзя і эканоміі рэсурсаў. Распрацавана шмат цікавых інтэрактыўных форм работы, якімі рэгулярна папаўняецца створаны інфармацыйны рэсурс.
Творчы тандэм
А кіруюць гэтай творчай камандай Марыя Шавель і Кацярына Латушка — педагогі, улюбёныя ў сваю справу і паспяховыя ў многіх напрамках работы. У мінулым годзе, напрыклад, не звязаны з тэмай рэсурсазберажэння вопыт работы і распрацоўкі гэтых педагогаў былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.
— Кацярына Валер’еўна з Вензавецкай сярэдняй школы перайшла да нас працаваць у 2021 годзе, і ў нас адразу склаўся творчы тандэм, — адзначае Марыя Шавель.
Дарэчы, свой шлях у педагогіцы суразмоўніца пачала 21 год назад. Як гэта нярэдка бывае, захапіла прафесіяй Марыю Мікалаеўну маці, працоўная біяграфія якой заўсёды была звязана з прафесійна-тэхнічным вучылішчам у Дзятлаўскім раёне.
Шлях жа настаўніцы матэматыкі Кацярыны Латушка ў прафесію больш падобны не на прамую, а на ламаную. Пасля заканчэння школы паступіла на эканамічную спецыяльнасць, але пасля першай вытворчай практыкі ў банку зразумела, што гэта не яе кірунак.
— Школа — гэта месца, дзе ёсць магчымасць значна большага творчага развіцця і самасцвярджэння. А для мяне гэта важна. Не пашкадавала, што пасля атрымання вышэйшай эканамічнай адукацыі па парадзе Ганны Іванаўны Франюк, дырэктара Вензавецкай сярэдняй школы, куды першапачаткова прыйшла працаваць справаводам, прайшла перападрыхтоўку і пераступіла парог гэтай установы адукацыі ў якасці настаўніцы. Больш за дзесяць гадоў адчуваю сябе ў педагогіцы сапраўды на сваім месцы, — дадала Кацярына Валер’еўна.
Праца на вынік
Ганарацца педагогі і распрацаваным і рэалізаваным у школе праектам, яго эфектыўнасцю па многіх пытаннях. Напрыклад, уцяпленне фасада будынка школы, замена вокнаў, міжпакаёвых дзвярэй, лямп на энергазберагальныя, што толькі за 2023 год дазволіла ўстанове зберагчы 1000 рублёў на аплаце за ацяпленне і асвятленне.
Да таго ж паказчыкам эфектыўнасці створанай сістэмы па рэалізацыі прынцыпу “#ЭКАНОМіЯ”, своеасаблівым укладам калектыву ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, не першы год з’яўляюцца вынікі ўступнай кампаніі. Выпускнікі 3-й школы Дзятлава стабільна выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці. Так, у 2023 годзе 12 навучэнцаў (27,9%) сталі студэнтамі тэхнічных УВА краіны, а ў 2022 годзе такіх было 14 (36,8%).
— Сваю ролю, магчыма, тут адыграла тое, што адным з момантаў у знаёмстве з ідэямі эфектыўнага спажывання рэсурсаў у нас з’яўляецца актыўная экскурсійная дзейнасць. Мы часта бываем на вытворчых прадпрыемствах раёна, — аналізуе прыведзеныя вышэй лічбы Марыя Шавель.
Зрэшты, сёлета адна з выпускніц паступіла ў БДТУ для атрымання спецыяльнасці “Інжынер-эколаг”, і ідэі з паметкай “эка”, якія шырока трансліраваліся ў школе, напрамую паўплывалі на яе выбар прафесійнага шляху.
***
Віртуальны энергакейс “ЭКОНОМіЯ+” |
Нараўне з тэматычным сайтам у сярэдняй школе № 3 імя І.Ю.Філідовіча Дзятлава стварылі віртуальны энергакейс “Эканомія+”, дзе прадстаўлены тэматычныя метадычныя распрацоўкі педагогаў установы адукацыі. Настаўнікі пачатковых класаў, напрыклад, распрацавалі інтэрактыўны кейс-book “ЭнергаПОШУК” — комплекс аўтарскіх дыдактычных картак з тэматычнымі малюнкамі і заданнямі. Настаўнікі-прадметнікі II і III ступені адукацыі практыкуюць правядзенне бінарных урокаў. Так, на ўроку па вучэбных прадметах “Матэматыка” і “Хімія” па тэме “Працэсы гарэння як крыніца энергіі. Знаходжанне найменшага агульнага кратнага” сямікласнікі з Дзятлава пры дапамозе рашэння задач атрымліваюць практычныя навыкі зберажэння рэсурсаў і энергіі. Аналагічным чынам да энергаэфектыўных высноў прыходзяць і адзінаццацікласнікі падчас бінарных урокаў па фізіцы і геаграфіі на тэму “Вытворчасць, перадача і спажыванне электрычнай энергіі. Экалагічныя праблемы”. |
Настаўнікі англійскай мовы распрацавалі заданні і практыкаванні па пытаннях энергазберажэння з прымяненнем платформы LearningApps.
Азнаёміцца са згаданымі распрацоўкамі могуць і нашы чытачы. Для гэтага дастаткова перайсці па прыведзеным QR-кодзе.
Источник: https://nastgaz.by